Удзельніку тэлеграм-канала "Армія з народам" Сяргею Коршуну прад'явілі абвінавачванне
Затрыманаму ўдзельніку тэлеграм-канала “Армія з народам” Сяргею Коршуну прад’яўлена абвінавачванне па частцы 1 і частцы 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Пра гэта “Вясне” паведамілі сваякі затрыманага.
ч.1 арт. 342 КК РБ. Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства. Караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. ч.2. арт. 342 КК РБ. Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а роўна фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства. Караюцца арыштам або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў. |
Пятага жніўня ў доме сястры Коршуна прайшоў вобшук. Былі выняты два ноўтбукі, стары планшэт і тэлефон. Вобшук таксама праходзіць на лецішчы сям’і, дзе знаходзіцца маці Сяргея.
Сяргей Коршун напрацягу дзесяці гадоў служыў у міліцыі. Прыкладна дзесяць гадоў таму сышоў па ўласным жаданні ў званні капітана.
Ён быў затрыманы 21 ліпеня і змешчаны пад варту з межах справы па арт. 342 КК РБ па падзеях 29 траўня ў Гродне, па якой таксама праходзяць блогер Сяргей Ціханоўскі, палітык Мікалай Статкевіч і яшчэ як мінімум 20 чалавек. Акрамя Коршуна ў той дзень былі затрыманы іншыя ўдзельнікі тэлеграм-канала “Армія з народам” Алена Колікава і Сяргея Лук’янаў. Праз тры дні яны выйшлі на волю ў статусе падазраваных па справе.
Алена Колікава чула, як супрацоўнікі ГУБАЗіК аказвалі ціск на Коршуна пад пагрозай таго, што забяруць у яго дзяцей.