Закрытыя ўстановы – небяспечнасці COVID-19: Чыноўнік адмаўляе недахоп СІА, дзяржзакупкі кажуць пра адваротнае
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае серыю публікацый аб распаўсюдзе каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у закрытых установах краіны. У сферы ўвагі праваабаронцаў – становішча людзей у месцах пазбаўлення волі, установах для людзей з інваліднасцю, дамах-інтэрнатах для пажылых, бездапаможных і бяздомных.
Спосаб аналізу стану ў стацыянарных сацыяльных установах – дамах-інтэрнатах для пажылых людзей і інвалідаў, а таксама для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў – працуе.
Закрытыя ўстановы – небяспечнасці COVID-19: Стацыянарныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання
Сведкі сцвярджаюць, што ў Кобрынскім доме-інтэрнаце – ачаг распаўсюджвання каранавіруса, а работнікі адчувалі востры недахоп сродкаў індывідуальнай абароны (СІА). Кіраўнік Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Скробат пацвердзіў, што чвэрць пражываючых у інтэрнаце заражаная. Разам з тым, ён адмаўляе недахоп сродкаў абароны, сцвярджае, што патрэбы інтэрната пакрываюцца Чырвоным Крыжам і ўласнымі закупкамі.
"Нармальна ўсё ў нас, не бачу асаблівых праблемаў. У нас дастаткова сродкаў індывідуальнай абароны, нават лішак. Там стабільная сітуацыя, ніякіх праблемаў няма ні са сродкамі індывідуальнай абароны, ні з павелічэннем людзей, у якіх станоўчы вынік. Наадварот, у нас усё ідзе ў лепшы бок. Мы самастойна купляем гэта ўсё, нам дапамагае Чырвоны Крыж – і досыць нам гэтага, нам не трэба іншай дапамогі. Я яшчэ раз падкрэсліваю: у нас там усё добра", – прыводзіць словы Генадзя Скробата "Камсамольская праўда ў Беларусі".
Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка, які даследуе праблему, адзначае:
"Не скажам за Чырвоны Крыж, але ўласныя закупкі сродкаў абароны інтэрнатам пачаліся толькі ў траўні, калі быць дакладнымі – 19 траўня, а завяршыліся 20 траўня купляй двухсот пяцідзесяці камбінезонаў і пар бахілаў (па 200 – аднаразовых і па 50 – ламініраваных), двух тысяч пар пальчатак".
Хаця аб'ём дапамогі Чырвонага Крыжа ўсё ж можна ацаніць – асераднёна.
"Мы аказалі дапамогу і сацыяльным работнікам:
42 800 пальчатак, 1 890 масак, 4 331 літр дэзінфікуючых і антысептычных сродкаў, 2 620 медыцынскіх камбінезонаў, 1 400 бахілаў, 1 400 фартухоў медыцынскіх, 1 400 медыцынскіх нарукаўнікаў, 50 ахоўных шчыткоў, 18 бескантактавых тэрмометраў, 4 336 рэспіратараў FFP2 — перададзеныя работнікам 80 дамоў-інтэрнатаў", – гаворыцца на афіцыйным сайце арганізацыі.
Атрымліваецца, што ў сярэднім адзін дом-інтэрнат ад Чырвонага Крыжа атрымаў – 23 маскі, 54 літры сродкаў дэзінфекцыі і антысептычных сродкаў, 32 камбінезоны, па 17 бахілаў, фартухоў і нарукаўнікаў, 50 рэспіратараў, менш аднаго шчытка і тэрмометра. Пры тым, што ССУ агулам-та 89, але СІА дасталіся васьмідзесяці. Гэта вельмі добры аб'ём дабрачыннай дапамогі, але зусім недастатковы для рэальнага забеспячэння дзейнасці ССУ без удзелу бюджэтнага фінансавання ва ўмовах пандэміі.
Дарэчы, няма інфармацыі аб супрацоўніцтве Чырвонага Крыжа і Кобрынскага інтэрната, а толькі звесткі аб разавай пастаўцы невялікай колькасці ахоўных сродкаў у Шарашэўскі інтэрнат 20 траўня, які таксама стаў раней ачагом распаўсюджвання каранавіруса ў суседнім Пружанскім раёне.
ПЦ “Вясна” працягвае збіраць звесткі: калі вам вядома пра сітуацыю з распаўсюдам каранавіруса ў месцах няволі ці пра тое, якія меры прымаюцца або не прымаюцца, каб захаваць здароўе людзей, што там знаходзяцца, паведамляйце нам на скрыню: viasna@spring96.org