"А воз і дагэтуль там": тры гады праваабаронца спрабуе прыцягнуць да адказнасці АМАПаўцаў
Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка зноў звярнуўся ў пракуратуру горада са скаргай на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і бяздзейнасць пракуратуры Першамайскага раёна г. Мінска.
На працягу практычна трох гадоў праваабаронца спрабуе дамагчыся справядлівасці і пакараць вінаватых супрацоўнікаў АМАП за неправамернае яго збіццё пры налёце на офіс «Вясны» 25 сакавіка 2017 года.
Даведачна 25 сакавіка 2017 года ў 12 гадзін у офісе, дзе працуе грамадская прыёмная ПЦ "Вясна", пачаўся інструктаж назіральнікаў, якія збіраліся ажыццяўляць маніторынг акцыі з нагоды Дня Волі. Папрысутнічаць на інструктажы таксама прыйшлі замежныя праваабаронцы і журналісты. Каля 13 гадзін у офіс брутальна ўварваліся АМАПаўцы, людзей паклалі тварам у падлогу, загадалі ўсім ляжаць, пачалі ператрус. У выніку каля 60 чалавек было затрымана і дастаўлена ў Першамайскі РУУС, а юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка быў дастаўлены з РУУС у лякарню, паколькі быў збіты амапаўцамі падчас ўварвання ў офіс. |
Аляксей Лойка азнаёміўся з матэрыяламі праверкі па сваёй справе і высветліў, што з 12 красавіка 2018 года, калі была вынесеная апошняя адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да датычных да збіцця праваабаронцы асобаў, па цяперашні час Следчым камітэтам па Першамайскім раёне, а таксама пракуратурай раёну не рабілася якіх-небудзь эфектыўных дзеянняў, накіраваных на рэалізацыю ўказанняў пракуратуры г. Мінска, якія былі дадзены два гады таму.
У прыватнасці, тады пракуратура ўказвала РАСК на неабходнасць «далучыць да матэрыялаў праверкі дакументы, якія змяшчаюць падставы знаходжання 25 сакавіка 2017 года супрацоўнікаў праваахоўных органаў у кватэры», дзе сабраліся назіральнікі.
Аднак РАСК так і не ўстанавіў якога-небудзь абгрунтавання таго, чаму супрацоўнікі АМАП праніклі ў жылое памяшканне і знаходзіліся ў ім. Аляксей Лойка лічыць, што такое пранікненне было незаконным.
З рапарта камандзіра групы затрымання Аляксея Тарасава на імя камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы вынікае, што "па наяўнай інфармацыі ў кватэры знаходзіцца ад 15 да 20 грамадзянаў радыкальна настроеных, як мяркуецца анархістаў, а таксама некаторыя прадстаўнікі апазіцыі, якія хочуць арганізаваць масавыя беспарадкі, што суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК)".
Аляксей Лойка адзначае, што пры правядзенні праверкі Першамайскім РАСК не была дадзеная ацэнка таго, што звесткі, названыя ў рапарце Аляксея Тарасава, носяць характар дапушчэння і здагадкі: замест меркаваных 15-20 грамадзянаў супрацоўнікамі АМАП было затрымана 55 чалавек; не была дадзеная ацэнка і таму, наколькі звесткі АМАП удакладняліся і правяраліся, ці мелася магчымасць верыфікаваць іх, ці было сілавое пранікненне ў кватэру прапарцыйным абстаноўцы, якая мела месца ў аб'ектыўнай рэальнасці.
Аляксей Лойка звяртае ўвагу і на тлумачэнні супрацоўніцы міліцыі Шкулёвай Е.В .: "[...] я знаходзілася ў складзе мабільнай групы, у грамадзянскай форме адзення. Маёй задачай было зайсці ў неабходны пад'езд, а затым атрымаць доступ у паказаную кватэру. Я падышла да дзвярэй, пазваніла ў званок. За дзвярыма нехта паглядзеў у вочка, магчыма нешта пытаўся ў мяне, але пачуўся гук адкрыцця дзвярэй, і ўваходныя дзверы прыадчыніліся".
"Пры указаных у рапарце абставінах можна зрабіць выснову аб тым, што пранікненне ў жылое памяшканне мела адвольны характар, з прыкметамі перавышэння ўлады і службовых паўнамоцтваў, паколькі аб'ектыўны бок складу злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 293 КК, патрабуе «гвалту над асобай, пагромаў, падпалаў, знішчэння маёмасці, узброенага супраціву прадстаўнікам улады». Апазіцыйная літаратура і ўлёткі, запісаў пра канфіскацыю якіх нават не маецца ў матэрыяле праверкі, не могуць служыць спадарожнымі прадметамі для здзяйснення тых дзеянняў, якія ўтвараюць аб'ектыўны бок масавых беспарадкаў", – прыходзіць да высновы ў сваёй скарзе праваабаронца.
Юрыст "Вясны" таксама падкрэслівае, што якога-небудзь абгрунтавання таго, ці меліся ў супрацоўнікаў АМАП падставы для затрымання яго самога, з матэрыялаў праверкі таксама не вынікае.
Апытаныя супрацоўнікі АМАП Паддубскі А.В. і Бізуковіч В.К. сцвярджалі, што падставай прымянення да Аляксея Лойкі фізічнай сілы сталі дзеянні, накіраваныя нібыта на перашкаджэнне пранікненню міліцыянтаў у кватэру, а таксама аказанне ім непадпарадкавання. Пры гэтым, як вынікае далей з матэрыялу праверкі, у дачыненні да праваабаронцы адміністрацыйнае затрыманне не ўжывалася, хоць яго і даставілі ў РУУС, пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.4 КаАП не складаліся.
"Тлумачэнні супрацоўнікаў АМАП супярэчаць довадам маёй заявы аб здзяйсненні злачынства, у якім я ўказваў, што цялесныя пашкоджанні мне былі нанесены непасрэдна ў ходзе затрымання. Пры такіх абставінах мяркую, што ў працэсе правядзення праверкі Першамайскім РАСК неабгрунтавана не было прынята працэсуальнага рашэння аб узбуджэнні крымінальнай справы для правядзення ўсяго спектру следчых дзеянняў, які даступны следчаму на этапе расследавання крымінальнай справы", – перакананы праваабаронца.
Аляксей Лойка лічыць, што падчас правядзення праверкі не была дадзеная аб'ектыўная і вычарпальная ацэнка дзеянням супрацоўнікаў, якія затрымалі яго, пазбавіўшы тым самым свабоды, а таксама прымянення фізічнай сілы як непасрэдна ў ходзе затрымання, так і пасля яго, калі ён знаходзіўся ў нерухомым стане каля сцяны ў кватэры.
"За тры гады з моманту нанясення мне цялесных пашкоджанняў супрацоўнікамі АМАП і звароту ў следчы камітэт пракуратура Першамайскага раёна не прадаставіла мне эфектыўных сродкаў прававой абароны па аднаўленню маіх парушаных правоў", – адзначае праваабаронца ў скарзе.
Ён просіць пракуратуру Мінска правесці праверку выкладзеных фактаў і довадаў аб неправамернасці дзеянняў супрацоўнікаў АМАП ГУУС Мінгарвыканкама па пранікненні ў жылое памяшканне, ужывання ў дачыненні да яго затрымання і фізічнай сілы і прызнаць названыя дзеянні неправамернымі, парушаючымі яго правы.