viasna on patreon

Актывісту Аляксандру Грэчышнікаву, які адбывае арышт, не даюць пахаваць свайго бацьку Аўдыё

2020 2020-06-21T23:56:07+0300 2020-06-22T00:32:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/grachyshnikau_skype-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывіст "Народнай Грамады" Аляксандр Грачышнікаў зараз адбывае адміністрацыйны арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў Мінска даўжынёй у 30 сутак. Яго сітуацыя ўскладняецца і асабістымі прычынамі: бацька Грэчышнікава памёр, а сваякі не могуць дамагчыся таго, каб Аляксандра адпусцілі на пахаванне.

У цэнтры зверху — Аляксадр Грачышнікаў. Фота:
У цэнтры ўверсе — Аляксадр Грачышнікаў. Фота: "Народная Грамада"

Восьмага чэрвеня Аляксандра Грачышнікава асудзілі на 15 сутак за знаходжанне на мінскім пікеце па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў, які праходзіў днём раней. Суд Заводскага раёна палічыў гэта ўдзелам у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул 23.34 КаАП). Тэрмін гэтага арышту павінен падысці да канца 22 чэрвеня прыкладна ў 16.00, аднак пакуль няма ўпэўненасці ў тым, што Аляксандр дакладна выйдзе — бо яму быў прысуджаны яшчэ адзін арышт (і як паказвае практыка, актывістаў, якія маюць некалькі арыштаў, часта пакідаюць адбываць іх усе агулам). Так, над Грачышнікавым, падчас яго знаходжання ў ЦІП, правялі 16 чэрвеня яшчэ адзін суд, дзе разглядалася адразу два пратаколы — за ўдзел у пікетах па зборы подпісаў 21 і 24 траўня. Хоць Грэчышнікаў віны не прызнаў і сцвярджаў, што знаходзіўся на пікеце ў якасці журналіста і не выкрыкваў ніякіх лозунгаў, суддзя Капцэвіч асудзіла яго яшчэ на 15 сутак. Судовае пасяджэнне адбывалася дыстанцыйна, праз Skype-канферэнцыю.

Уваход у кабінет, дзе праходзіла судовае пасяджэнне над Грачышнікавым
Уваход у кабінет, дзе праходзіла судовае пасяджэнне над Грачышнікавым

На судзе Аляксандр Грэчышнікаў паспрабаваў заявіць хадайніцтва аб тым, што ў ЦІПе ў яго забралі пісьмовыя прыналежнасці, з-за чаго ён не можа напісаць ніякіх скаргаў. Таксама ён заявіў аб невыносных умовах утрымання — днём у камеры забараняюць ляжаць, холадна, а ён не можа знаходзіцца ў такіх умовах па стане здароўя. Аднак суддзя не звярнула ўвагі на яго словы (як гэта было — у аўдыё з судовага паседжання):

Не паўплывала на рашэнне суддзі і яшчэ адно хадайніцтва Аляксандра:

"Мая мама знаходзілася ў бальніцы з 11 па 19 мая. Мама ў цяжкім стане, ёй мяне не хапае. Гэта пагоршылася смерцю бацькі. Акрамя гэтага, мая жонка ў дэкрэце, у мяне непаўналетнія дзеці, а я тут [знаходжуся пад арыштам] і не працую", — заявіў ён на судзе.

Наталля, сястра Грэчышнікава, распавяла, што 16 чэрвеня спрабавала падаць хадайніцтва старшыні Заводскога суда аб тым, каб Аляксандру далі магчымасць папрысутнічаць на пахаванні свайго бацькі. Але там ёй адказалі, што падаваць хадайніцтва можа толькі сам Аляксандр. Пасля гэтага Наталля паехала ў ЦІП, каб перадаць дакументы брату, на падставе якіх ён бы мог заявіць хадайніцтва. Сярод іх — пасведчанне аб смерці бацькі, даведка аб хваробе маці і даведка на атрыманне ў крэматорыі ўрны з прахам бацькі.

Аднак супрацоўнікі ЦІП адказалі Наталлі, што дакументы варта перадаваць не ім, а праз РАУС. Але Наталля настаяла на сваім:

"Міліцыянт, які быў на варце, сказаў: «Няхай напіша хадайніцтва»", — распавяла "Вясне" Наталля. — Я кажу, а як ён напіша, калі вы ў іх забралі стрыжні, паперу, калі вы не пускаеце адваката, калі дакументы, якія патрэбныя для хадайніцтва, я не магу яму перадаць?

Я дзве гадзіны прастаяла ў ЦІПа. У выніку мне прынеслі запіску, у якой Саша запэўнівае, што атрымаў усе дакументы. Я не ўпэўненая, ці ён яе пісаў, але жонка Сашы, убачыўшы, сказала, што гэты почырк падобны на яго".

Запіска, якую вынеслі сястры Грачышнікава з ЦІП

На дадзены момант сітуацыя застаецца нявырашанай. Пакуль урна з прахам бацькі захоўваецца ў крэматорыі. Сваякі хочуць яе атрымаць разам з Аляксандрам, каб правесці пахаванне. Як паведаміла Наталля, з канца чэрвеня за захоўванне скрыні крэматорый пачне спаганяць грошы.

Аляксей Лойка

"Такую сітуацыю, калі чалавек, адбываючы адміністрацыйны арышт за рэалізацыю свайго права, не можа пахаваць свайго бацьку, можна па сутнасці расцэньваць на мяжы катавальнай", — каментуе юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка.

Юрыст спасылаецца на Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Так, часткай 8 артыкула 18.7 ПВКаАП прадугледжана:

"У выпадку смерці, цяжкага захворвання блізкага сваяка адміністрацыйна арыштаванага рашэннем кіраўніка месца адбыцця адміністрацыйнага арышту адміністрацыйна арыштаванаму можа быць дазволены кароткатэрміновы выезд за межы месца адбыцця адміністрацыйнага арышту працягласцю да трох сутак, не лічачы часу для праезду туды і назад. Названы тэрмін не ўключаецца ў тэрмін выканання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту".

Гэтая гарантыя выцякае з часткі 1 артыкула 32 Канстытуцыі, згодна з якой інстытут сям'і знаходзіцца пад абаронай дзяржавы.

Таксама паводле частак 1 і 2 артыкула 14.7 ПВКаАП, пры наяўнасці абставінаў, якія перашкаджаюць выкананню пастановы аб арышце, суд па хадайніцтве арыштаванага або па ўласнай ініцыятыве можа адтэрмінаваць выкананне арышту на тэрмін да аднаго месяца або растэрмінаваць да двух месяцаў.

"Важна мець на ўзбраенні абодва варыянты і пры наяўнасці крытычнай сітуацыі задзейнічаць іх паралельна. — адзначае Аляксей Лойка. — Асабліва, калі ў сённяшніх умовах кіраўніцтва ЦІПа заняло глухую абарону і не ідзе на кантакт ні з кім са сваякоў арыштаваных або іх прадстаўнікоў.

Таксама, аналіз заканадаўства дазваляе зрабіць выснову, што для такіх крытычных сітуацый заканадавец не прадугледзеў максімальна сціснутыя тэрміны для прыняцця рашэння службовай асобай. Напрыклад, калі б рашэнне такога пытання павінна было быць прынята на працягу працоўнага дня, то гэта рабіла б гэтую гарантыю больш даступнай. А так даводзіцца спадзявацца на адэкватнасць і чалавечнасць службовых асоб пры прыняцці рашэння аб тым, ці зможа сын праводзіць у апошні шлях свайго бацькі…"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства