viasna on patreon

Праваабаронца звярнуўся ў ААН па сітуацыі (не)інфармавання беларусаў пра COVID-19

2020 2020-06-01T12:45:08+0300 2020-06-01T15:35:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mackevich_7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Барысаўскі праваабаронца “Вясны” Алег Мацкевіч звярнуўся да спецыяльных дакладчыкаў ААН з нагоды парушэння Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязацельстваў у галіне абароны правоў чалавека па сітуацыі, якая склалася вакол інфармавання грамадзян адносна распаўсюджання інфекцыйнай хваробы COVID-19.

Алег Мацкевіч.

Праваабаронца “Вясны” даслаў звароты адразу тром спецдакладчыкам ААН: па пытанні аб становішчы ў галіне праў чалавека ў Беларусі спадарыні Анаіс Марэн, па пытанні аб праве кожнага чалавека на найвышэйшы дасяжны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя спадару Дайнюсу Пурасу, па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выяўленне спадару Дэвіду Кайе. У зваротах праваабаронца адзначыў, што дзяржава парушае правы чалавека, прадугледжаныя пунктам 1 артыкула 12 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У парушэнне ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў у галіне абароны правоў чалавека Рэспубліка Беларусь адмаўляецца ад прадастаўлення грамадзянам дэзагрэгіраванай інфармацыі, звязанай з захворваннем COVID-19. Як правіла, лакальная статыстыка па эпідэміялагічным стане нідзе не публікуецца і іншым чынам не выдаецца. Гэта не робіцца нават у адказ на запыты грамадзян і сродкаў масавай інфармацыі. Уся інфармацыя сцякаецца ў цэнтр — Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і толькі потым паведамляецца ў абагульненым выглядзе па сітуацыі з эпідэміяй ў цэлым па краіне. Такая практыка парушае права грамадзян фармаваць і выказваць аб'ектыўнае меркаванне аб стане навакольнага асяроддзя, пагрозах і выкліках, звязаных з эпідэміялагічнай сітуацыяй, прыводзіць да неадэкватных рашэнняў і паводзінаў, якія небяспечныя для здароўя і жыцця асобных людзей і грамадства ў цэлым”, —  адзначае ў звароце Алег Мацкевіч.

Праваабаронца “Вясны” падкрэслівае, што названыя парушэнні правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь працягваюць здзяйсняцца і ў цяперашні час, без ўвагі на цяжкую сітуацыю з распаўсюджваннем каранавіруса ў краіне і на аб’ектыўную неабходнасць супрацьдзейнічаць масаваму захворванню грамадзян. Алег Мацкевіч просіць спецыяльных дакладчыкаў адрэагаваць на парушэнні ўсімі наяўнымі ў іх распараджэнні спосабамі.

snimok-ekrana-2020-06-01-v-12.45.54.png
Інфаграфіка "Радыё Свабода"

Што кажа міжнароднае права?

Праваабаронца Алег Мацкевіч адзначае, што права на даступнасць інфармацыі з’яўляецца важным складнікам права на здароўе. У Заўвагах агульнага парадку №14 (2000) Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах адзначыў, што канкрэтным прававым абавязацельствам дзяржаў-удзельнікаў Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, якія прызнаюць права кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя, з’яўляецца абавязацельства ўстрымлівацца ад утойвання ці наўмыснага скажэння інфармацыі па пытаннях здароўя. Свядомае замоўчванне або скажэнне інфармацыі, якая мае жыццёва важнае значэнне для аховы здароўя і для лячэння захворванняў, з’яўляецца, на думку Камітэта, парушэннем з боку дзяржавы-ўдзельніцы права паважаць, гэта значыць устрымлівацца ад прамога або ўскоснага замаху на права на здароўе. 

У Заўвагах агульнага парадку №34 (2011) Камітэт па правах чалавека адзначыў, што ў пункце 2 артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжана права на доступ да інфармацыі, якая ёсць ў дзяржаўных органаў. З мэтай эфектыўнага ажыццяўлення права на доступ да інфармацыі дзяржавам-удзельніцам у прыярытэтным парадку варта адкрыць шырокі доступ да ўрадавай інфармацыі, якая мае грамадскую цікавасць. Дзяржавам-удзельніцам варта прымаць усе намаганні для забеспячэння лёгкага, хуткага, эфектыўнага і практычнага доступу да гэтай інфармацыі.

А чаму нацыянальныя органы не разбіраюцца з гэтым?

З просьбай зрабіць неабходныя захады для абароны праў і законных інтарэсаў грамадзян праваабаронца ўжо звяртаўся ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Намесніца аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян М. Папова адказала, што канкрэтных звестак аб парушэнні заканадаўства Алег Мацкевіч не паказаў, у сувязі з чым падставаў для правядзення праверкі няма. Таксама праваабаронца звяртаўся ў пракуратуру Барысаўскага раёну са скаргай на адсутнасць публічнай інфармацыі на мясцовым узроўні па сітуацыі з каранавірусам. Але адтуль яго зварот перанакіравалі ў Барысаўскую цэнтральную раённую бальніцу, Барысаўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, Барысаўскую бальніцу №2 (у склад якой уваходзіць інфекцыйнай бальніца) з просьбай паведаміць заяўніку і пракуратуры аб выніках разгляду па сутнасці. Ні адна з структур не дала падрабязнай запытанай інфармацыі, а таксама не паказала прычыны, па якіх гэта не робіцца.

“Усе адказы былі прыкладна аднолькавымі: інфармацыя з месцаў даецца ў Міністэрства аховы здароўя, а ўжо адтуль агучваецца ў агульным выглядзе”, —  распавёў праваабаронца Алег Мацкевіч. 

Праваабаронца рыхтуе скаргі на адказы з паўнамоцных органаў і мае намер дайсці ў гэтым пытанні да судовай інстанцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства