Палітвязня Дзмітрыя Фурманава, сваякі якога галадаюць каля СІЗА, перавялі ў Жодзіна
На падставе рашэння следчага палітычнага зняволенага Дзмітрыя Фурманава перавялі з мінскага СІЗА-1 у следчы ізалятар у Жодзіна. Пра гэта бацькам Фурманава паведамілі ў СІЗА-1.
У нядзелю 26 ліпеня сваякі палітвязня – маці Вольга Фурманава і яго дзяўчына Вольга Каракіна – абвясцілі бестэрміновую галадоўку каля будынку СІЗА№1 з патрабаваннем вызваліць Дзмітрыя. Акрамя гэтага, яны патрабуюць вызвалення людзей, якія незаконна ўтрымліваюцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, і спынення крымінальных справаў па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Цягам трох сутак з пачатку галадоўкі ні міліцыя, ні прадстаўнікі ўлады ніяк не рэагавалі на галадоўнікаў.
Пасля навіны аб пераводзе Дзмітрыя ў Жодзіна, яго бацькі вырашылі туды паехаць, каб даведацца пра падрабязнасці.
Сваякі Дзмітрыя Фурманава абвясцілі галадоўку
Нагадаем, што Дзмітрый Фурманаў быў затрыманы 29 траўня падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты Святланы Ціханоўскай. Калі адбыўся інцыдэнт з міліцыянтам, пасля якога пачаліся затрыманні людзей з натоўпа, Дзмітрый сядзеў за сталом і працягваў збіраць подпісы. Затым да яго прыбеглі амапаўцы, схапілі пад рукі і пацягнулі праз сквер у машыну на вачах у яго бацькоў, якія таксама былі на пікеце.
Дзмітрыю Фурманаву прад’явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітычным зняволеным, а міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International – вязнем сумлення.