viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: V. ДЭПАРТАМЕНТ ФІНАНСАВЫХ РАЗСЬЛЕДВАНЬНЯЎ Дакумент

2020 2020-02-11T11:52:03+0300 2020-02-12T14:22:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kezhun.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Назаўтра зранку мяне ізноў павезьлі ва ўправу ДФР на вуліцу Петруся Броўкі. Напачатку следчай Касынкінай не было, а быў мужчына, сярэдніх гадоў, які прадставіўся, сказаў, што ён таксама ўваходзіць у групу сьледчых па гэтай справе. Паводзіў ён сябе зусім па-іншаму за Касынкіну. Тая была злой і нярвовай, ён жа быў вельмі карэктным, нават спачувальна-далікатным і дапытваў мяне з пэўнай няёмкасьцю. 

Падчас допыту ён яшчэ раз спытаўся наконт выпісак зь літоўскага банку. Я ізноў падцьвердзіў, што рахунак ёсьць, але ня даў ніякіх тлумачэньняў. Тады ён ціхім голасам сказаў, што ёсьць яшчэ такія ж паперы і з польскага банку. У мяне аж пацямнела ў вачох, як быццам бы мне з усяе сілы саўганулі пад дых.  Як так? Няўжо палякі таксама здалі мае дадзеныя беларускім уладам? 

Я ўмольна паглядзеў на Зьміцера. Той зразумеў, што трэба ратаваць, і адразу спытаў у сьледчага, ці можам мы паразмаўляць сам на сам. Сьледчы пагадзіўся, выказаў, як кажуць зэкі, разуменьне. Мы выйшлі на калідор, і я, ледзь не абапіраючыся на Зьміцера, пабрыў да калідорнага вакна.

Яшчэ ў другой палове чэрвеня, як толькі ў падаткавай інспекцыі мне паказалі выпіскі з рахунка літоўскага банка і запатрабавалі тлумачэньняў, я літаральна праз два дні папрасіў сустрэчу ў польскай амбасадзе. Будынак амбасады быў відаць з вакна кухні, дзе мы жылі. І праз лісьце дрэваў у двары часам мільгаў бел-чырвоны сьцяг на флагштоку каля амбасады і трывожна кранаў маё сэрца, здавалася, што гэта наш – бел-чырвона-белы, вярнуўся на вуліцы Менска. 

Супрацоўніку амбасады, зь якім я сустрэўся, я апісаў здарэньне, перадаў ксеракопіі раздруковак з літоўскага рахунку, як доказ таго, што справа сапраўды важная і я не панікую надарэмна. Я  патлумачыў, што рахунак у польскім банку выкарыстоўваецца як рахунак Праваабарончага цэнтру “Вясна” і папрасіў пракантраляваць, каб зь ім не зрабілася тое, што з літоўскім рахункам.

Гаварыў я паўшэптам, выдатна разумеючы, што польская амбасада, якая месьцілася на вуліцы Румянцава ў катэджы сталінскіх часоў, праслухоўваецца можа яшчэ з савецкіх часоў.

Праз два дні ён патэлефанаваў і папрасіў, каб я ізноў прыйшоў у амбасаду. Во-о-о-й, хадзіць па амбасадах у Менску! Здаецца, з усіх бакоў цябе прастрэльваюць кэгэбісцкія камеры… Ён афіцыйным тонам паведаміў, што я магу быць спакойным, бо выдача беларускім уладам рахунку з Польшчы проста немагчымая. Голас ягоны быў цьвёрды, вочы ясныя і ўпэўненыя.

“Добра, – падумаў я, выходзячы з польскай амбасады, – хоць на адную магчымую праблему меней”.

Памыляўся.

Зараз, калі я брыў разам з адвакатам па калідоры ўправы ДФР да вакна, у мяне было горкае адчуваньне, што мне здрадзілі. Гэты польскі рахунак нічога істотнага ў маім становішчы не мяняў, бо і літоўскага хапала, каб затрымаць мяне. Але сам факт таго, што беларускія ўлады два разы закінулі вудку з нажыўкай – дохлым такім чарвячком – у дэмакратычныя Літву і Польшчу і два разы ў іх клюнула, мяне проста ледзь не зваліў з ног. Як хутка яны забыліся на тое, што ў іх тварылася дваццаць пяць гадоў таму! Сапраўды кажуць, сыты галоднаму не таварыш.

Мы пастаялі ў канцы калідора, я гучна ўздыхаў, адсапваўся.

“Поўны трындзец!” – адзінае, што я мог толькі сказаць адвакату.

Новую інфармацыю трэба было яшчэ пераварыць. Праз хвілінаў пяць я крыху апрытомнеў, і мы вярнуліся ў кабінет, допыт працягнуўся. На ўсе наступныя пытаньні сьледчага адказваць я адмовіўся. Той з разуменьнем і гатоўнасьцю выслухаў гэтае маё – “не”.

Пад канец допыту зьявілася сьледчая Касынкіна і паведаміла, што перад тым, як мяне завязуць на Валадарку, яна патэлефанавала жонцы, каб тая прыехала і перадала самае неабходнае: вопратку, бялізну, “мыльна-рыльнае”.

У кабінет, дзе мы сядзелі, забегла нейкая дзяўчына і павіталіся з адвакатам.

“Мая аднагрупніца, разам вучыліся”, – патлумачыў ён.

Затым Зьміцер пайшоў, увесь узлахмачаны, відаць, што і яго гэтая справа пачала чапляць па-сур’ёзнаму. Мяне пасадзілі на крэсла ў куток кабінету, і я церпяліва чакаў прыход Натальлі.

pinchuk-natallia.jpg
Жонка Алеся Бяляцкага Натальля

У гэты час, з іншага відаць кабінету, прывялі нейкага тоўстага маладога хлопца, зарослага чорнай шчэцьцю. На руках у яго былі чырвоныя пісягі ад кайданкоў. Сьледчы запытальна паглядзеў на прывёўшага яго дэфээраўца.

На Валадарку таксама павязем, – патлумачыў той.

За што? – спытаўся маёр.

– Каўбасы кантрабандаю з Беларусі вазілі ў Расію. Пухлы перавозіў праз мяжу, там разгружаўся і вяртаўся з грашыма.

– Праўда, Пухлы? – засьмяяўся маёр.

– Праўда, – кіўнуў галавой няўдачлівы кантрабандыст, – ды колькі там было тых кілбасаў.

– Хай бы ты сюды прывёз пару цэнтнераў ды падарыў нам, – весела парагаталі дэфээраўцы.

Хлопец таксама залівіста засьмяяўся.

“Угоднічай, ня ўгоднічай, мала табе гэта дапаможа, – падумаў я. – Урэшце можа гэта ён ад шоку сьмяецца, яшчэ не прыйшоў у сябе. Вось і першы мой калега па няшчасьці. І мянушку яму міліцыянты далі – Пухлы, і ён адразу на яе адгукацца пачаў. Ні спачуваю я твайму “бізнэсу”, ня ведаю я цябе зусім і ўведаць бліжэй ня хочу, але запомню цябе, Пухлы, мой першы субрат па няволі”.

“У турме ўсе роўныя”, пачую я пазьней гэтую мудрую прымаўку. А чым? Ды ёй жа, заклятай няволяй.

Мы сядзелі на крэслах, чакалі, нам ужо не было куды сьпяшацца. Дэфээраўцы ж бегалі туды-сюды, жартавалі, сьмяяліся, заходзілі ў суседні пакой і выходзілі адтуль, пераапрануўшыся, у белых сьвяточных кашулях, зь медалямі на парадных мундурах, размаўлялі пра граматы, пра сход. Здаецца, што яны зусім забыліся на нас.

“Што ж за сьвята ў вас такое?”, – думаў я, і хутка зь іхніх размоваў зразумеў: дзень ДФР!

“Вось так, – раздумваў я, – хто скача, а хто і плача”.

Пасьля сьвяточнага сходу афіцэры ізноў пераапраналіся ў штодзённае. Затым у кабінет зайшла Натальля зь вялікай цыратавай торбаю. Мы абняліся, сьледчая пачакала, пакуль мы не пагаворым. Я распытаўся, як яна, як Адась, сказаў, што пачуваюся нармальна і, галоўнае, каб яна моцна не пераймалася. Трывога была ў яе вачах.

– Я табе кніжку паклала, – сказала Натальля.

Я паглядзеў, перабіраючы пачкі печыва і сурвэткі. Гэта былі ўспаміны Яўгеніі Гінзбург – “Круты маршрут”, пра яе гады зьняволеньня ў сталінскіх турмах ды лагерох, якую я купіў увесну ў Маскве. Я ўжо быў прачытаў яе, але падумаў, што такая кніжка зараз дарэчы і я перачытаю яе яшчэ раз.

Мы выйшлі ўсе разам на вуліцу. Першага ў машыну пасадзілі “каўбаснага кантрабандыста”, мы з Наталяй абняліся і пацалаваліся – разьвітваемся немаведама на які час.

Вох, гэтыя пацалункі на людзях, якія розныя вы бываеце! Пацалункі ж тых, каго забіраюць у турму зусім іншыя. Яны не такія, як ты ідзеш на працу да вечара і цмокаеш жонку у шчочку, не такія, калі зьяжджаеш у камандзіроўку на тыдзень, не такія, якімі абменьваешся ў дзень нараджэньня ці іншае сямейнае сьвята. Няма мабыць больш шчырых пацалункаў за гэтыя. І зусім ня важна, што на цябе паглядаюць людзі і ты ўжо далёка ня хлопец.

Метрах у дзесяці ад нас стаялі нашая “вясноўка” Ірына і журналіст Барыс Гарэцкі з дыктафонам.

– Куды вас вязуць? – спытаўся Барыс.

– На Валадарку, – адказаў я.

– Трымайцеся, спадар Бяляцкі! – прачулым голасам выгукнуў Барыс.

Ён крыху ведаў, што гэтае такое, бо і яго некалі, васямнаццацігадовага, судзілі па крыміналцы за ўдзел у Маладым Фронце. Абыйшоўся тады ён штрафам. Я кіўнуў яму. Урэшце мы разьмясьціліся – двое арыштаваных і трое афіцэраў, і машына пакаціла ў цэнтр гораду.

Мы ехалі па прасьпекце, праехалі каля нашага дому на Круглай плошчы, я толькі круціў галавой: мост праз Сьвіслач, “Цэнтральны”, ГУМ, а потым пакацілі па Гарадзкім Вале чамусьці на Рэспубліканскую. Мы пад’ехалі да будынку-сталінкі менскай гарадзкой пракуратуры. Нас вывелі абодвух, штосьці яшчэ пракурорскія хацелі ад нас. Мы прайшлі па доўгім калідоры з высокімі столямі. Афіцэры агледзеліся і разьвялі нас па розных кабінетах.

Я патрапіў да намесьніка пракурора Казіміра Кежуна. За сталом сядзеў унурысты, невялікага росту дзядзька зь белым, рыхлым, як развараная бульба, тварам. Ён узяў картонную тэчку з рук дэфээраўца, разгарнуў яе, хутка прабег вачыма і запытаўся ў мяне:

Прызнаеце віну? Гатовыя супрацоўнічаць са сьледзтвам?

Не прызнаю, – адказаў я.

kezhun.jpg
Намесьнік пракурора Казімір Кежун

Ён нахмурыўся яшчэ болей, нічога не кажучы, узяў асадку і нярвова падпісаў нейкую паперку у тэчцы.

“Што ты робіш?” – падумаў я. Усё здалося хуткім і пасьпешлівым. Ні сам ён толкам нічога не сказаў, ні мяне як сьлед ня выслухаў. Хіба так імгненна вырашаюцца лёсы людзей?

Мне тады і ў голаву не прыходзіла, што і ДФР, і КДБ, і пракуратура займаліся “Вясной”, мной і Валянцінам Стэфановічам, а таксама нашымі роднымі, ужо амаль год. У лістападзе, гартаючы старонкі сваёй справы, я зразумеў, што пасьля затрыманьня Валадаркі мне было ўжо не пазьбегнуць, і што мой лёс на гэты перыяд, да суду, ужо быў вырашаны загадзя.

Мы выйшлі ў калідор. Там нас ужо чакаў Пухлы з сваім суправаджальнікам. Яго аформілі яшчэ хутчэй за мяне. Мы ізноў селі ў машынку і паехалі назад па Гарадзкім Вале, паўз помнік Міцкевічу, проста да старой брамы яшчэ царскіх часоў. Валадарка. Фортка ў браме адчынілася, і мы зайшлі ў сярэдзіну: “Забудь надежду всяк сюда входящий…”

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: IV. СЬЛЕДЧАЯ КАСЫНКІНА

Ехаць было літаральна хвілінаў сем. Мы прыпыніліся каля звычайнага офіснага будынку, падобнага на кантору праектнага інстытуту, зайшлі ў доўгі калідор, затым у кабінет. Нас ужо чакала моцна нафарбаваная, вострадзюбая, з мігдалёвымі блакітнымі вачыма дзяўчына ў сіняй службовай форме, якая нагадала асу. Прадставілася: кіраўнік групы па разьсьледваньні справы Тацьцяна Касынкіна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства