Блізкія асуджаных просяць дэпутатаў ініцыяваць выключэнне 411 артыкулы з КК
Жонка асуджанага Людміла Кучура і прадстаўніца "Руху маці" Таццяна Славіна пабывалі на асабістым прыёме ў старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Алега Белаконева.
Асноўнай тэмай абмеркавання з дэпутатам стала выключэнне з крымінальнага кодэксу рэпрэсіўнага ў дачыненні да асуджаных артыкула 411 – "Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі".
Людміла Кучура і Таццяна Славіна перадалі дэпутату для аналізу некалькі спраў, узбуджаных па 411 артыкуле. Пры гэтым яны адзначылі, што адзінай мерай пакарання па дадзеным артыкуле з'яўляецца пазбаўленне волі. Атрымліваецца, фактычна дысцыплінарныя правіны, напрыклад, сістэматычная адмова рабіць зарадку ці не выцерты пыл у камеры, становяцца злачынствам. Акрамя таго, тэрміны "злоснае непадпарадкаванне", "іншае процідзеянне адміністрацыі ў ажыццяўленні яе функцый" канкрэтна не растлумачаныя ні ў нормах Крымінальнага кодэкса, ні ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе, ні ў іншых нарматыўных актах.
На думку Людмілы Кучура, адміністрацыя папраўчай установы мае ўсе магчымасці для адвольнага, пашыральнага, небесстаронняга тлумачэння дадзеных паняццяў. А абскардзіць такія спагнанні асуджаным становіцца практычна немагчыма: вялікія матэрыяльныя выдаткі на аплату дзяржпошліны і паслугі адваката, недастаўленне на судовае пасяджэнне, наступны пераслед з боку адміністрацыі за спробу адстаяць свае правы. Суд, як правіла, заўсёды становіцца на бок адміністрацыі папраўчай установы.
Яскравым прыкладам можа быць выпадак з асуджаным Пятром Кучурай, які пасля абскарджання ў судзе двух накладзеных на яго спагнанняў на працягу наступных дзесяці месяцаў быў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці яшчэ 38 разоў і пераведзены для далейшага адбывання пакарання з ПК №15 у турму №4 г. Магілёва. Неаднаразова ад адміністрацыі папраўчых устаноў яму выказваліся пагрозы прымянення арт. 411 КК у выпадку далейшых абскарджанняў накладзеных спагнанняў.
"Усё гэта прыводзіць да таго, што на практыцы дысцыплінарныя спагнанні і наступнае прыцягненне да адказнасці па артыкуле 411 нярэдка ўжываюцца як мера рэпрэсій, помсты ў дачыненні да непажаданых асуджаных і з'яўляецца па сутнасці інструментам падаўжэння тэрміну пазбаўлення волі па вырашэнню адміністрацыі папраўчай установы", – лічаць жанчыны.
Яны прасілі дэпутата выступіць з ініцыятывай аб выключэнні гэтага артыкула з Крымінальнага кодэкса.
Алег Белаконеў адзначыў, што з такім пытаннем у Палату прадстаўнікоў звяртаюцца ўпершыню, сама праблема выклікае ў яго цікавасць, аднак абяцаць ён нічога не можа. Дэпутат сказаў, што пытанне выключэння артыкула 411 з КК вынесуць на разгляд, камісія вывучыць усё тую інфармацыю, якую далі жанчыны, а таксама практыку іншых краін, у тым ліку СНД, магчыма абмяркуюць паднятае пытанне з Міністрам унутраных спраў і начальствам Дэпартамента выканання пакаранняў.
Людміла Кучура падкрэсліла, што ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы павінны быць правілы, але кожныя правілы маюць і сваю мяжу.
Жонка асуджанага Пятра Кучура ведае, што цяпер у парламенце знаходзяцца на разглядзе некаторыя змены і дапаўненні ў Крымінальны кодэкс, але надзеі на тое, што дэпутаты стануць на бок асуджаных і прымуць прапанаваныя жанчынамі папраўкі – вельмі малая.
Яны пакінулі зварот да Алега Белаконева ў пісьмовым выглядзе і чакаюць атрымаць матываваны і абгрунтаваны адказ ва ўстаноўлены законам тэрмін.
Нагадаем, што па гэтым жа артыкуле за некалькі дзён да вызвалення падаўжаўся тэрмін былым палітвязням Мікалаю Дзядку, Дзмітрыю Дашкевічу. Верагодна, гэты ж артыкул можа быць прыменены і да цяперашняга палітвязня Міхаіла Жамчужнага, які адбывае пакаранне ў Горацкай калоніі №9, дзе для яго створаныя невыносныя ўмовы, а адміністрацыя калоніі шматразова выносіла спагнанні ў выглядзе сутак у ШІЗА і пераводу ў ПКТ.
Артыкул 411: Як тэрмін зняволення можа стаць бясконцым?