У Гродне затрыманы ўдзельнікі каманды Ціханоўскага Арцём Сакаў і Канстанцін Сярогін
Удзельнікаў праекту youtube-канала "Краіна для жыцця" Арцёма Сакава і Канстанціна Сярогіна затрымалі 31 траўня каля 11 вечара ў Гродне. Як паведаміла "Вясне" маці Арцёма Сакава, хлопцаў забралі прама з кватэры, дзе яны знаходзіліся. Іх увезлі супрацоўнікі на машыне з нумарамі сёмага рэгіёна (Мінск).
У дадзены момант месцазнаходжанне, а таксама падставы затрымання Сакава і Сярогіна высвятляецца. І мінскім ІЧУ маці Сакава сказалі, што ён у Гродне.
Дапоўнена: Каля 6 вечара стала вядома ад маці затрыманага Арцёма Сакава, што Арцём затрыманы Ленінскім адзелам унутраных спраў Гродна на 3 сутак у межах крымінальнай справы. Якая менавіта гэта справа - маці Сакава не паведамілі. Па папярэдняй інфармацыі, Канстанціна Сярогіна адпусцілі днём 1 чэрвеня.
Нагадаем, што адразу пасля інцыдэнту на пікеце ў падтрымку вылучэнкі ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай быў затрыманы кіраўнік яе ініцыятыўнай групы, блогер Сяргей Ціханоўскі і яшчэ каля 10 чалавек. На наступны дзень затрыманні працягнуліся. МУС паведаміў, што па выніках інцыдэнту ў Гродне ўзбуджана крымінальная справа за ўчыненне гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі.
Затрыманых у Гродне перавезлі ў Мінск. Яны праходзяць па крымінальнай справе
Вядома, што Сяргея Ціханоўскага і яшчэ сем чалавек перавезлі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Мінск. Трохсуткавы тэрмін утрымання пад вартай у затрыманых у пятніцу заканчваецца ўвечары 1 чэрвеня.
Затрыманні актывістаў і зборшчыкаў подпісаў працягваюцца 31 траўня. Спіс абнаўляецца