viasna on patreon

Свабода слова таксама не даспадобы ўладам: гарадзенскім белсатаўцам - штрафы, Меркісу - таксама Дапоўнена

2020 2020-06-18T17:00:00+0300 2020-06-19T13:28:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/garodnia-mickevich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Міцкевіч і Сяргей Кавалёў у судзе 18 чэрвеня.

Зміцер Міцкевіч і Сяргей Кавалёў у судзе 18 чэрвеня.

У судзе Ленінскага раёна Гародні 18 чэрвеня пройдзе адміністрацыйны працэс супраць журналіста Белсату Зміцера Міцкевіча і аператара Сяргея Кавалёва, у Гомелі - супраць Яўгена Меркіса

“Гарадзенская вясна” нагадвае, што 10 чэрвеня пасля пікету праўладных арганізацый па зборы подпісаў за Лукашэнку, не абыйшлося без эксцэсу. Пасля пікету, які доўжыўся дзве гадзіны, людзі ў цывільным - каля 8 чалавек - затрымалі двух журналістаў Белсату - Зміцера Міцкевіча і аператара Сяргея Кавалёва. Журналісты перад гэтым цэлы час вялі стрым пра тое, як адбываўся збор подпісаў і задавалі пытанні розным людзям, у тым ліку і прыхільнікам Лукашэнкі.

Журналістаў гвалтам зацягнулі ў бус і завезлі ў РАУС Ленінскага раёну, пратрымалі іх там тры гадзіны. На абодвух складзены пратаколы пра адміністрацыйнае правапарушэнне паводле артыкулу 22.9, частка 2 КаАП - працу без акрэдытацыі. У журналістаў забралі ўсю тэхніку, нават асабістыя мабільныя тэлефоны. Пачатак разгляду адміністрацыйнай справы а 14.20 у судзе на вуліцы Даватара.

Праваабаронцы "Вясны" з Гародні паведамляюць, што справу разглядае суддзя Руслан Гурын.

Пратаколы на Зміцера Міцкевіча і Сяргея Кавалёва складзеныя па ч. 2 арт 22.9 КаАП. У судзе - прадстаўнік РАУС капітан міліцыі Аляксей Вайцешка, сведкамі выступяць супрацоўнікі міліцыі Андрэй Гаўрылік і Ігар Дораш.

Зміцер Міцкевіч заявіў, што згодна з пунктам 1 артыкулу 11 Закона аб СМІ інтэрнэт-рэсурс, не зарэгістраваны ў Беларусі, не з'яўляецца СМІ. Гэта датычыць і юцюбу. Сваёй віны Міцкевіч не прызнае.

Міцкевіч і Кавалёў заявілі суду хадайніцтва пра азнаямленне з матэрыяламі справы. Яно задаволена, перапынак на 15 хвілін.

Пасля перапынку суд узяў новы тайм-аўт для выпраўлення тэхнічнай памылкі,  якяі тычыцца паправак у фармулёўку здзейсненага правапарушэння - адмянілі паўторнасць цягам году.

У судзе выступіў прадстаўнік РАУС капітан Вайцешка, які сцвярджаў, што на мікрафоне было напісана Белсат, Міцкевіч зняпраўдзіў гэтае сцверджанне - на мікрафоне было БЛС.

У судзе вывучаюцца пісьмовыя матэрыялы справы, праглядаееца відэа стрыму ў дзень падзей.

Пастанова: Міцкевічу - штраф 35 базавых велічынь,  Кавалёву - 40 базавых.

Журналісту і аператару вярнулі мабільныя тэлефоны, камеру не аддалі.


У судзе  Цэнтральнага раёна Гомеля 18 чэрвеня  будзе разглядацца справа супраць журналіста Яўгена Меркіса, які вёў стрым з калектыўнага пікету вылучэнцаў у кандыдаты 7 чэрвеня каля Новага ўнівермага. Пачатак судовага працэсу ў 16-00.

Яўгена Меркіса за стрым з пікетаў па зборы подпісаў пакаралі штрафам 945 рублёў. На Ларысу Шчыракову міліцыя склала тры пратаколы за відэа з пікетаў.

Адміністрацыйную справу Яўгена Меркіса па артыкуле 22.9 КаАП разглядаў суддзя Віктар Казачок. Ён адхіліў усе хадайніцтвы фрылансера — пра магчымасць удзелу ў судзе абаронцы, відэазапіс працэсу, дапрацоўку пратаколу, выклік у суд сведкі — міліцыянта, які складаў пратакол, піша Радыё Свабода.

Агучыўшы дакументы справы, суддзя Казачок, не выходзячы ў дарадчы пакой, пастанавіў аштрафаваць Яўгена Меркіса на 35 базавых велічынь, што адпавядае 945 рублям.

Літаральна праз 15 хвілін пасля агучанай пастановы на штраф у дачыненні Меркіса, у іншай зале таго ж суда Цэнтральнага раёна пачаўся адміністрацыйны працэс журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай.

Сама Шчыракова ў судзе не прысутнічала. Напісала заяву, што не можа з'явіцца ў суд, бо знаходзіцца цяпер на самаізаляцыі з прычыны неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі — пандэміі каранавіруса. 

Суддзя Сяргей Кармановіч аб'явіў, што з міліцыі на Шчыракову паступілі тры адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканала "Белсат".

7 траўня журналістка асвятляла на плошчы Леніна ў Гомелі пікет салідарнасці з арыштаваным Сяргеем Ціханоўскім, а 28 і 31 траўня вяла стрымы з пікетаў па збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты.

Суддзя аб'яднаў тры пратаколы ў адну справу і пастанавіў аштрафаваць Ларысу Шчыракову на 45 базавых велічынь, альбо на 1215 рублёў.

Журналістаў «Белсату» затрымалі ў Салігорску

Журналісты «Белсату» Аляксандр Баразенка і Галіна Абакунчык затрыманыя 17 чэрвеня пасля жывога эфіру ў Салігорску. Вядома, што журналістаў затрымліваў маёр Алег Шалоха. Імаверна, іх вінавацяць паводле арт. 22.9 КоАП (парушэнне закону аб СМІ).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства