Amnesty International: Сведка Яговы пад пагрозай экстрадыцыі ў Расію
Amnesty International заклікае Беларусь не выдаваць паслядоўніка Сведак Яговы Мікалая Махалічава ў Расейскую Федэрацыю, дзе яму пагражае крымінальны пераслед і катаванні. Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце арганізацыі і адрасаванай генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку.
Мікалай Махалічаў быў затрыманы ў Гарадку 21 лютага. Паводле сайту "Сведак Яговы", крымінальную справу супраць яго завялі ў Расіі 31 студзеня 2019 года ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА ў Віцебску. У расейскіх праваахоўнікаў былі запытаныя дакументы, на падставе якіх Генпракуратура Беларусі прыме рашэнне – ці выдаваць яго ў Расію. На гэтым тыдні дакументы па справе Мікалая Махалічава паступілі ў Генеральную пракуратуру.
Сам затрыманы падаў прашэнне аб прадастаўленні яму абароны ў Рэспубліцы Беларусь.
Amnesty International упэўненая, што Мікалай Махалічаў не здзейсніў ніякага міжнародна прызнанага крымінальнага злачынства або дзеянняў, якія з'яўляюцца злачынствам па беларускаму заканадаўству, і падвяргаецца пераследу выключна за ажыццяўленне свайго права на свабоду веравызнання.
"Калі затрыманага экстрадуюць у Расію, ён будзе прыцягнуты да адказнасці за свае мірныя перакананні, а таксама падвергнецца рэальнай рызыцы катаванняў і іншага жорсткага абыходжання і несправядлівага судовага працэсу. Калі Беларусь выдасць яго Расіі, гэта будзе парушэннем яе міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека", – гаворыцца ў звароце арганізацыі.
Таксама Amnesty International падкрэслівае, што беларусы ганарацца шматвяковай рэлігійнай талерантнасцю сваёй краіны:
"У адрозненне ад Расеі, Беларусь паважае права Сведак Яговы на свабоду веравызнання. У краіне дзейнічаюць 27 абшчын гэтай царквы.
З іншага боку, Сведкі Яговы сутыкаюцца з пераследам у Расіі, пасля таго як іх арганізацыя была забароненая як "экстрэміцкая" у красавіку 2017 года".
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta таксама заклікае ўлады Беларусі не выдаваць Мікалая Махалічава і патрабуе няўхільнага выканання заканадаўства Беларусі і выканання ўсіх неабходных працэдураў для недапушчэння парушэння правоў затрыманага.
Паводле расійскага праваабарончага цэнтра "Мемарыял", не менш за 200 Сведак Яговы праследуюцца па артыкуле 282.2 КК РФ "Арганізацыя дзейнасьці рэлігійнай арганізацыі, у дачыненні да якой прынята рашэнне аб ліквідацыі ў сувязі з ажыццяўленнем экстрэмісцкай дзейнасці". Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Як паведамляе "Мемарыял", на сёння не менш за 15 Сведак Яговы знаходзяцца пад вартай, 24 – пад хатнім арыштам. Яшчэ 163 мелі іншыя меры стрымання.
У Беларусі ж абшчына Сведак Яговы афіцыйна зарэгістраваная, вернікаў больш за 6000.