Віктар Сазонаў пра дыскрымінацыю беларускай мовы: Дык “і”, ці “або”?
Праваабаронца Віктар Сазонаў піша на "Гарадзенскай Вясне" аб тым, як гарадзенскія актывісты, праваабаронцы і назіральнікі спрабававалі дамагчыся раўнапраўя дзвух дзржаўных моў падчас выбарчай кампаніі 2019 года і што з гэтага выйша.
“…Згодна з падпунктам 1.3 пункта 1 Указа Інтэрнэт-сайты дзяржаўных органаў і арганізацый фармуюцца на рускай і (або) беларускай мовах, а пры неабходнасці таксама на адной або некалькіх замежных мовах…”.
Вось так… Адразу і не зразумееш, на які зварот можна атрымаць такі адказ! Увогуле адразу не зразумееш, пра што гэта напісана так казённа і звышразумна. І ўвогуле, з якой мэтай законатворца ў адну кучу, нібыта ў сметніцу, скінуў настолькі розныя, нават супрацьлеглыя паняткі “або”, і “і”.
А зварот той тычыўся простай і зразумелай рэчы: каб сайты раённых адіміністрацый Гарадзенскай вобласці інфармавалі жыхароў Гарадзеншчыны пра хаду выбарчай кампаніі і на беларускай мове таксама…
Гарадзенскія праваабаронцы Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Андрэй Коця, Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч, а таксама гарадзенскі праваабаронца з Беларускага Хельсінкскага Камітэту Раман Юргель падалі такія звароты ва ўсе раённыя адміністрацыі. Гэтыя праваабаронцы вылучыліся назіральнікамі на выбарах. Ну і хацелі пачытаць пра тыя выбары на звыклай для іх роднай мове, ды і людзі каб пачыталі на роднай мове таксама вельмі хацелі... Ёсць у нас і такія людзі. Ну і выбары ўсё ж!
Зразумелая здавалася б рэч. Напішыце беларусам па-беларуску, і хай чытаюць хто хоча. Ну не пагоршае людзям ад ўбачанага на экране свайго гаджэта нескладовага беларускага “Ў”! Тым больш, што закон аб мовах існуе. І там беларуская мова па-ранейшаму называецца дзяржаўнай. Ну і маральна-этычныя нормы шанаваць мову тытульнай нацыі таксама нібыта быць павінны...
Дык не! Не туды тое! Як толькі стартанула выбарчая кампанія, сайты адміністрацый Гарадзеншчыны старанна і своечасова размясцілі банеры “Выборы 2019” па-руску, на рускамоўных старонках, а пра беларускамоўныя версіі сваіх сайтаў ці то забыліся, ці можа ўвогуле не падазравалі, што такія існуюць…
Пра дыскрымінацыю беларускай мовы гаворыцца даўно і шмат дзе. Але пад час выбараў, гэтая нібыта абстрактная дыскрымінацыя найбольш яскрава знаходзіць канкрэтнага адрасата. І гаворка ўжо ідзе пра дыскрымінацыю беларускамоўнага выбаршчыка, а таксама пра стаўленне ў няроўныя ўмовы рускамоўных і беларускамоўных наведвальнікаў афіцыйных інфармацыйных рэсурсаў, бо апошнія папросту не атрымліваюць інфармацыі ў звыклай для іх форме.
Выбары, яны цікавыя яшчэ і тым, а можа толькі тым, што ўлада стараецца фармальныя патрабаванні да хады выбарчага працэсу выконваць бездакорна. Ну, трэба ж, каб хоць нешта выглядала прыстойна. Бо ключавыя рэчы, такія як фармаванне камісій, ці падлік галасоў, у закладзенае Выбарчым кодэксам разуменне празрыстасці ды галоснасці ўціснуць ў беларускіх рэаліях даволі складана нават па фармальных прыкметах. Але вось там, дзе фармальнае выкананне нормаў і патрабаванняў выбарчага заканадаўства аніяк не можа паўплываць на заранёў задуманы канчатковы вынік, там ад чыноўнікаў іх кіраўнікі парабуюць дакладнасці і своечасовасці.
А пастанова ЦВК ад 6-га жніўня 2019 г. № 27 так проста і патрабуе, каб інфармацыя пра выбары размяшчалася ў тым ліку і на сайтах мясцовых адміністрацый у адмыслова створанай рубрыцы “Выборы 2019”. Паколькі ў Беларусі, як гэта не выглядае абсурдна, але ж дзве дзяржаўныя мовы, то лагічна дадумацца, што на кожнай з іх і будуць інфармаваць грамадзян. Толькі вось у чыноўнікаў ці то логіка іншая аказалася, ці яе не аказалася зусім, але назіральнікі ў вызначаны заканадаўствам тэрмін інфармацыі пра выбары на сваёй роднай мове раздабыць не змаглі як ні намагаліся. Ну і напісалі адпаведныя звароты. А чым чорт ні жартуе?! Можа што і атрымаецца з гэтага?!
Ну і праўда, на дзіва ўзяло ды нешта зрушылася! І паляцелі папяровыя ды электронныя адказы на роднай мове прама на пошту праваабаронцаў. А там, у некаторых, такія харошыя словы, хоць ты да раны прыкладвай. “…дзякуем за актыўную грамадзянскую пазіцыю, неабыякавасць да роднай мовы і праяўленую цікавасць да сайтаў органаў дзяржаўнага кіравання…”.
Ды тут, па праўдзе гаворачы, не да сайтаў органаў дзяржаўнага кіравання увага праяўлялася! Проста за Дзяржаву крыўдна, якая роднай мовы не шануе, ну і на думку гэтых праваабаронцаў-назіральнікаў парушае выбарчае заканадаўства. Бо беларускамоўны выбаршчык пра выбары можа і не даведацца ўвогуле, шукаючы такую інфармацыю на беларускамоўнай версіі інтэрнэт-сайта, якая, па ўсёй логіцы, мусіць быць аналагічнай рускамоўнай версіі. Ну, але пра логіку чыноўнікаў ужо разважалі… Тут не ў ёй справа! Бо тут парушаюцца не толькі патрабаванні пастановы ЦВК, але і адбываецца адкрытая дыскрымінацыя беларускамоўных выбаршчыкаў па моўнай прыкмеце! Ну і дыскрымінацыя самой беларускай мовы таксама! І кім?! Тымі, хто па сваіх службовых абавязках мусяць сачыць за выкананнем і выбарчых патрабаванняў, і іншых заканадаўчых актаў. Ну і дзяржаўнасці беларускай мовы яшчэ пакуль не адмянілі і нават не прыпынілі на час выбарчай кампаніі…
Дзеля справядлівасці трэба азначыць, што для большасці раённых адміністрацый Гарадзеншчыны гэтыя аргументы аказаліся важнымі. Не зразу, пакрысе, відаць з беларускамоўнымі кадрамі там не ўсё ў парадку, але сітуацыю выправілі. А вось у пяці раёнах, Іўеўскім, Шчучынскім, Смаргоньскім, Лідскім і Астравецкім, вырашылі на зварот праваабаронцаў увагу не звяртаць, і нават час на адказы не губляць. Плюнулі і на мову, і на заканадаўства, якое абавязвае даваць адказы. Банераў пра выбары на беларускамоўных старонках іх сайтаў так і не з’явілася.
Можа яны думалі, што беларускамоўны выбаршчык прагаласуе не так, як ім хочацца, можа чым іншым кіраваліся, але інфармацыю таму беларускамоўнаму пра выбары на яго роднай мове так і не далі. Відаць той “…падпункт 1.3 пункта 1 Указа…”, пра тое, што “…Інтэрнэт-сайты дзяржаўных органаў і арганізацый фармуюцца на рускай і (або) беларускай мовах…”, яны расцанілі як “фармуюцца на рускай”, і ўсё на гэтым. Кропку паставілі пасля словў “на рускай”. Ну і неяк па-свойму патрактавалі і Пастанову ЦВК № 27 “Аб інфармаванні грамадзян…”. Ну а пра грэблівае стаўленне да сваёй мовы, да носьбітаў гэтай мовы, пра дыскрымінацыю і выбаршчыкаў, і ўвогуле грамадзян Беларусі па моўнай прыкмеце паўтарацца хіба не варта. Душа баліць…
P/S. Дарэчы, кандыдаты ў дэпутаты ў тых раёнах, пра інфармаванне беларускамоўных выбаршчыкаў на іх роднай мове перад раённымі адміністрацыямі не хадайнічалі. Напэўна былі перакананыя, што беларускамоўныя за іх не прагаласуюць. А можа ўжо ведалі, каму колькі галасоў прыпадзе…
Ну і яшчэ адзін P/S. Вось каго нельга абвінаваціць у тым, што яны на беларускамоўных старонках сваіх сайтаў не паставілі своечасова банера пра выбары, дык гэта адміністрацыі Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Гародні. У іх увогуле няма беларускамоўных версій іх інтэрнет-сайтаў…