СК пачаў выклікаць на допыт людзей, якія ахвяравалі на расследаванні Сяргея Сацука
Людзі, якія ахвяравалі свае сродкі на падтрымку журналісцкіх расследаванняў Сяргея Сацука, пачалі звяртацца па дапамогу, бо іх выклікаюць у СК для допыту. Аб гэтым паведамляе "Ежедневник".
Апошнім часам СК пачаў актыўна дзейнічаць у даволі нечаканым кірунку пры расследаванні крымінальнай справы Сяргея Сацука. У дачыненні да рэдактара партала, журналіста-расследавальніка, спрабуюць сфармаваць абвінавачванне ў махлярстве на той падставе, што па законе "Аб СМІ" ён не з'яўляецца "журналістам сродка масавай інфармацыі" і таму ў прынцыпе не мог займацца журналісцкімі расследаваннямі. Адпаведна, ён першапачаткова ўводзіў людзей у зман. Ды пры гэтым яшчэ, нібыта, і выдаткоўваў грошы на сябе, а не на журналісцкія расследаванні. "Ежедневник" атрымаў новыя доказы таго, што следства актыўна спрабуе сфармаваць склад злачынства, дзе яго ў прынцыпе няма.
У рэдакцыю партала звярнуліся людзі, якія ахвяравалі свае сродкі на журналісцкія расследаванні Сяргея Сацука і паведамілі, што іх выклікаюць на допыт у СК менавіта ў сувязі з пералікам грошай. Пры гэтым людзі напалоханыя і просяць аказаць ім прававую дапамогу па гэтым пытанні. Выклікаюць на допыт нават тых людзей, якія ахвяравалі зусім нязначную суму, напрыклад, 10 рублёў.
"На жаль, мы вымушаныя былі адказаць, што не можам аказаць такую дапамогу, паколькі гэта будзе расцэнена, як ціск на сведак. Аднак маўчаць з гэтай нагоды мы таксама не маглі, бо ў некаторай ступені нясем адказнасць за тых людзей, якія вырашылі падтрымаць журналісцкія расследаванні Сяргея Сацука. Бо менавіта на партале "Ежедневник" быў абвешчаны збор сродкаў.
Кожны чалавек мае права сам вырашаць, каму і якую суму ахвяраваць і на што. І калі ён лічыць, што яго падманулі, то ён выключна сам, па ўласнай ініцыятыве можа звярнуцца ў праваахоўныя органы з заявай. Выклікаць такіх людзей у СК у якасці сведак няма ніякіх падстаў. Таму прычына іх выкліку можа быць толькі адна. Яна настолькі відавочная, што мы яе нават называць не будзем. Але ў дзеяннях следства ёсць яшчэ адзін цікавы момант, які трэба закрануць.
З улікам таго, што Сяргея Сацука распрацоўвалі мінімум паўтара года, ёсць верагоднасць таго, што сярод ахвярадаўцаў у падтрымку журналісцкіх расследаванняў ёсць хтосьці, хто спецыяльна закінуў пэўную суму на рахунак Сяргея, каб у патрэбны момант выскачыць, як чорт з табакеркі, з заявай, быццам яго падманулі. Магчыма, менавіта гэтым і тлумачыцца новы нечаканы кірунак расследавання", - адзначаецца на партале.
Гэта ўсяго толькі здагадка і вельмі хочацца верыць, што яна не пацвердзіцца, але выключаць яе цалкам усё ж нельга. З іншага боку, калі хтосьці меў нейкія прэтэнзіі і лічыў, што яго грошы выдаткаваныя неяк не так, як заяўлялася, ён мог у любы момант запатрабаваць іх вярнуць. І яны былі б вернутыя без усялякіх пытанняў і спрэчак. Але такіх зваротаў да "Ежедневника" не было.
Цікава, што яшчэ да абвяшчэння збору сродкаў на журналісцкія расследаванні, Сяргей Сацук вёў перамовы з шэрагам бізнэсоўцаў, каб яны дапамаглі стварыць фонд падтрымкі журналісцкіх расследаванняў у Беларусі. Такія фонды, дарэчы, ёсць у кожнай цывілізаванай краіне. Іх нават адкрываюць асобнай буйныя вядомыя кампаніі, каб паказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Напрыклад, ёсць такі фонд у кампаніі Bosch.
Але беларускія бізнэсоўцы не захацелі ўдзельнічаць у гэтым. Галоўная прычына сярод іншых – боязь пераследу з боку ўладаў і страта бізнэсу. Як цяпер відаць, іх асцярогі мелі пад сабой усе падставы.
Кейс журналіста Сяргея Сацука: самае галоўнае