viasna on patreon

COVID-19 vs Правы чалавека, або Што важна ведаць пра свае правы падчас эпідэміі

2020 2020-04-10T20:31:39+0300 2020-04-16T16:49:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/covid-humanrights-be.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У многіх краінах урада ўвялі каранцінныя меры ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса COVID-19. Так, у шэрагу еўрапейскіх дзяржаў людзям можна выходзіць з дому толькі ў краму, аптэку, вынесці смецце або нядоўга пагуляць з сабакам. Наяўнасць масак – абавязкова.

У Беларусі пакуль няма жорсткіх каранцінных мераў, але ўсё ж некаторыя абмежаванні ўводзяцца і ў нас. Так, напрыклад, у Мінску зацвердзілі план дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы і зніжэнні распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у лік якіх уваходзіць адмена выстаў, кірмашоў і іншых масавых мерапрыемстваў, забарона на правядзенне карпаратываў, вяселляў, памінак, ВНУ рэкамендавана перайсці на дыстанцыйнае або індывідуальнае навучанне. Гэтыя і іншыя каранцінныя меры прама або ўскосна тычацца абмежавання людзей у іх правах.

Ці могуць права чалавека быць абмежаваныя падчас эпідэмій? Дзе праходзіць мяжа дапушчальнасці такіх абмежаванняў? Як гарантаваць правы чалавека ва ўмовах каранціну? Разбіраемся ў прававым лікбезе ад "Вясны".

Ці можна абмяжоўваць правы грамадзянаў ва ўмовах эпідэміі?

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжвае:

Падчас надзвычайнага становішча ў дзяржаве, пры якім жыццё нацыі знаходзіцца пад пагрозай і аб наяўнасці якога афіцыйна аб'яўляецца, краіны-ўдзельніцы могуць прымаць меры ў адступленне ад сваіх абавязацельстваў па Пакту толькі ў такой ступені, у якой гэта патрабуецца вастрынёй становішча, пры ўмове, што такія меры не з'яўляюцца несумяшчальнымі з іх іншымі абавязацельствамі па міжнародным праве і не цягнуць за сабой дыскрымінацыі на аснове расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі або сацыяльнага паходжання.

Падобнае палажэнне ёсць і ў Канстытуцыі Беларусі, дзе артыкулам 63 замацавана, што ажыццяўленне правоў і свабодаў асобы можа быць прыпынена толькі ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становішча ў парадку і межах, вызначаных Канстытуцыяй і законам.

Што такое надзвычайнае становішча?

Надзвычайнае становішча (НС) – часовы прававы рэжым дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, іх службовых асобаў, які ўводзіцца на ўсёй тэрыторыі краіны або ў асобных яе мясцовасцях і дапускае абмежаванні (прыпыненне) правоў і свабодаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, правоў арганізацый, а таксама ўскладанне на іх дадатковых абавязкаў.

Надзвычайнае становішча можа ўводзіцца пры наяўнасці абставінаў, якія ўяўляюць непасрэдную пагрозу бяспецы жыцця і здароўя людзей, ліквідацыя якіх немагчыма без прымянення надзвычайных мераў. Да такіх абставінах у тым ліку адносяцца эпідэміі, якія прывялі (ці могуць пацягнуць) да чалавечых ахвяраў, нанясенню шкоды здароўю людзей і парушэнню ўмоў жыццядзейнасці насельніцтва.

Тэрмін дзеяння надзвычайнага становішча, якое ўводзіцца на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, не можа перавышаць 30 сутак, а ў яе асобных мясцовасцях - 60 сутак. Калі на працягу гэтага тэрміну мэты ўвядзення надзвычайнага становішча не былі дасягнутыя, тэрмін яго дзеяння можа быць падоўжаны.

Якія абмежаванні могуць уводзіцца ў сітуацыі надзвычайнага становішча?

На тэрмін дзеяння надзвычайнага становішча можа прадугледжвацца ўвядзенне наступных надзвычайных мераў і часовых абмежаванняў:

  • поўнае ці частковае прыпыненне на тэрыторыі, на якой уведзена НС, паўнамоцтваў дзяржаўных органаў;
  • устанаўленне абмежаванняў на свабоду перамяшчэння па тэрыторыі, на якой уведзена НС, а таксама ўвядзенне асобага рэжыму ўезду і выезду з яе;
  • узмацненне аховы грамадскага парадку, аб'ектаў, якія падлягаюць дзяржаўнай ахове, i аб'ектаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва i функцыянаванне транспарту;
  • устанаўленне абмежаванняў на ажыццяўленне асобных відаў фінансава-эканамічнай дзейнасці, уключаючы перамяшчэнне тавараў, паслуг і фінансавых сродкаў;
  • устанаўленне асобага парадку продажу, набыцця і размеркавання прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці;
  • забарона або абмежаванне правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання;
  • адклад правядзення забастовак або прыпыненне іх на тэрыторыі, на якой уведзена надзвычайнае становішча, але не больш чым на трохмесячны тэрмін;
  • абмежаванне руху транспартных сродкаў i ажыццяўленне іх дагляду;
  • і іншыя.

Якія правы НЕ могуць быць абмежаваныя ні пры якіх умовах?

Паводле міжнародных дамоваў, абсалютнымі з'яўляюцца свабода ад рабства і свабода ад катаванняў.

Ва ўмовах надзвычайнага становішча не дапускаецца таксама абмежаванне права на жыццё, прэзумпцыі невінаватасці, свабоды думкі, сумлення і рэлігіі.

Якія павінны быць умовы каранціну?

Каранціны служаць адной з стандартных мераў па стрымліванні распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў, у тым ліку прымяняюцца ў розных краінах у рамках прафілактычных мерапрыемстваў у сувязі з COVID-19. 

Каранцін павінен уводзіцца на аснове бяспечных і паважных дзеянняў, з усведамленнем той небяспекі, якую ён прадстаўляе для поўнай рэалізацыі правоў чалавека. Па магчымасці, каранцін павінен быць добраахвотным.

Правы тых, хто знаходзіцца на карантыне, павінны паважацца і абараняцца. Акрамя таго, у выпадку закрыцця межаў або іншых абмежаванняў свабоды перамяшчэння, павінна быць цалкам гарантавана права шукаць і атрымліваць прытулак.

Як дзяржава можа парушаць правы чалавека падчас эпідэміі?

Дзяржавы не могуць прама ўплываць на нераспаўсюджванне каранавіруса, але на іх ляжаць абавязацельствы па адпаведнай рэакцыі на яго. Улады могуць парушаць правы чалавека, калі яны:

  1. змагаюцца з эпідэміяй палітыкай і мерамі, якія неапраўдана закранаюць правы і свабоды людзей;
  2. не выконваюць належным чынам абавязацельствы па абароне насельніцтва ад шкоды, звязанай з эпідэміяй.

Якія правы парушаюцца часцей за ўсё?

Ад пачатку эпідэміі шэраг дзяржаў, у тым ліку Беларусь, парушаюць наступныя правы чалавека:

  • права на здароўе – недастатковае або несвоечасовае аказанне медыцынскай дапамогі або ўвядзенне дадатковых мераў, адсутнасць або недастатковая колькасць сродкаў індывідуальнай абароны, у тым ліку для медыкаў;
  • доступ да інфармацыі – недастатковае, несвоечасовае прадастаўленне інфармацыі дзяржаўнымі органамі, утойванне рэальнай колькасці захварэлых і памерлых, маніпуляванне фактамі і інш.;
  • неабгрунтаваны збор асабістых дадзеных, парушэнне ананімнасці і прыватнасці, уключаючы інфармацыю пра здароўе людзей.
  • цэнзура і абмежаванне свабоды выказвання меркавання, у тым ліку пераслед за распаўсюд інфармацыі;
  • пераслед і запалохванне актывістаў і незалежных журналістаў;
  • празмерныя каранцінныя меры;
  • дыскрымінацыя і ксенафобія;
  • неадпаведнае абмежаванне свабоды перамяшчэння.

Якія групы з'яўляюцца найбольш уразлівымі падчас эпідэміі?

На думку ААН у Беларусі, найбольш уразлівымі групамі ў перыяд пандэміі з'яўляюцца:

  • людзі з нізкім узроўнем даходу і ізаляванае сельскае насельніцтва,
  • людзі з бягучымі захворваннямі (ВІЧ/СНІД, цукровы дыябет, псіхічныя захворванні і інш.) і людзі з інваліднасцю,
  • асобы без пэўнага месца жыхарства,
  • пажылыя людзі, якія жывуць адны або ў сацыяльных установах,
  • асобы, пазбаўленыя свабоды,
  • мігранты з абмежаваным доступам да паслугаў аховы здароўя,
  • асобы, якія шукаюць прытулку, бежанцы, асобы без грамадзянства,
  • дзеці,
  • асобы, якія спажываюць наркотыкі і іншыя людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе.

Гэта азначае, што дзяржава павінна прымаць дадатковыя меры і прадастаўляць неабходную дапамогу дадзеным катэгорыям грамадзянаў для абароны іх здароўя і дабрабыту.

Як павінна дзяржава паклапаціцца аб сацыяльных гарантыях і працоўных правах грамадзянаў?

На думку Amnesty International, некаторыя з мераў, якія ўводзяцца для абароны здароўя насельніцтва: забароны на перамяшчэнне, каранціны, абмежаванні на масавыя мерапрыемствы і іншыя, могуць мець сур'ёзныя наступствы для правоў на працу і правоў на працоўным месцы. Пры гэтым працоўныя-мігранты, людзі з нестабільным месцам працы, людзі з нізкімі даходамі, мігранты з неўрэгуляваным статусам і людзі, якія працуюць у ценявым сектары эканомікі, пакутуюць непамерна больш. Такія работнікі часцяком не могуць разлічваць наогул на якую-небудзь дапамогу, а значыць у выніку каранціну ў іх не будзе ні крыніцы даходу, ні аплачанага бальнічнага ліста.

Дзяржавам варта прыняць неабходныя меры для таго, каб сацыяльныя гарантыі былі даступныя ўсім без выключэння асобам, у тым ліку аплата па бальнічным лісту, паслугі аховы здароўя і аплачваемы адпачынак па догляду за дзіцём, калі яны не могуць працаваць з-за эпідэміі COVID-19. Напрыклад, меры сацзабеспячэння прымяняюцца ў тым выпадку, калі людзі захворваюць самі, трапляюць у каранцін або клапоцяцца пра дзяцей у сувязі з закрыццём школ.

Што можа зрабіць кожны і кожная з нас?

Ёсць два спосабы, як кожны і кожная можа паўплываць на рэалізацыю і абарону правоў чалавека:

1. Заклікаць дзяржаву да адказнасці і нагадваць уладам пра ўзятыя імі абавязкі.

Ураду і прадстаўнікам аховы здароўя трэба дзейнічаць хутка і рашуча, для таго, каб прымаць меры па абароне грамадскага здароўя, бяспекі і дабрабыту і пры гэтым пазбягаць несправядлівага абмежавання правоў чалавека.

2. Праяўляць салідарнасьць і ўзаемадапамогу адзін з адным.

Кожны і кожная можа далучыцца да ініцыятыўных групаў па зборы і аказанні дапамогі медработнікам. Так, на платформе MolaMola адкрыта адразу некалькі кампаній па зборы дапамогі для медыкаў, якім не хапае элементарных сродкаў індывідуальнай абароны (масак, бахілаў, пальчатак, касцюмаў).

Збор сродкаў на рэспіратары для абароны медыкаў адкрылі актывістка Юлія Дарашкевіч і старшыня Гомельскага філіяла ПЦ "Вясна" Андрэй Стрыжак

Каманда рэстарана "Grillman" запусціла кампанію "Збярэм ссабойку доктару". Персанал рэстарана працуе, каб штодня пастаўляць гарачыя абеды медработнікам Мінскай гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы.

Мінскі хакерспейс пачаў вырабляць пластыкавыя ахоўныя шчыткі для медыкаў, якія друкуюцца на 3d-прынтары і перадаюцца ва ўсе установы аховы здароўя валанцёрамі.

Па магчымасці заставайцеся дома і будзьце здаровыя!

Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" - viasna@spring96.org 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства