Пракурор перадумаў апратэстоўваць прысуд былому палітвязню Змітру Паліенку
“Апеляцыйны пратэст, які быў пададзены на прысуд Мінскага гарадскога суда, пракурорам адкліканы”, – паведаміў Зміцер Паліенка сайту palitviazni.info.
Нагадаем, што Змітра Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, яму вынеслі прысуд – тры гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі, але яму прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Тыдзень таму стала вядома, што пракуратура Мінска абскардзіла рашэнне Мінскага гарадскога суда ў Вярхоўны суд. У апеляцыйным пратэсце гаварылася, што прысуд у дачыненні да Паліенкі “з’яўляецца незаконным і павінен быць зменены ў сувязі з несуадноснасцю прызначанага судом пакарання цяжкасці злачынства”.
“Сёння, 19 лістапада, атрымаў ліст з Мінскага гарадскога суда”, – кажа Зміцер Паліенка.
У лісце паведамляецца, што “11.11.2019 года дзяржаўным абвінаваўцам – старшым пракурорам аддзела пракуратуры г.Мінска Каралём А. быў адкліканы апеляцыйны пратэст, які пададзены 4.11.2019 года на прысуд Мінскага гарадскога суда ад 25.10.2019 г. па крымінальнай справе па абвінавачванні Паліенкі Дзмітрыя Аляксандравіча ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.339 КК”.
Зміцер Паліенка адзначае, што такі паварот падзей для яго – поўная нечаканасць.
“Не разумею аднаго: калі пракурор зараз адклікаў пратэст, то навошта ён яго ўвогуле падаваў?” – здзіўляецца актывіст.
Суд Паліенкі, салідарнасць і першыя абдымкі на волі. Вялікі фотарэпартаж "Вясны"