Закрытыя ўстановы – небяспечнасці COVID-19: Стацыянарныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання
Праваабарончы цэнтр "Вясна" запускае серыю публікацый аб распаўсюдзе каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у закрытых установах краіны. У сферы ўвагі праваабаронцаў – становішча людзей у месцах пазбаўлення волі, установах для людзей з інваліднасцю, дамах-інтэрнатах для пажылых, бездапаможных і бяздомных.
У першым выпуску гаворка пойдзе пра тое, якое становішча спраў у сувязі з каранавірусам у дамах-інтэрнатах для пажылых людзей і інвалідаў, а таксама для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў, як інфармацыя пра выпадкі заражэння COVID-19 у гэтых установах падаецца ў дзяржаўных і незалежных СМІ і пра што можа сведчыць дзяржзакупка сродкаў індывідуальнай абароны для іх.
Стацыянарныя сацыяльныя ўстановы: Агульная інфармацыя
У Беларусі дзейнічаюць больш за 150 стацыянарных сацыяльных устаноў сістэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны: 89 дамоў-інтэрнатаў і 64 аддзяленні кругласутачнага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. З ліку дамоў-інтэрнатаў – 51 псіханеўралагічнага профілю, яшчэ восем – для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
На дадзены момант у іх пражывае 21 500 пажылых людзей і людзей з інваліднасцю.
У стацыянарных сацыяльных установах (ССУ) на пастаяннай аснове працуюць 14 500 супрацоўнікаў.
Меры, якія прымаюцца ў ССУ у сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса
Па звестках Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а менавіта ў яго вядзенні знаходзяцца ўсе ССУ, супрацьэпідэмічныя меры там прымаюцца з пачатку сакавіка гэтага года.
Мінпрацы і сацабароны паведамляе аб тым, што:
- уведзеныя забарона на наведванне грамадзянаў, якія так пражываюць;
- мінімізаваныя кантакты сярод пастаяльцаў, не праводзяцца масавыя мерапрыемствы, грамадзяне, якія пражываюць у інтэрнатах, не выходзяць за межы ўстановы;
- выкарыстоўваюцца сродкі індывідуальнай абароны;
- ажыццяўляецца штодзённы медыцынскі кантроль за станам здароўя пражываючых грамадзянаў і работнікаў (два разы ў дзень праводзіцца вымярэнне тэмпературы цела з фіксацыяй дадзеных у журналах уліку стану здароўя);
- пастаяльцы з прыкметамі ВРІ пераводзяцца ў ізалятар або арганізацыі аховы здароўя;
- павялічана колькасць вільготных уборак памяшканняў з ужываннем сродкаў дэзінфекцыі, забяспечана наяўнасць дазатараў з антысептычнымі сродкамі для апрацоўкі рук.
Мінпрацы запэўнівае, што ва ўстановах сфармаваны неабходны запас сродкаў індывідуальнай абароны, сродкаў дэзінфекцыі і медыкаментаў.
Таксама Міністэрствам рэкамендаваны паэтапны пераход на закрыты рэжым функцыянавання ССУ. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра вахтавы метад працы, калі палова супрацоўнікі заступаюць, напрыклад, на двухтыднёвае дзяжурства, па заканчэнні якога іх змяняе другая палова супрацоўнікаў. Такі парадак ужо ўведзены ў некаторых установах.
Інфармацыйная "блакада" аб колькасці заражаных ў ССУ
Цэнтралізаванай афіцыйнай інфармацыі аб сітуацыі з заражэннямі каранавірусам у ССУ няма. Як няма і афіцыйнай інфармацыі аб смерцях у інтэрнатах.
Дзяржаўныя СМІ у любой інфармацыі аб становішчы ў ССУ папярэдне ўзгадваюць аб крытычнай сітуацыі ў такіх установах у Еўропе і ЗША, не кажучы, за рэдкім выключэннем, аб успышках захворванняў у беларускіх установах.
У матэрыяле "Як змянілася жыццё ў дамах-інтэрнатах Беларусі падчас пандэміі каранавіруса", размешчаным 17 траўня 2020 года на сайце Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, таксама не знайшлося месца інфармацыі пра выпадкі заражэння COVID-19 у ССУ.
"Між тым, мяркую, менавіта ўмовы закрытай установы былі б найбольш прадуктыўным асяроддзем для арганізацыі процідзеяння распаўсюду новага віруса пры актыўным укараненні ў практыку прымянення аднаразовых масак, антысептыкаў, прыбораў дэзінфекцыі, а таксама аднаразовага ахоўнага адзення, шчыткоў для твару, ачкоў і рэспіратараў. Аднак нават агульны аналіз інфармацыі аб закупках паказвае на тое, што інтэрнаты былі, як правіла, ні матэрыяльна, ні маральна не гатовыя да працы ва ўмовах пандэміі ў першы месяц распаўсюджвання віруса ў Беларусі", – падкрэслівае юрыст ПЦ «Вясна» Павел Сапелка, які даследуе праблему.
У асноўным, закупкі антысептыкаў і сродкаў індывідуальнай абароны (СІА) пачаліся ў другой палове красавіка; ніякіх рэкамендаваных Міністэрствам аховы здароўя мераў па сацыяльным дыстанцыяванні, відаць, не ажыццяўлялася: напрыклад, на сходзе супрацоўнікаў аднаго з ССУ падчас маніторынгу аб'ектаў сацыяльнага абслугоўвання Віцебскага раёна супрацоўнікі не выконваюць бяспечную дыстанцыю, не маюць ахоўных касцюмаў і масак, знаходзяцца адначасова ў памяшканні як у медыцынскім халаце, так і ў вулічнай верхняй вопратцы.
Аналіз закупак, зробленых ССУ, паказвае на дыяметральна супрацьлеглыя тэндэнцыі ў палітыцы ўстаноў: ад поўнай адсутнасці інфармацыі аб закупках (магчыма, гэтыя ўстановы былі забяспечаныя неабходным, што сумнеўна; ніжэй будзе разгледжана сітуацыя ў Вясноўскім інтэрнаце недалёка ад п. Глуск) да закупак сотняў літраў антысептыку, сотняў аднаразовых касцюмаў, шапачак, нарукаўнікаў, бахілаў, рэспіратараў; тысяч пальчатак і масак (што дае ўяўленне аб рэальных патрэбах і запатрабаванасці сродкаў індывідуальнай абароны). Толькі ў траўні ўстановы пачалі набываць апаратуру для апрацоўкі памяшканняў, бескантактавыя тэрмометры, пульсаксіметры.
Становішча з распаўсюдам COVID-19 на аснове аналізу закупак сродкаў індывідуальнай абароны сацыяльнымі ўстановамі Беларусі
У сакавіку гэтага года, калі стала зразумелая рэальнасць пагрозы распаўсюджвання каранавіруса ў Беларусі, практычна ні адна з ССУ не пачала закупкі сродкаў абароны і антысептыкаў. Гэтымі закупкамі ўстановы заняліся ў лепшым выпадку ў красавіку.
Брэсцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў толькі ў пачатку красавіка арганізаваў закупкі марлевых шматразовых павязак (1000 на працягу трох месяцаў) і двух супрацьчумных касцюмаў; закупкі дазатараў для мыла і папяровых ручнікоў інтэрнат ажыццявіць толькі ў чэрвені.
Рэсцянскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў толькі 25 траўня размясціла прапанову аб закупках амаль 1000 рэспіратараў, апрамяняльнікаў і бактэрыцыдных рэцыркулятараў паветра; установа не закупляла сродкаў дэзінфекцыі.
Уваравіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў 26 траўня размясціў прапанову аб закупцы 1200 супрацьчумных касцюмаў і 400 рэспіратараў, а да гэтага 14 траўня – бактэрыцыдных апрамяняльнікаў і рэцыркулятараў паветра, і 18 траўня – 50 ахоўных шчыткоў для твару. У сярэдзіне красавіка было абвешчана аб закупках дваццаці локцевых дазатараў вадкага мыла, папяровых ручнікоў і медыцынскіх пальчатак.
Такая актыўнасць ўстановы невыпадковая. Паводле інфармацыі сайта Радыё Свабода, апублікаванай 20 траўня, "ва Уваравіцкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для старых і інвалідаў ачаг каранавіруса. Так сцвярджаюць мясцовыя жыхары і персанал установы. Афіцыйна ў гэтым інтэрнаце сітуацыю не каментуюць". Відавочна, менавіта гэтым тлумачыцца такі шырокі асартымент пэўных сродкаў індывідуальнай абароны.
Шарашэўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў у канцы траўня прыняў рашэнне набыць 200 ахоўных камбінезонаў, 40 ахоўных шчыткоў для твара, 30 ахоўных ачкоў і 20 супрацьвірусных рэспіратараў. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з неафіцыйнай інфармацыяй, якая з'явілася 13 траўня, аб тым, што ў гэтым інтэрнаце выяўленая ўспышка COVID–19. Тады ж зноў была размешчана прапанова аб закупцы шырокага асартыменту антысептыкаў – больш за 250 літраў (спроба набыць яго ў пачатку красавіка апынулася няўдалай), а раней – 3000 медыцынскіх масак аднаразовых.
У Веткаўскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў "Шубіна" таксама па звестках рэгіянальных медыя выяўленыя выпадкі захворванняў. Аднак ніякіх закупак антысептыкаў і СІА ўстанова не робіць. Разам з тым, у канцы траўня інтэрнат падаў заяўку на набыццё генератара халоднага туману – прыбора для дэзінфекцыйнай апрацоўкі памяшканняў.
Размешчаны непадалёк Хальчанскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў у канцы траўня закупляў па 1000 ахоўных касцюмаў і шапачак, 299 аднаразовых рэспіратараў і 30 шчыткоў для твару. Звестак аб наяўнасці хворых там – не паступала.
Нікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў яшчэ ў лютым пачаў набываць антысептыкі і дэзінфікуючыя сродкі, у канцы красавіка (па часе гэта супала з усплескам COVID-19 у Стоўбцах і Стаўбцоўскім раёне і агучанымі СМІ праблемамі ў Стаўбцоўскім псіханеўралагічным доме–інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў у в. Куль) заяўлена аб набыцці масак медыцынскіх марлевых аднаразовых, рэспіратараў FFP-3, бахілаў, масак, пальчатак і шапачак аднаразовых, касцюмаў супрацьчумных. У канцы траўня інтэрнат азначыў да куплі аксіметры, тэрмометры бескантактавыя, рэспіратары, акуляры, экраны для твару.
Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, дзе выявіліся захворванні, абмежаваўся набыццём сродкаў дэзінфекцыі і антысептыкаў.
Хоцімскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў 25 траўня паведаміў пра намер набыць 10 шматразовых супрацьвірусных рэспіратараў са змененымі фільтрамі.
Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў №2 г. Мінска, дзе пражываюць больш за 400 чалавек і працуюць 50, у пачатку красавіка размясціў заяўку на 250 і 200 літраў антысептыку, у сярэдзіне красавіка выказаў намер набыць 250 літраў антысептыку, 12 траўня – 150 літраў бясспіртавага і 150 літраў спіртазмяшчальнага сродку для дэзінфекцыі, 25 траўня размясціў заяўку на набыццё 500 літраў антысептыка. Таксама 5 траўня размясціў заяўку на набыццё 500 рэспіратараў, 20 красавіка – 100 ахоўных касцюмаў і 8000 ахоўных масак; у пачатку красавіка – на 6500 шматразовых масак, 8350 аднаразовых масак, а таксама аднаразовых бахілаў і шапачак.
Быхаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў яшчэ ў сакавіку закупіў маскі, рэспіратары, пальчаткі; з пачатку красавіка пачаў закупку дезсродкаў і масак, а ў канцы красавіка набыў вялікую колькасць СІА: шапачак, бахілаў, ачкоў, рэспіратараў, шчыткоў. У траўні працягваліся закупкі – масак, камбінезонаў, бактэрыцыдных апрамяняльнікаў, пульсаксіметра.
Свірскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў ужо 16 сакавіка заявіў аб набыцці 100 рэспіратараў для абароны ад вірусаў і бактэрый, набыў аднаразовыя папяровыя ручнікі (35 рулонаў), бескантактавы тэрмометр. Менавіта гэты інтэрнат згадваўся ў сувязі з інфармацыяй пра смерць ад COVID-19 двух пацыентаў.
Кобрынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў абмежаваўся закупкай у канцы траўня 250 ахоўных камбінезонаў, бахілаў і пальчатак.
Салтанаўскі (у прыгарадзе Магілёва) псіханеўралагічны дом-інтэрнат у сярэдзіне красавіка закупіў 20 камплектаў супрацьчумных, 40 рэспіратараў медыцынскіх, 150 літраў антысептыку для рук, 10 000 пар пальчатак медыцынскіх нестэрыльных; у канцы красавіка – па 500 аднаразовых супрацьчумных касцюмаў і масак; у пачатку траўня – 50 ачкоў і 80 рэспіратараў.
Багушэўскі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця сціпла закупіў 45 літраў дезсродкаў, відавочна, не разлічваючы на магчымасць заражэння вірусам сваіх супрацоўнікаў і выхаванцаў.
Аднак нават ва ўстановах для дзяцей ёсць неаднаразовыя пацверджаныя выпадкі выяўлення каранавіруса: у Чэрвеньскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ёсць станоўчыя тэсты на COVID-19; закупкі гэтага інтэрната звяліся да 300 рэспіратараў у траўні. Дырэктар інтэрната Эла Барысава ў пачатку траўня сцвярджала, што дэзінфікуючымі сродкамі і адзеннем супрацоўнікі забяспечаныя.
У Вясноўскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця таксама былі выпадкі пацверджаных станоўчых аналізаў на каранавірус. Аб успышцы захворванняў і недахопе сродкаў абароны ў інтэрнаце ў красавіку распавяла заснавальніца фонда "Дзецям Чарнобыля" Эдзі Роўч у інтэрв'ю ірландскаму тэлеканалу. Па звестках навінавага партала TUT.BY, на 23 красавіка ў інтэрнаце пацверджана каранавірусная інфекцыя ў 28 з 174 дзяцей і васьмі супрацоўнікаў. Няма звестак аб закупцы СІА і антысептыкаў гэтай установай.
"У бліжэйшы час мы звернемся ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны з запытам пра сітуацыю з заражэннямі каранавірусам і статыстыку захворванняў COVID-19 і выздараўленняў у сацыяльных установах", - падкрэслівае Павел Сапелка.
ПЦ “Вясна” працягвае збіраць звесткі: калі вам вядома пра сітуацыю з распаўсюдам каранавіруса ў месцах няволі ці пра тое, якія меры прымаюцца або не прымаюцца, каб захаваць здароўе людзей, што там знаходзяцца, паведамляйце нам на скрыню: viasna@spring96.org