У Вілейцы асудзілі актывіста за акцыі ў падтрымку незалежнасці
Актывіст з Вілейкі Андрэй Кудзік 22 студзеня атрымаў штраф у 30 базавых велічынь (810 рублёў) за ўдзел у акцыях у падтрымку незалежнасці, якія праходзілі ў Мінску 20 і 21 снежня 2019 года. Такое рашэнне прыняла суддзя суда Вілейскага раёна Алена Ахметава.
У двух пратаколах, па якіх адбываўся суд, было напісана, што Кудзік прымаў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, падчас якіх выкрыкваў лозунг "Жыве Беларусь".
"Адміністрацыйны працэс доўжыўся каля 20 хвілін. Суддзя мяне запытала: "Што вы мелі на ўвазе пад словами "Жыве Беларусь"? І было бачна, што ёй самой няёмка і адначасова смешна задаваць такія пытанні і весці гэты працэс. Але, тым не менш, яна вырашыла ўсё ж аштрафаваць мяне", - распавёў Андрэй Кудзік "Вясне".
Гэта ўжо трэці штраф, які атрымаў Кудзік цягам апошніх двух месяцаў. Яго ўжо судзілі за акцыю "Сустрэча свабодных людзей" 16 лістапада і за першую антыінтэграцыйную акцыю 7 снежня. Агульная сума штрафаў актывіста склала 2340 рублёў. Наперадзі ў яго яшчэ адзін суд (за ўдзел у акцыі 8 студзеня), які адбудзецца ў судзе Ленінскага раёна Мінска 27 студзеня (12.00).
Суды за акцыі ў падтрымку незалежнасці не спыняюцца. Расклад на студзень
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96