viasna on patreon

10 галоўных высноваў праваабаронцаў “Вясны” па выніках 2019-га Фота Дакумент

2020 2020-01-16T14:20:03+0300 2020-01-17T11:51:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_novy_chas_5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы “Вясны” прыйшлі да высновы, што сітуацыя ў Беларусі ў галіне правоў чалавека ў мінулым годзе застаецца стабільна кепскай. Гэта адбываецца, у першую чаргу, у выніку фактычнай адсутнасці значных сістэмных зменаў, у тым ліку, заканадаўчых. Нягледзячы на тое, што ўзровень рэпрэсій у краіне ў параўнанні з 2018 годам крыху знізіўся, на жаль, істотных зменаў у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў не адбылося. Праваабаронцы адзначылі толькі адзіную пазітыўную змену ў 2019 годзе — адмена крымінальнага артыкула 193.1, які прадугледжваў крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных грамадскіх аб'яднанняў, рэлігійных аб'яднанняў, партый і фондаў.

Не было заўважана і прадуктыўнага якаснага ўзаемадзеяння паміж прадстаўнікамі праваабарончай супольнасці і дзяржавы. Адзінкавыя кантакты насілі несістэмны характар і не прывялі да паўнавартаснага дыялогу па актуальным праваабарончым парадку дня. Так і не былі створаны нацыянальныя інстытуты па правах чалавека.

Праваабаронцы “Вясны” падрыхтавалі аналітычны агляд па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2019 годзе. Якія высновы яны зрабілі? Падрыхтавалі падборку з дзесяці асноўных высноваў праваабаронцаў за мінулы год у галіне правоў чалавека.

1. У 2019 годзе ўлады Беларусі не адмовіліся ад палітычна матываваных рэпрэсій і працягвалі іх прымяненне ў дачыненні да грамадзян краіны ў розных формах і праявах: крымінальны і адміністрацыйны пераслед і іншыя формы ціску ў сувязі з іх актыўнай палітычнай апазіцыйнай ці грамадскай дзейнасцю.

Па дадзеных “Вясны”, на працягу года палітычна матываваны крымінальны пераслед ажыццяўляўся ў дачыненні да сямі чалавек:

  • галоўнай рэдактаркі TUT.BY Марыны Золатавай,
  • блогераў Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава, Андрэя Павука,
  • берасцейскіх экалагічных актывістаў Майсея і Дзяніса Мазько,
  • актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенкі.

Гэта менш, чым у папярэднім 2018 годзе (18 чалавек), значна менш, чым у 2017 (40 чалавек), і столькі ж, як ў 2016 г. Трое з іх (Золатава, Пятрухін і Паліенка) былі асуджаныя судамі да пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі. Узбуджаныя крымінальныя справы ў дачыненні да астатніх былі спыненыя органамі следства ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства ў дзеяннях падазраваных і абвінавачаных. Такім чынам, у 2019 годзе ў Беларусі не з’явілася новых палітвязняў.

polienka_dzmitry_sud_2019_spring96org-5.
Дзмітрыя Паліенку вызваляюць у залі суда пасля сямі месяцаў арышту

Аднак у 2019 годзе ў калоніі №9 у Горках працягвае адбываць тэрмін Міхаіл Жамчужны — адзіны на дадзены момант палітвязень, прызнаны такім беларускай праваабарончай супольнасцю.

2. Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання, якія прайшлі 17 лістапада 2019 г., не былі прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі як незалежнымі нацыянальнымі назіральнікамі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, так і міжнароднай місіяй назірання за выбарамі БДІПЧ АБСЕ. Яны не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

vybarchy_uchastak_390-7.jpg
Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка на выбарчым участку

3. Правядзенне выбараў у цэлым не прывяло да значнага росту рэпрэсій у краіне непасрэдна ў перыяд электаральнай кампаніі. Аднак колькасць выпадкаў прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у мірных сходах у перыяд правядзення выбараў павялічылася пасля завяршэння выбараў. Праваабаронцы такім чынам адзначылі рост рэпрэсій у пост-выбарчы перыяд.

minsk_agitacyja_6-4.jpg
Агітацыйны пікет "Еўрапейскай Беларусі" 25 кастрычніка насупраць Мінгарсуда, дзе выносілі прысуд Дзмітрыю Паліенку

4. Бягучая сітуацыя і згода ўрада Беларусі на ўдзел у абмеркаванні парадку дня «паглыбленай інтэграцыі» ўяўляе патэнцыйную і рэальную пагрозу для суверэнітэту краіны. Гэта пацягнула актывізацыю беларускага грамадства ў правядзенні мірных акцый пратэсту ў падтрымку незалежнасці Беларусі і супраць падпісання інтэграцыйных пагадненняў з Расіяй. Гэта выклікала павелічэнне адміністрацыйнага пераследу ўдзельнікаў гэтых мірных сходаў. Характэрна, у той жа час працяг урадам Беларусі палітыкі дыялогу і нармалізацыі адносін з Еўрапейскім Саюзам і ЗША змушаў улады краіны ўстрымлівацца ад прымянення жорсткіх формаў рэпрэсій у дачыненні да палітычнай апазіцыі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці цягам мінулага году.

Акцыя супраць інтэграцыі. Фота:
Акцыя супраць інтэграцыі. Фота: "Радыё Свабода"

5. У 2019 годзе працягвалася прымяненне смяротнага пакарання, нягледзячы на ​​працяг дыялогу дзяржавы з ЕС і ПАСЕ па гэтай праблеме. У мінулым годзе былі вынесеныя тры новыя смяротныя прысуды, а тры ранейшыя прысуды былі прыведзеныя ў выкананне.

Таксама праваабаронцы акцэнтуюць увагу, што ў дзяржаўных СМІ адсутнічае якая-небудзь грамадская дыскусія на тэму прымянення ў краіне смяротнага пакарання. Толькі праваабаронцы спрабуюць уплываць на грамадскую думку па пытанні адмены смяротнага пакарання. “Вясна” ў рамках ініцыятывы “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” працягвае правядзенне кампаніі па адмене гэтага віду пакарання ў краіне.

Пакаранне смерцю: рэтраспектыва і спадзяванні праваабаронцаў

У 2019 годзе кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" спаўняецца дзесяць год. Кампанія была распачатая 26 студзеня 2009 года Праваабарончым цэнтрам “Вясна” сумесна з Беларускім Хельсінкскім камітэтам і міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International. Мэтай кампаніі стала спыненне смяротнай кары ў краіне і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў.

6. У мінулым годзе назіралася адвольнае і паўсюднае абмежаванне свабоды мірных сходаў і выказвання думкі. У 2019 годзе за ажыццяўленне права на мірныя сходы, свабоду меркаванняў і іх выказванне на вулічных акцыях падвергнуты адміністрацыйным спагнаннях не менш за 151 чалавек, зафіксавана не менш за 234 выпадкі рэпрэсій.

sud_novy_chas_5.jpg
Актывістка Ніна Багінская ў судзе Перашамайскага раёна г. Мінска

Мірныя сходы грамадзян, якія праходзілі ў перыяд выбараў і пасля іх заканчэння, у большасці выпадкаў не спыняліся органамі правапарадку, а іх ўдзельнікі не затрымліваліся падчас правядзення сходаў і непасрэдна пасля іх завяршэння. Тым не менш, у 2019 годзе ўлады актыўна ўжывалі адміністрацыйныя спагнанні ў дачыненні да 4 ўдзельнікаў сходаў, у тым ліку і арышты.

Адміністрацыйны пераслед у 2019 годзе ў графіках і лічбах (інфаграфіка)

Праваабарончы цэнтр “Вясна” вядзе статыстыку ўжывання артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэнняў, якія выкарыстоўваюцца для палітычна-матываванага пераследу грамадзян. Па меркаванні праваабаронцаў такімі звычайна з’яўляюцца артыкулы 23.34 КаАП (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), ч. 2 арт. 22.9 КаАП (праца журналістаў без акрэдытацыі), 23.4 КаАП (непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы), 17.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і іншыя.

7. Таксама на працягу года былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі пераследу блогераў і журналістаў незалежных СМІ ў сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці. Па дадзеных “Вясны”, за 2019 год зафіксаваныя 45 фактаў адвольнага прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці 20 журналістаў і блогераў па ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Пераследу з боку ўладаў гэтак жа падвяргаліся незалежныя блогеры і журналісты-фрылансеры, якія ажыццяўляюць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ, у першую чаргу з польскім тэлеканалам Белсат.

Сяргей Пятрухін у судзе. Фота: ПЦ
Берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін у судзе. Фота: ПЦ "Вясна"

8. У 2019 годзе істотна не змянілася становішча з правамі на асабістую недатыкальнасць, свабоду ад катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання.

Праваабаронцы “Вясны” ў рамках праекта #БезПраваНаРасправу сабралі сведчанні аб рознага роду праявах жорсткасці з боку прадстаўнікоў улады.

Праект пра катаванні ў Беларусі

Мультымедыйны праект #БезПраваНаРасправу з'яўляецца часткай дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна" па выяўленні выпадкаў катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання з боку органаў улады і іншых дзяржаўных структур.

9. Цягам мінулага года не адбылося істотных зменаў у сферы свабоды асацыяцыяў. У ліпені 2019 года перастаў дзейнічаць арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса (незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, альбо ўдзел у іх дзейнасці). У той жа час, уступіў у сілу арт. 23.88 КаАП, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу за ажыццяўленне дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый. Пакуль не было зафіксавана выпадкаў яго прымянення, аднак гэта не адмяняе небяспекі яго патэнцыйнага прымянення ў дачыненні да прадстаўнікоў незарэгістраваных арганізацый у будучыні.

kislyak_2k.jpg
Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк сустракае пасля арышту ўдзельнікаў мірных акцый супраць будаўніцтва завода АКБ. Раман Кісляк з траўня спрабуе зарэгістраваць брэсцкае абласное экалагічнае праваабарончае грамадскае аб'яднанне «ЭкаБрэст». У снежні Вярхоўны суд падтрымаў нерэгістрацыю "ЭкаБрэста".

10. У Беларусі цягам году былі зафіксаваныя некалькі выпадкаў дыскрымінацыі ўразлівых груп насельніцтва, а менавіта, ромскага насельніцтва і ЛГБТК+. Гэта звязана, у тым ліку з тым, што ў краіне адсутнічаюць рэальныя прававыя механізмы абароны ахвяраў дыскрымінацыі, не робяцца дзейсныя захады па абароне ўразлівых груп насельніцтва. Праваабаронцы занепакоеныя тым, што да гэтага часу адсутнічае адзіны рамачны закон аб недапушчэнні дыскрымінацыі. На адсутнасць комплекснага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства неаднаразова звярталі ўвагу ўладаў краіны як беларускія праваабарончыя арганізацыі, так і міжнародныя арганізацыі, Камітэт па правах чалавека ААН, у прыватнасці.

Эксперты ААН асудзілі масавыя затрыманні ромаў у Беларусі ў траўні 2019

Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі і Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях звярнуліся да ўрада Беларусі з пытаннем пра масавыя затрыманні ромаў і негуманным абыходжанні з імі ў траўні 2019 у Магілёве і іншых населеных пунктах.

10 галоўных высноваў праваабаронцаў “Вясны” па выніках 2019-га

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства