Каардынацыйны камітэт БНП патрабуе вызвалення Сяргея Сацука
Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў сувязі з затрыманнем галоўнага рэдактара выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука распаўсюдзіў заяву, у якой патрабуе неадкладнага вызвалення журналіста і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні яго, піша npbelarus.info.
27 сакавіка 2020 году
25 сакавіка ў Мінску супрацоўнікамі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю быў затрыманы журналіст і галоўны рэдактар сеткавага выдання «Ежедневник» Сяргей Сацук. 26 сакавіка супрацоўнікі названага вышэй дзяржаўнага органу здзейснілі выманне дакументаў у рэдакцыі «Ежедневника».
Паводле інфармацыі ад сваякоў і калегаў Сяргея Сацука, яму інкрымінуецца здзяйсненне злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкулу 430 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (атрыманне хабару паўторна, ці шляхам вымагальніцтва, ці групай асобаў па папярэдняй змове, ці ў буйным памеры), пакаранне паводле якога прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.
Прадстаўнікам арганізацыяў грамадзянскай супольнасці Беларусі Сяргей Сацук вядомы як прынцыповы і адданы сваёй прафесіі журналіст, які, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, што склаліся ў медыя-сектары нашай краіны, цягам гадоў працуе ў жанры журналісцкіх расследаванняў. Адна з апошніх яго гучных працаў — серыя матэрыялаў у выданні «Ежедневник» пра карупцыю ў сістэме Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Пазней шматлікія фігуранты гэтых матэрыялаў Сяргея Сацука былі асуджаныя да турэмных тэрмінаў за карупцыйныя злачынствы.
Гэтыя журналісцкія расследаванні Сяргея Сацука выклікалі хвалю негатыўных матэрыялаў пра яго ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, у якіх галоўнага рэдактара выдання «Ежедневник» абвінавачвалі ў напісанні замоўных артыкулаў.
Паводле інтэр’ю, якое Сяргей Сацук у жніўні 2019 году даў інтэрнэт-газеце «Naviny.by», а таксама тэксту, які 26 сакавіка 2020 году быў апублікаваны на сайце «Еўрапейскага Радыё для Беларусі», журналіст неаднаразова атрымліваў пагрозы праз сваю журналісцкую дзейнасць.
Улічваючы гэтыя факты, Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства выказвае поўнае падтрыманне і салідарнасць з заявай грамадскай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў» ад 26 сакавіка 2020 году і патрабуе неадкладнага вызвалення Сяргея Сацука і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні яго.
Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы
Форуму грамадзянскай Супольнасці Усходняга партнёрства
Кейс журналіста Сяргея Сацука: самае галоўнае
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96