viasna on patreon

Front Line Defenders патрабуе адмяніць прысуд праваабаронцу Эміру-Усэйну Куку

2019 2019-11-14T14:28:41+0300 2019-11-14T14:28:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kuku-emir.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Эмір-Усэйн Куку. Фота Антон Наумлюк

Эмір-Усэйн Куку. Фота Антон Наумлюк

Арганізацыя Front Line Defenders выступіла з заявай, у якой заклікае расійскія ўлады адмяніць прысуд праваабаронцу Эміру-Усэйну Куку і вызваліць яго ў паскораным парадку.

12 лістапада 2019 года Паўднёвы акруговы ваенны суд у Растове-на-Доне прысудзіў праваабаронцу Эміра-Усэйна Куку да 12 гадоў калоніі строгага рэжыму. Ён быў затрыманы ў лютым 2016 года па абвінавачванні ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі, пазней яго таксама абвінавацілі ў "падрыхтоўцы да гвалтоўнага захопу ўлады".

Эмір-Усэйн Куку – крымскататарскі праваабаронца і сябра Крымскай кантактнай групы па правах чалавека, якая адсочвае парушэнні правоў чалавека і аказвае прававую дапамогу родным і блізкім ахвяраў палітычных пераследаў у Крыме. Да свайго арышту Эмір-Усэйн Куку актыўна займаўся маніторынгам выпадкаў дыскрымінацыі супраць мусульманскага насельніцтва Ялцінскага рэгіёна Крыму і паведамляў пра выпадкі палітычна матываваных гвалтоўных знікненняў на паўвостраве. Эмір-Усэйн Куку абараняе права на свабоду веравызнання, дапамагае ў пошуку перамешчаных асобаў і падтрымлівае сем'і палітвязняў.

У лютым 2016 года Эміра-Усэйна Куку затрымалі і разам з пяццю іншымі крымскімі татарамі абвінавацілі ва "ўдзеле ў дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі", у Ялцінскай групе Хізб ут-Тахрыр, ісламскага руху прызнанага "тэрарыстычным" ў Расіі, але не ва Украіне. У 2017 годзе Эміра-Усэйна Куку таксама абвінавацілі ў "падрыхтоўцы да гвалтоўнага захопу ўлады".

У снежні 2016 года Эміра-Усэйна Куку прымусілі прайсці псіхіятрычную экспертызу і змясцілі ў адзіночную камеру Сімферопальскай псіхіятрычнай бальніцы №1 амаль на цэлы месяц. У снежні 2017 года пасля сканчэння следства ўсе фігуранты справы былі перамешчаныя з Крыма ў Растоў-на-Доне. З моманту затрымання Эмір-Усэйн Куку правёў год і дзевяць месяцаў у зняволенні ў Растове-на-Доне, у 700 км ад роднага горада Ялты.

У чэрвені-ліпені 2018 года Эмір-Усэйн Куку дваццаць чатыры дні трымаў галадоўку ў знак салідарнасці з Алегам Сянцовым, патрабуючы вызвалення сямідзесяці ўкраінскіх палітвязняў, якія ўтрымліваюцца ў расейскіх турмах. Доўгае ўтрыманне ў СІЗА і галадоўка негатыўна паўплывалі на здароўе Эміра-Усэйна Куку. Пасля галадоўкі ў праваабаронцы пагоршыўся зрок, з'явіліся праблемы з ныркамі, з зубамі і боль у суставах.

Пераслед Эміра-Усэйна Куку пачаўся яшчэ ў красавіку 2015 года. Супрацоўнікі Федэральнай службы бяспекі Расійскай Федэрацыі сілай затрымалі праваабаронцу, абшукалі ягоны дом, сканфіскавалі тэлефон і некалькі кніг і дапыталі аб яго публікацыях у сацыяльных сетках. Па шляху на допыт Эміра-Усэйна Куку збілі, у выніку чаго ён атрымаў удар ныркі.

Адвакаты праваабаронцы падкрэсліваюць, што няма ніякіх доказаў, што Эмір-Усэйн Куку здзейсніў якія-небудзь тэрарыстычныя або гвалтоўныя дзеянні. Абвінавачванні заснаваныя выключна на тым, што абвінавачаныя наведвалі рэлігійныя сходы і чыталі рэлігійную літаратуру. Amnesty International і расійская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» прызналі Эміра-Усэйна Куку вязнем сумлення.

У сваёй рэзалюцыі «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопалі, Украіна», прынятай 15 лістапада 2018 года, Генеральная Асамблея ААН выказала глыбокую занепакоенасць тым, што "з 2014 года расійскія ўлады ўжываюць катаванні для атрымання ілжывых прызнальных паказанняў у ходзе палітычна матываваных працэсаў, у тым ліку па справе ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, і выказваючы глыбокую занепакоенасць з нагоды працягу адвольнага ўтрымання пад вартай і арышту ўладамі Расейскай Федэрацыі грамадзян Украіны, уключаючы Уладзіміра Балуха і Эмір-Усэйна Куку, і асабліва людзей, якія абвясцілі галадоўку".

Арганізацыя Front Line Defenders глыбока занепакоеная рашэннем Паўднёвага акруговага ваеннага суда ў Растове-на-Доне асудзіць праваабаронцу Эміра-Усэйна Куку да 12 гадоў калоніі строгага рэжыму і лічыць гэтае рашэнне відавочным злоўжываннем ва ўжыванні антытэрарыстычнага заканадаўства, накіраваным на пераслед і запалохванне праваабаронцаў, якія працуюць у Крыме.

Front Line Defenders заклікае расійскія ўлады:

  1. Адмяніць прысуд Эміру-Усэйну Куку, вызваліць праваабаронцу ў паскораным парадку і гарантаваць яму фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць, паколькі арганізацыя Front Line Defenders лічыць, што прысуд суда звязаны выключна з яго мірнай і законнай працай па абароне правоў чалавека.
  2. Неадкладна спыніць любыя іншыя пераследы праваабаронцы Эміра-Усэйна Куку.
  3. Спыніць пераслед праваабаронцаў, якія працуюць у Крыме, і забяспечыць ім магчымасць весці законную праваабарончую дзейнасць у любых абставінах без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без страху судовага пераследу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства