viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXIV. ПАЎЛАВІЧ-2. МІСЯ

2020 2020-06-23T12:40:36+0300 2020-06-23T20:18:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kontroler.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

ПАЎЛАВІЧ-2

Пра сваю крымінальную справу Паўлавіч распавядаў асьцярожна. Вінаватым ён сябе не прызнаваў. Справа датычылася пакупкі абсталяваньня на вайсковыя аэрадромы для больш бясьпечнай пасадкі і ўзьлёту самалётаў. Генерала абвінавачвалі ў тым, што ён атрымаў хабар за закупку абсталяваньня з завода ў Чэлябінску праз свайго сябру. Ягоны чалябінскі  аднакласьнік, расійскі грамадзянін Андрэй Машкаўцан сядзеў недзе на першым паверсе СІЗА ў перапоўненай камеры.

Паўлавіч распавядаў, што Андрэй прыляцеў да яго ў Менск, яны зайшлі ў банк, каб той зьняў даляры і памяняў іх на беларускія рублі. І вось толькі ён іх атрымаў, як у банк заляцелі маскі-шоў, павалілі абодвух на дол, рублі і даляры – некалькі тысячаў, разьляцеліся па падлозе веерам. Людзі, якія былі ў банку, ледзь там не паўсікваліся, думалі мабыць, што рабунак.

Так яны і апынуліся разам на Валадарцы. Са справы вынікала, што некалькі месяцаў іхнія тэлефонныя размовы праслухоўваліся. Кажуць жа, што ўсю вершаліну беларускай ўлады ўважліва слухае КДБ, зьбірае кампрамат.

Ягоны падзельнік таксама віну не прызнае. Ніякіх доказаў, акрамя гэтых праслушак з туманнымі дыялогамі, не было. Адзінае, што было, дык гэта “наседка”. У першы дзень пасьля затрыманьня да Паўлавіча ў камеру засялілі былога мянта, якога прывезьлі з калоніі на перасуд. Той быў нядрэнным псіхолагам і здолеў разгаварыць генерала ў першыя бяссонныя ночы. Што ўжо ён наплёў, ня ведаю, але калі Паўлавіч пачаў знаёміцца з свай справай, усе гэтыя размовы запісаныя на праслушку і падцьверджаныя “наседкай”, апынуліся ў ёй.

Вось таму, мабыць, ужо ў нашай “хаце”, Паўлавіч некалькі разоў падрабязна распавядаў пра гэтага “суседа” і выразна прагаворваў, што ўсё, што ён сказаў тады ў камеры пасьля арышту, было ягоным трызьненьнем, прамоўленым у стрэсавым стане. Я разумеў, што нагаворваў гэта ён для Валодзі і для праслушкі. Але як гэта магло дапамагчы ягонай справе.

“Нашто манапалісту даваць мне хабар, – абураўся ён, – такое абсталяванне для краінаў СНГ робіць толькі гэты завод”.

Ігар з лёгкай зайздрасьцю распавядае, як сядзяць у расійскіх СІЗА: за грошы кантралёры носяць толькі як згатаваную ежу, у камерах амаль легальна ходзяць сотавыя тэлефоны, адвакаты да затрыманых праносяць амаль усё. Адкуль толькі ён нахапаўся гэтых ведаў.

Калі праходзіць праверка і ў “хату” зазірае начальнік зьмены, Ігар не ўстае, застаецца сядзець, заўваг яму ня робіць. Калі ж заходзіць палкоўнік Варыкаш, тады Ігар неахвотна ўздымаецца, распрамляе сваё згорбленае высокае цела, гэтак жа ж, як і мы, ні на што ня скардзіцца.

Увечары глядзім нейкі фільмец, не пасьпяваем даглядзець да адбою. Вячэрні агляд у 20 гадзінаў, адбой – у 22.00. На прадоле зьвініць званок – значыць праз пару хвілінаў у камерах адключаць электрычнасьць. А нам хочацца дазнацца, чым жа закончыцца чарговая серыя расійскага крымінальнага серыялу. Падпіхваем Ігара, і ён грукае ў “кармушку”, кліча прадольнага. Кантралёры ведаюць, што ён генерал, і паважаюць. Падыходзіць маладзенькая дзяўчынка з густым белым хвастом валасоў пад берэткаю. Ігар зьвяртаецца да яе:

– Дзевушка, дзевушка, можна яшчэ хвілінаў дваццаць нам разеткі не выключаць?

Яна адказвае тонкім галаском:

– Я ня дзевушка. Я – дзяжурны кантралёр!

Мы не ўтрымліваемся і ціха рагочам.

Дык як наконт электрычнасьці, – сагнуўшыся крукам перад “кармушкаю” працягвае дапытвацца Ігар.

– Заўважаць, што я вам дазволіла, і сашлюць мяне служыць у Воўчыя Норы, адказвае дзяўчына. Але ўрэшце ўсё ж саступае, і мы даглядаем фільм.

Паўлавіч са здзіўленьнем і прыкрасьцю распавядае, што большасьць знаёмых на волі перастала вітацца з жонкаю, робяць выгляд, што не пазнаюць. З ціхім гонарам гаворыць пра тое, што некаторыя афіцэры, якія служылі разам зь ім, падпісалі калектыўны ліст да міністра ў ягоную абарону. Было нават два такіх лісты, і хоць быў ціск на падпісантаў, але ніхто сваіх подпісаў назад не адклікаў.

Падчас прагулкі ён распавядае мне пра тое, што яму піша Валянціна, маці  вязьня-анархіста Ігара Аліневіча. Яго дзівіць, што яму піша незнаёмы чалавек, спачувае і падтрымлівае маральна. Гэта выклікае ў яго невядомае дасюль пачуцьцё ўдзячнасьці за бескарысьлівую салідарнасьць.

Таксама распавядае, што пасьля таго, як патрапіў у турму, зьмяніліся адносіны з жонкаю. Яна пастаянна клапаціцца пра яго, ходзіць па розных інстанцыях, па кабінетах, перадае клапатліва сабраныя перадачкі, а ён часта піша ёй лісты і згадвае як пра адзінага чалавека, на якога зараз ён можа без хістаньняў абаперціся.

У камеры Ігар гучна распавядае пра тое, што пачаў будаваць пад Менскам дом, і як выйдзе адсюль, дабудуе яго і выгодна прадасьць. І што грошы, якія ён атрымаў ад Машкаўцана, гэта, акурат, пазыка на пабудову дома. Гэтая версія прагучыць ад яго і на судзе.

Яшчэ Паўлавіч у СІЗА пачаў чытаць “Народную Волю”. Асабліва падабаюцца яму перадавіцы Сьвятланы Калінкінай. Чытае ледзь не ўслых і захапляецца: “Разумная жанчына”.

“Я знаёмы зь ёй”, кажу я яму. Ён з павагай паглядае на мяне.

Тут, у СІЗА, ён перасякаўся пэўны час з Эдзікам Лобавым, палітзьняволеным, затрыманым напярэдадні выбараў разам са Зьміцерам Дашкевічам. Добра згадвае пра яго, кажа – хоць і малады, зялёны яшчэ, але цьвёрды духам і ідэйны.

Я яшчэ ня ведаю, што Валянціну Аліневіч, Марыну Лобаву, маці Эдзіка, і маю жонку пасябруе агульная бяда, і яны будуць падтрымліваць адна адную ўсе наступныя гады.

МІСЯ

Аднойчы ўвечары, перад самым адбоем, зазьвінеў ключ, адчыніліся акаваныя тоўстай бляхай дзьверы, і ў камеру мехам ўваліўся, з матрацам у абярэймах, пузаты невысокі чалавечак гадоў шасьцідзесяці. Рэдкія чорныя валасы былі ўскудлачаныя, погляд разсеяны, скура на твары была бледнага аліўкавага колеру. Яго літаральна ўпіхнулі да нас. Мы з цікавасьцю паглядалі на новага “пасажыра”. Ён зайшоў і зьнерухомеў, не кажучы ні слова, затым захістаўся. Саня, чыя шконка была бліжэйшай да “тармазоў”, пераняў ягоны матрац і пасадзіў новенькага на нару. Той соп і хапаў ротам паветра, як выкінутая на бераг рыба.

– Як завуць? – запытаўся Саня.

– Міся, ледзь разьляпіўшы сінія вусны, адказаў той.

– Калі затрымалі? – ізноў пацікавіўся Саня.

Міся паспрабаваў адказаць, але мы не зразумелі ні слова, бо гаварыў ён на нейкай іншай мове. Я прыслухаўся, мне падалося, што па-румынску.

“Можа замежнік нейкі”, – падумаў я, паглядаючы на яго з свайго шканара.

Але прыўстаў Паўлавіч, узяў свой кубак, набраў у яго вады, даў Місю папіць і пачаў таго супакойваць. Размаўляў зь ім, як са знаёмым чалавекам, назваў сябе. Міся ўрэшце здолеў засяродзіцца на Ігары, погляд яго праясьніўся, і ён загаварыў па-руску.

Мішу затрымалі сёньня зранку, удзень дапытвалі, а ўвечары закінулі да нас. Яшчэ раніцай ён піў гарбату ўдома. Міша – адстаўнік, былы начальнік медсанбату, таму і ведае яго Паўлавіч, сустракаліся раней за нейкім вайсковым сьвяточным сталом. Да сёньняшняга дня працаваў у гарвыканкаме ў Камітэце па ахове здароўя, нёс хабар нейкаму начальнічку, быў затрыманы проста з грашыма. 

– Колькі бабла нёс? – пытаецца Валодзя.

– Дваццаць тысяч долараў, ледзь варочаючы языком адказвае Міша.

На сёньня роспытаў хопіць. Саня паказвае Мішу вольны шканар над сабой, Паўлавіч рассцілае яму матрац, запраўляе просьціну. Няўклюдны, тоўсты Міша ледзь узьбіраецца на гару і заціхае. Спаць мы будзем зь Мішам галава ў галаву.

Назаўтра я запытаўся ў Мішы, хто ён па нацыянальнасьці.

“Малдаванін”, – адказаў Міша.

Ад стрэсу, калі яго прывялі ў камеру, ён забыўся на рускую мову і напачатку адказваў нам па-свойму.

За пару дзён Міша ачомаўся. На допыты яго не выклікалі, мабыць, і так ўсё сказаў, што ведаў. Хутка жонка перадала яму перадачу і ўсё самае неабходнае на першы час. У Мішы выявілася адна непрымная ўласьцівасьць: калі ён засыпаў, дык пачынаў вельмі гучна храпсьці. Асабліва даставалася мне, але ў невялікай камеры іншыя таксама не маглі схавацца ад магутнага Мішынага храпу. І вось адбой, Міша захрапеў. Я закінуў руку за галаву і патармасіў яго за плячо. Міша заціх, але праз некалькі хвілінаў ізноў пачаў храпець. Незадаволена завазіўся Саня, які спаў пад Мішам. Урэшце падхапіўся, пабудзіў храпуна: “Міша, прекаращай!”

Той замоўк на нейкі час, а потым ізноў – моцны храп.

“Тух”! Адчуўся нечаканы моцны ўдар па жалезных палосах Мішавай шконкі зьнізу. Гэта Саня засадзіў нагой так, што затрэсьліся ўсе нашыя нары, звараныя паміж сабой. Я падскочыў, а Мішу аж падкінула. Мат-перамат панёсься ад Сані:

“Кладзіся на бок! І ня дай Бог будзеш яшчэ храпсьці!”

Храп у Мішы адразу зьнік. Усе наступныя ночы мы спалі спакойна. Праз тыдзень у Мішы нечакана падняўся ціск, ён пачырванеў, асалавеў, заціх. Паўлавіч выклікаў дзяжурнага па паверху, той – санітара. Памералі ціск і забралі Мішу на бальнічку.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXIII. ПАЎЛАВІЧ

Цёмнавалосы, з адбеленым за месяцы бяз сонца і сьвежага паветра тварам, коратка падстрыжаны вожыкам, з акуратнымі вусамі, у трэніках і масьцерцы, згорблены, бо няма дзе разьвярнуцца ў цесным камерным катуху, а можа і ад цяжару турботаў, дзесьці маіх гадоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства