Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXIII. ПАЎЛАВІЧ
Як толькі я патрапіў у “хату” №15, яшчэ пры першым знаёмстве зьвярнуў увагу на свайго ніжняга суседа па шканары.
“Ігар”, – назваўся ён.
Цёмнавалосы, з адбеленым за месяцы бяз сонца і сьвежага паветра тварам, коратка падстрыжаны вожыкам, з акуратнымі вусамі, у трэніках і масьцерцы, згорблены, бо няма дзе разьвярнуцца ў цесным камерным катуху, а можа і ад цяжару турботаў, дзесьці маіх гадоў. На першы погляд ён выглядаў моцна прыбітым жыцьцём чалавекам. Сукамернікі зьвярталіся да яго на Вы, хоць тут гэтак не прынята, бо “у турме ўсе роўныя”.
Паўлавіч, так клікалі яго па бацьку, на волі быў цэлым генерал-маёрам, камандуючым ваенна-паветранымі сіламі і супрацьпаветранай абаронай Беларусі, начальнікам над усімі самалётамі і ракетамі. Сядзеў ён з канца 2010 году, патрапіў у СІЗА як раз перад Плошчай, затрымалі яго як быццам бы за хабар. Гадзінамі ён маўчаў, ляжаў, падкурчыўшы ногі, бо нара была малая для яго росту, амаль штодзень пісаў скаргі і хадайніцтвы, спрабуючы аблегчыць сваю долю.
Бацькі Ігара былі беларусамі, і сам ён лічыў сябе беларусам, хоць і рос ў Расіі. Нарадзіўся ў Чалябінску, там жа скончыў школу, далей у Расіі –ваенную авіяцыйную вучэльню, служыў перад развалам Савецкага Саюзу ў Літве, затым у Беларусі. Калі ўтварылася беларускае войска, вучыўся ў расійскай вайсковай акадэміі, затым працягнуў службу ў нас. Ізноў паслалі яго ўжо з беларускага войска вучыцца ў акадэмію генштаба Расіі, і ў 42 гады ён даслужыўся да генерала. Зь ім у мяне былі зацятыя спрэчкі наконт беларушчыны і будучага Беларусі.
– Прадукт лукашызму! – у запале спрэчкі крычаў я яму.
– Ну ты, Алесь, і нацыяналіст! – ў адказ крычаў генерал.
Спрэчкі нашыя былі старыя як сьвет і вяліся вакол найважнейшага пытаньня – незалежнасьці Беларусі. Якраз тады Мядзьведзеў, Лукашэнка і Назарбаеў падпісвалі дэклярацыю аб эканамічнай інтэграцыі.
– Здае незалежнасьць, гад, – з горыччу казаў я. – Разумею, што Казахстану няма куды дзявацца: Туркменістан, Узбекістан, Кыргызстан, Кітай – на поўдні і на ўсходзе яго суседзі. Для іх уся еўрапейская цывілізацыя праз Расію ідзе, усе шляхі, хоць зараз і гэта не праблема. Грузія паказала, як можна абыйсьціся і без рускай мовы, і без Расіі. Праз нейтральную англійскую ім адчыніўся ўвесь сьвет. А нам на халеры патрэбны ўвесь гэты расійскі бардак? Зусім побач, на захадзе ўжо пачынаецца сапраўдная Еўропа, і, што надзвычай важна, Ігар Паўлавіч, у нашай сітуацыі, незалежныя суды!
Ігар, як мабыць і ўсе нашыя генералы, без Расіі ўвогуле ня бачыць будучыні Беларусі. Еўропа для яго – гэта неабароненасьць годнасьці кожнага грамадзяніна, а НАТА – патэнцыйны агрэсар. Беларуская ж дзяржаўнасьць – хутчэй гістарычны казус. Гэта злуе мяне. Ігар дзесьці і тэатральна, з улікам таго, што Валодзя прыкладае вуха да нашых дыскусіяў, падхвальвае Лукашэнку. Што да свайго галоўнакамандуючага, Ігар імкнецца быць падкрэсьлена лаяльным.
– Які пахан, такія і генералы! — саркастычна адзначаю я.
Мне ні дзеля Валодзі, ні дзеля праслушкі хваліць Луку не выпадае.
– Вам толькі сьвісьне Крэмль, прапануе расійскія армейскія аклады, як вы адразу ўсю Беларусь са шлоньнем здасьцё! Пацешнае войска, маць вашу так!
Паўлавіч пытаецца, ці я служыў.
– Служыў, – адказваю, – паўтары гады. Спачатку “за”, а потым “пад” Сьвярдлоўскам. Пад канец службы ледзь не патрапіў на афіцэрскія курсы ў вучэбку ў Чэбаркуль, каля твайго Чалябінску.
Паўлавіч матляе галавой: ведае ён, дзе гэты Чэбаркуль.
– Ледзь адкруціўся і выйшаў з войска радавым. З чыстымі пагонамі і чыстым сумленьнем, – сьмяюся я.
Дрымучае русафільства ў Ігара суседнічае з нечаканым для мяне патрыятызмам. Распавядае, як на экскурсіі ў Вільні паспрачаўся з экскурсаводкай, якая назвала Вялікае княства Літоўскае дзяржавай літоўцаў, і доўга даказваў ёй, што беларусы там былі далёка не апошнія, ды і ўвогуле літоўцы вымушаныя былі пісаць па-беларуску, бо ня мелі сваёй пісьмовасьці.
– Каб ты так маскалям расказваў пра Аршанскую бітву, – падколваю яго я.
Паўлавіч ня глупы, умее слухаць, і я пастаянна гружу яго разнастайнай беларускай фактурай. Урэшце, ад мяне ён вучыцца і беларускай мовы.
– Я ж з табой, Паўлавіч, размаўляю як з дзіцём неразумным, – цьвялюся зь яго я, – кажу павольна, без надта складаных слоў, прывыкай.
Зьмену жыцьцёвых варункаў Ігар перажываў цяжка. Можна зразумець. Толькі як камандаваў усімі самалётамі і СПА, тысячы чалавек былі ў падпарадкаваньні, цяжкая і адказная служба была для яго галаўней за ўсё, а за хвіліну стаў “галімым зэкам”. Разважаў:
“Мабыць занадта рана стаў генералам і камандуючым. Па маёй сьпецыяльнасьці гэта – вышэйшая пасада, далей ужо няма куды расьці. Чатыры гады ўжо камандуючым праслужыў, разслабіўся”.
Ад яго навучыўся я працаваць з паперамі, калі рыхтаваўся да суда. У Паўлавіча, старога штабіста, усё было расьпісана да апошняй літары. Кожны дзень ён мадзеў над дакументамі: скаргі, звароты, атрыманыя на іх адказы. Ён пісаў іх дзясяткамі, як штабныя загады і распараджэньні на службе. Пасьля абеду, звычайна, мы сьпім, адпачываем, а Паўлавіч сядзіць за “абшчаком”, нешта піша. Вір папераў у яго быў пастаянны, і сядзеў ён за імі па некалькі гадзінаў штодзень.
Я ж першыя месяцы да сваіх папер амаль не дакранаўся – ня бачыў сэнсу. Усе скаргі па маёй справе прафесійна пісаў адвакат: на зьмену меры ўтрыманьня, на абвінавачваньне і гэтак далей. І ўсе яны, як і трэба было чакаць, сканчаліся нічым. Адзінае, што да суда я напісаў, дык гэта прозьбу забясьпечыць мяне крымінальным і крымінальна-працэсуальным кодэксамі на беларускай мове. На гэта мне адказалі, што я маю магчымасьць атрымаць кампутарны аўтаматычны пераклад з прававой базы, якая ёсьць у СІЗА… Фарысеі! Ні да опера ж мне было ісьці, прасіць гэтыя калдырныя гуглаўскія пераклады.
Перад судом я ўзяў з Паўлавіча прыклад і ўзяўся за розум: закінуў ангельскую, якую тут падвучваў штодзённа, кінуў чытаньне кніжак і два тыдні рыхтаваўся з дня ў дзень: пакуль усе матэрыялы справы, усе мае аргументы і магчымыя выпады пракурорскага не ляглі ў ясную для мяне схему.
За “абшчак” я не спускаўся, днямі ляжаў на сваёй “пальме” і крэмзаў асадкай у сшытку, а перад самым судом перапісаў усе свае зацемкі і апошняе слова на чыстыя аркушы, седзячы ўжо за сталом.
Яшчэ зусім нечакана дапамог ён мне ўважлівым стаўленьнем да свайго здароўя. Пры штодзённым абходзе Паўлавіч заўсёды просіць у медсястры для сябе якія-небудзь таблеткі. Па ягоным прыкладзе тое ж раблю і я. Асьпірын, кетатыфен, валяр’янка – мой набор. Першы месяц пастаянна ад недахопу кіслароду баліць галава. Медсястра дае па адной таблетцы. Прашу Макса, каб узяў наступным разам на сябе і аддаў мне, на запас. Такім чынам ствараю сабе “заначку”. Ціск у мяне як у касманаўта, але ж вось, бяссоньне. Пасьля кетатыфену сьплю кожную ноч безпрабудна аж да пад’ёму, як пшаніцу прадаўшы.
Зь ягонай парады пабываў я на абсьледваньні ў бальнічцы, у выніку атрымаў запіс у турэмную картку наконт майго нягеглага зроку. У бабруйскай калоніі гэты запіс моцна дапаможа мне. Адкуль жа мне было ведаць, як важныя ў калоніі будуць любыя зьвесткі пра твае хваробы. З менскай паліклінікі, да якой я прымацаваны, выпіску пра мае хваробы, як высьветлілася, атрымаць было цяжка. Як толькі ў рэгістратуры даведаліся, што выпіска для калоніі, так адразу і пачалі тармазіць. Натальлі ўдалося атрымаць выпіску не адразу і з боем. Таму я ня раз згадаю Паўлавіча добрым словам.
Па прыкладзе Паўлавіча я пачынаю піць вітаміны і гліцын.
“Карысны для памяці ў нашым узросьце”, – кажа Ігар.
Я п’ю – і сапраўды мне здаецца, што памяць мая пачынае ясьнець, і я ўспамінаю такія ранейшыя, даўнішнія рэчы, дэталі, эпізоды з майго жыцьця, да якіх ніколі б не дайшло на волі. І ў той жа час, амаль імгненна забываю ўсе паролі, якім пароліў ноўтбук і флэшкі, забываюся на ўсе нумары тэлефонаў, апроч жончынага нумара. Ці то сіла лекаў працуе, ці то мозг сам вызваліўся ад штодзённых клопатаў і памяць пасьвяжэла, ня ведаю.
Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXII. МАКС
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў