viasna on patreon

Забароны на фатаграфаванне выбаршчыкамі атрыманага імі бюлетэня заканадаўствам не прадугледжана

2020 2020-08-02T14:43:56+0300 2020-08-03T11:52:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kl_logo.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары”.

Мінск, 2 жніўня 2020 г.

У сувязі з пачаткам трансляцыі па дзяржаўным тэлебачанні інфармацыйных ролікаў аб маючых адбыцца 9 жніўня 2020 г. выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі кампаніі незалежнага назірання за выбарамі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаюць наступнае.

У інфармацыйных роліках аб маючых адбыцца выбарах разам з растлумачэннямі аб правілах галасавання і магчымасці прыняць удзел у датэрміновым галасаванні ўтрымліваецца інфармацыя аб тым, што дзеючым выбарчым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжваецца фатаграфаванне выбаршчыкамі атрыманых імі выбарчых бюлетэняў і перадача фотаздымкаў трэцім асобам.

Такога кшталту інфармацыія на практыцы можа прывесці да няправільнага разумення правоў і абавязкаў выбаршчыкаў з боку арганізатараў выбараў і прадстаўнікоў праваахоўных органаў, прывесці да непрадугледжаных законам абмежаванняў правоў грамадзян.

У сувязі з гэтым эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” у чарговы раз адзначаюць, што нормамі дзеючага выбарчага заканадаўства не ўстаноўлена забароны на фатаграфаванне выбаршчыкам атрыманага ім выбарчага бюлетэня, а роўна і на іншыя дзеянні з бюлетэнямі (пашкоджанне, знішчэнне ці вынас з выбарчага ўчастка). 

Таксама выбарчае заканадаўства не прадугледжвае ніякіх забаронаў на добраахвотную  перадачу выбаршчыкам фотаздымкаў выбарчага бюлетэня (у тым ліку з адзнакай за канкрэтнага кандыдата) трэцім асобам. Дадзеныя дзеянні не цягнуць за сабой адказнасць за парушэнне выбарчага заканадаўства пры правядзенні выбараў (арт. 49 ВК, арт. 191, 192 КК, арт. 9.10 КоАП).

Адпаведна ўсялякія патрабаванні аб спыненні дадзеных дзеянняў выбаршчыкаў з боку сябраў выбарчых камісій, супрацоўнікаў міліцыі, іншых асобаў, будуць насіць заведама незаконны характар.

Таксама нагадваем, што ўдзел у датэрміновым галасаванні з’яўляецца правам, а не абавязкам грамадзяніна. Удзел у выбарах носіць добраахвотны характар: выбаршчык сам вырашае ці прымаць яму ўдзел у галасаванні. Калі выбаршчыкі не знаходзяцца па месцы свайго пражывання і не могуць наведаць участак у асноўны дзень выбараў, яны могуць прагаласаваць у любы з пяці дзён датэрміновага галасавання.

Кантроль, прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, як і ў выбарах у цэлым, з’яўляецца парушэннем закона і цягне адпаведную адказнасць.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства