viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: IV. СЬЛЕДЧАЯ КАСЫНКІНА

2020 2020-02-04T13:25:48+0300 2020-02-04T14:54:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kasynkina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ехаць было літаральна хвілінаў сем. Мы прыпыніліся каля звычайнага офіснага будынку, падобнага на кантору праектнага інстытуту, зайшлі ў доўгі калідор, затым у кабінет. Нас ужо чакала моцна нафарбаваная, вострадзюбая, з мігдалёвымі блакітнымі вачыма дзяўчына ў сіняй службовай форме, якая нагадала асу. Прадставілася: кіраўнік групы па разьсьледваньні справы Тацьцяна Касынкіна.

Сьледчая Тацьцяна Касынкіна ў цэнтры на пярэднім плане
Сьледчая Тацьцяна Касынкіна ў цэнтры на пярэднім плане

Таксама ў кабінеце сядзеў у белай кашулі з запінкамі і пад гальштукам, у акулярах і ў адпрасаваных нагавіцах, з капою кучараў на галаве адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Разам зь ім мы пісалі скаргі ў падаткавую, ён з сур’ёзным тварам папярэджваў мяне пра верагодны арышт, які ўрэшце і адбыўся. Дзьмітры нагадваў доктара, які прыехаў да пацыента на хуткі выклік. Мабыць, пакуль ішлі вобшукі, яго папярэдзілі пра мой арышт, і ён загадзя прыляцеў сюды.

Пачаўся першы допыт. Была гэта ўжо трэцяя крымінальная справа, па якой мяне дапытвалі. Першы раз – як сьведку, яшчэ ў 1991-м годзе, па антыкамуністычным мітынгу ў Менску каля Дому ўраду, калі мой прыяцель Валера Сядоў сеў на два месяцы ў СІЗА на Валадарку за “парушэньне грамадзкага парадку”. А рэальна за тое, што ўзьлез на пастамент Леніну і прыладкаваў да помніка крыж, абматаны калючым дротам, і лядашчую куфайку, як ён казаў: сімвалы ГУЛАГу. Я тады адмовіўся даваць паказаньні,  і ўзбудзілі крыміналку ўжо супраць мяне. Урэшце, яна ні чым ня скончылася.

Другі раз – Чарнобыльскі шлях 1996-га году. У СІЗА тады патрапілі Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка, а мяне ізноў выклікалі як сьведку па справе масавых беспарадкаў. І тады пасьля галадоўкі сядзельцаў справу спусьцілі на тармазах.

Касынкіна запытала асабістыя дадзеныя: імя, імя па бацьку, год нараджэньня, месца жыхарства, затым паказала мне вядомыя ўжо з падаткавай інспекцыі раздрукоўкі зь літоўскага банку разам з суправаджальным лістом з літоўскага міністэрства юстыцыі. Спыталася, ці магу я па іх патлумачыць што-небудзь, ці гэта мой рахунак, якім чынам я атрымліваў гэтыя грошы.

Я не адмовіў у існаваньні гэтага рахунку, але больш ніякай інфармацыі ня даў. 27-ы артыкул Канстытуцыі дазваляе ня сьведчыць супраць сябе. Гэта маё права – маўчаць, не балбатаць у першыя хвіліны, ачумеўшы ад шоку, прыкладна так, як нагаварыў на відэакамеру ў свой час Міхаіл Марыніч.

“Усё, што мне трэба, я скажу на судзе, – думаў я. – А даказаць маю віну павінна будзе грамадзянка Касынкіна. У гэтай справе я ёй не памочнік”.

Адвакат ухвальна ківаў.

“Будзеш, Зьміцер, маім апірышчам на бліжэйшы час, маёй мыліцай, маім суфлёрам і маім цэнзарам”, – думаў я.

А вось Таццяна Бацькаўна, пачырванелая, усхваляваная пачаткам сапраўднай справы, як на паляваньні будзе імкнуцца абарваць мне лыткі, бегучы за мной па сьледу. Ёсьць жа нейкія прычыны, па якіх яна пагадзілася на гэтую сумнеўную справу і ўзялася мяне засадзіць.

Допыт прайшоў вельмі фармальна. Зайшоў адзін з тых афіцэраў, які ўдзельнічаў у вобшуку, праглядзеў пратакол, што набірала сьледчая, патыкаў пальцам туды і сюды, штосьці прабубнеў ёй, прымусіў паправіць пратакол.

“Нявопытная яшчэ”, – падумаў я.

Ужо пазьней, калі я рыхтаваўся да суда і праглядаў матэрыялы справы, убачыў, што ў групу сьледчых па гэтай справе ўваходзілі чатыры чалавекі: тры мужчыны – маёры, і адная Тацьцяна Касынкіна – старэйшы лейтэнант. Відавочна, што вопытныя і хітраватыя хлопцы-сьледчыя не захацелі ўлазіць ў гэтую сумнеўную гісторыю, ад якой можна было атрымаць больш праблемаў, чым выгодаў, вырашылі схавацца і выставілі наперад Касынкіну, якая мабыць разглядала гэтую справу як магчымасьць умацаваць сваю кар’еру.

Пратакол допыту я не падпісаў, паасьцярогся на першы раз. Выклікалі панятых з суседняга кабінету, каб падпісаліся яны. Затым мяне ізноў пасадзілі ў дэфэраўскую цывільную машынку, папрасілі ня торгацца, каб ня путаць у кайданкі. Паведамілі, што на ноч завязуць у РУУС Савецкага раёну, каб ня везьці ў ізалятар часовага ўтрыманьня, і што так будзе лепей для мяне, бо заўтра зранку будзе ізноў допыт, а потым мяне перад выходнымі адразу пастараюцца ўладкаваць ў СІЗА. Паставіліся, можна сказаць, з увагай і клопатам.

“Усё ж ДФР гэта не ГУБАЗіК, – падумаў я, – там бы маглі ўжо і па скабах праехацца”

Але ў гэтым паведамленьні быў і не зусім добры знак.

“Калі ня хочуць везьці ў ІЧУ, а адразу ў СІЗА, значыць лёгкім спалохам не абыйдзецца”, – адзначыў я сабе.

Мы ехалі па начным ужо Менску. Бліскучы ад ліхтароў асвальт, яркія рэклямы, цёмныя дрэвы, людзі. Я глядзеў праз вакно машыны на праспект, на плошчу Коласа, імкнуўся запомніць апошнія абразкі мірнага гораду, які жыў сваім жыцьцём. Невядома, калі яшчэ я ўбачу яго.

Мы хутка даехалі да Савецкага РУУС, на завулак Якуба Коласа. Гэтае раённае аддзяленьне міліцыі добра вядомае мне. Побач Камароўка, дзе ў свой час проста на рынку быў кабінет суддзі па адміністратыўках і дзе колісь мяне судзілі. У аддзяленьні калісьці на мяне складалі пратаколы, трымалі да адпраўкі ў разьмеркавальнік на Акрэсьціна, бралі адбіткі пальцаў. Тут каля ганку колькі разоў мы стаялі ў розныя гады, чакалі, пакуль выпусьцяць ці не, затрыманых на акцыях людзей.

Праваабронцы Дзмітрый Салаўёў і Алесь Бяляцкі каля будынку РУУС Савецкага раёна г. Мінска
Праваабронцы Дзмітрый Салаўёў і Алесь Бяляцкі каля будынку РУУС Савецкага раёна г. Мінска

Мяне завялі ўсярэдзіну і сталі афармляць, запоўнілі анкету, павялі на другі паверх, адкаталі пальчыкі, перапісалі татуіроўкі. Супрацоўнікі рабілі не сьпяшаючыся сваю штодзённую руцінную работу. Ніякіх эмоцыяў. На мяне ім было начхаць. І вось урэшце мяне прынялі і завялі ў невялікую, квадратаў на шэсьць, камеру з кратамі замест дзьвярэй, у гэтак званы “абязьзяньнік”. Вузкія лаўкі паабапал сьценаў былі бетоннымі, плітка на падлозе, цёмныя закарэлыя і неадмытыя ад мачы куты. Было цёпла, я быў ў адной кашулі, падаслаць штосьці пад бок ці падкласьці пад галаву не было чаго.

У дзяжурку час ад часу прыводзілі затрыманых людзей. Вось прывялі п’яных хлопцаў, якія быўшы ў боўлінгу разьбілі люстру. Адзін зь іх крычаў дзяжурным міліцыянтам, як у фільме:

“Вы ведаеце, хто я? Вы ведаеце, хто мой бацька? Ды ён вас усіх пазвальняе! Вось ты – працуеш тут апошні дзень! І ты таксама! Вам усім пі…ц!”

Дзяжурныя міліцыянты паводзілі сябе на дзіва мірна. Ужо і я, здаецца, на іхнім месцы раззлаваўся бы. Яны ж ўвогуле не адгукаліся і не адказвалі на гучныя енкі п’янага хлопца. Пасадзілі затрыманых у суседнюю камеру і, здаецца, забыліся на іх. Пашумеўшы, п’яныя супакоіліся, затым заціхлі, відаць, заснулі, а прачнуўшыся праз пару гадзінаў, сталі ўпрошваць адпусьціць іх. Да майго зьдзіўленьня, гадзіны ў дзьве ночы іх сапраўды адпусьцілі, папярэдзіўшы, каб не бадзяліся па вуліцах. Былі там яшчэ нейкія п’яныя кабеты, якіх таксама хутка адпусьцілі, і на ноч з затрыманых я застаўся адзін.

Вось урэшце і я ўлёгся, варочаючыся на бетоннай лаўцы з боку на бок, спрабуючы асэнсаваць сёньняшні шалёны дзень, ды хутка заснуў і спаў добрым лёгкім сном аж да ранку. Толькі потым, ужо ў калоніі, пачуў ад аднаго зэка, які з горыччу казаў:

“Жыцьцё мінае, як у сабакі. Сем гадоў праспаў на бетоне”.

У гэтую першую ноч няволі я яшчэ ня ведаў, колькі такіх начэй “на бетоне” чакае мяне наперадзе. І таксама ня ведаў, што амаль кожную турэмную ноч буду спаць спакойным, моцным, як у дзіцяці, сном.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: III. ВОБШУК

Тым часам вобшук пачаўся. Дэфээраўцы падзялілі пакоі паміжсобку і пачалі метадычна пераглядаць нашыя рэчы. Вобшук адразу ішоў у двух пакоях. Я папрасіў Натальлю і Адама быць у адным зь іх, а сам перайшоў у іншы. Панятых мы таксама папрасілі падзяліцца.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства