viasna on patreon

Жаночая карта парламенцкіх выбараў-2019: рэпрэзентатыўнасць, лічбы і асобы

2019 2019-10-30T08:00:00+0300 2019-10-30T12:07:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/6_yvette.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Выбарчая кампанія ў зеніце. Мінуў адзін з асноўных яе этапаў — рэгістрацыя кандыдатаў і кандыдатак у дэпутаты. Першапачаткова па дадзеных ЦВК у якасці кандыдатаў у дэпутаты зарэгістраваныя 560 чалавек. Праз адзінаццаць дзён іх стала на пару дзесяткаў менш: хтосьці зняўся сам, а кагосьці знялі выбарчыя камісіі.

6_yvette.jpg
Ілюстрацыйная карцінка. Крыніца: latonyayvette.com

Акруговыя камісіі зарэгістравалі 151 жанчыну ў якасці кандыдатак, што склала 27% ад усіх зарэгістраваных кандыдатаў. Як адзначаюць аналітыкі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", колькасць жанчын сярод вылучаных і зарэгістраваных кандыдатак у дэпутаты ўзрасла ў параўнанні з мінулай парламенцкай кампаніяй на 2%. Па стане на 29 кастрычніка ў выбарчай гонцы ўдзельнічае 144 кандыдаткі.

Дарэчы, Беларусь па дадзеных Міжпарламенцкага саюза займае 35-е месца ў свеце па колькасці жанчын у парламенце. Зараз на ніжнюю палату Парламента ў Беларусі прыпадае 38 жанчын з 110 (34,5%). 35-е месца з 192 — гэта вельмі нават нядрэнна. Але як яно на практыцы?

Мы паглядзелі, хто з жанчын прэтэндуе на дэпутацкі мандат: з якіх рэгіёнаў, якія пасады займаюць, якім спосабам вылучаліся і якія партыі прадстаўляюць. Вось, што з гэтага атрымалася.

Хто яна — беларуская кандыдатка ў дэпутаты?

Сённяшняя сярэднестатыстычная кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання — гэта жанчына гадоў 46. Яна займае кіруючую пасаду ў сферы адукацыі (хутчэй за ўсё — гэта дырэктарка школы). Пражывае ў абласным горадзе. З'яўляецца сябрам праўладнай партыі, таму і вылучалася ад яе.

Аднак у Беларусі шмат кандыдатак, якія не падтрымліваюць ні адну з партый: каля 60 з'яўляюцца беспартыйнымі.

Наогул у ніжняй палаце Парламента сёмага склікання мы не ўбачым жанчын з 28 выбарчых акругаў. Дарэчы, у Беларусі няма ніводнай чыста "жаночай акругі". Давайце больш падрабязна.

Мінск

У Мінску па 20 акругах з 119 зарэгістраваных кандыдатаў — 28 жанчын. Да нядаўняга часу іх было 30, але на днях выбарчыя камісіі пазбавілі рэгістрацый кандыдатак актывістак «Еўрапейскай Беларусі» Аксану Юшкевіч, якая вылучалася па Мінскай-Чкалаўскай акрузе №96 і Вольгу Нікалайчык па Мінскай-Уручскай акрузе №107.

У Мінску жанчыны не прадстаўлены на двух акругах. Гэта на Коласаўскай №106 і Каліноўскай №108. Па гэтых акругах балатуюцца ў дэпутаты па шэсць мужчын.

Амаль палова кандыдатак па мінскіх акругах была зарэгістравана ад палітычных партый. Траціну прадстаўленых кандыдатак не падтрымліваюць ні адну партыю. Ад апазіцыйных партый (БНФ, "Грамада", АГП) зарэгістраваныя 8 кандыдатак. Цікава, што ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі з 19 зарэгістраваных па мінскіх акругах толькі дзве жанчыны.

Усяго па Беларусі 32 дэпутата і дэпутаткі хочуць пераабрацца на наступны тэрмін. У Мінску чатыры дзеючыя дэпутаткі захацелі на новы тэрмін у ніжнюю палату Парламента:

  • Таццяна Сайганава па Купалаўскай акрузе № 95 (сябра Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах);
  • Людміла Макарына-Кібак па Грушаўскай акрузе № 99 (старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы);
  • Аксана Гайдук па Ясенінскай акрузе № 100 (намесніца старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве);
  • Ганна Старавойтава па Сухараўскай акрузе № 101 (сябра Пастаяннай камісіі па міжнародных справах).

У сталіцы сярод кандыдатак — некалькі дырэктарак школ, галоўная бухгалтарка, індывідуальныя прадпрымальніцы, намесніца галоўнага врача, начальніца ў банку і іншыя. У большасці — кандыдаткі займаюць кіруючыя пасады. Траціну зарэгістраваных кандыдатак з сферы адукацыі.

Прэтэндуе на дэпутацкі мандат і суддзя Вярхоўнага суда — Святлана Любецкая. Яна зарэгістраваная па Старавіленскай акрузе №105.

Прэтэндуюць на дэпутацкае месца і чатыры часова непрацуючыя і адна беспрацоўная. Адна кандыдатка знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцём. Цікава, што сацыяльныя адпачынкі ў якасці заняткаў адзначаны толькі ў двух кандыдатаў па ўсёй Беларусі. І, як вы змаглі здагадацца, гэта выключна жанчыны. Адна з іх у Мінску — высунулася ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

У Мінску зарэгістраваныя двое вядомых апазіцыйных актывістак:

  • Наталля Гарачка па Усходняй акрузе №107. Вядомая апазіцыйная актывістка, удзельніца шматлікіх пратэстных акцый. Зарэгістраваная ад «Грамады».
  • Вольга Кавалькова, сустаршыня незарэгістраванай партыі БХД, балатуецца па Пушкінскай акрузе №103.

Сярэдні ўзрост кандыдаткі ў дэпутаты па Мінску — 45 гадоў. Тут жа знаходзяцца дзве самыя маладыя кандыдаткі ў дэпутаты — Алана Гебрэмарыям (прадстаўніца «Моладзевага блока») і Марыя Васілевіч ( «Міс Беларусь-2018"). Ім па 22 гады.

v119-sasi-15-environment.jpg
Ілюстрацыйная карцінка. Крыніца: www.rawpixel.com

Мінская вобласць

Па гэтай вобласці з 73 зарэгістраваных кандыдатаў — 20 жанчын. Тут ад чатырох акругоў ужо дакладна не трэба чакаць дэпутатак у Палаце Прадстаўнікоў:

  • Барысаўскай гарадской № 62;
  • Пухавіцкай № 65;
  • Стаўбцкоўскай № 70;
  • Дзяржынскай № 71.

Мінская вобласць перагнала сталіцу: тут ужо пяць дэпутатак дзеючага склікання выказалі жаданне пераабрацца на новы тэрмін. Сярод іх — Валянціна Ражанец, якая вылучаецца па Слуцкай акрузе №67. Яна цяпер узначальвае Пастаянную камісію Палаты Прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі.

Што тычыцца заняткаў і месцаў працы, то тут класіка: пераважае сфера адукацыі. Сярод кандыдатак таксама: старшыня Бярэзінскага прафсаюза, цырульніца, рыелтарка, начальніца Слуцкага філіяла «Белпошта», дырэктарка салігорскага ДК, старшыня Крывасельскага сельвыканкама.

Па Мінскай вобласці на дэпутацкі мандат прэтэндуюць тры індывідуальныя прадпрымальніцы. Усе зарэгістраваныя ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Сярэдні ўзрост кандыдатак тут ледзь старэй Мінска — 48 гадоў.

Палова зарэгістраваных кандыдатак у Мінскай вобласці беспартыйныя. Мінская вобласць — адзіная, дзе палітычныя партыі не пераважаючы спосаб вылучэння. Тут восем кандыдатак высунуліся і зарэгістраваліся шляхам збору подпісаў.

Тры былі зарэгістраваныя ад Камуністычнай партыі (адна з іх — старшыня Крывасельскага сельвыканкама). Ад апазіцыйных партый зарэгістравалася не так ужо і шмат. У большасці — Аб'яднанай грамадзянскай партыі (таксама тры). Адна кандыдатка зарэгістравалася ад Беларускай партыі "Зялёныя" (адна з дзвюх прадстаўніц па рэгіёнах ад гэтай партыі).

З гучных імёнаў па Мінскай вобласці тут хіба што можна згадаць Лілію Ананіч, экс-міністарку інфармацыі. У графе "месца працы" паказана, што яна намесніца старшыні "Беларускага саюза жанчын". Адзначана, што яна беспартыйная, вылучалася ў якасці збору подпісаў. Думаецца, за час працы Міністаркай інфармацыі ў яе назбіралася вялікая група падтрымкі.

Гомельская вобласць

З 75 зарэгістраваных кандыдатаў па гэтай вобласці — 22 жанчыны. У Гомельскай вобласці чатыры акругі з 17 не прадстаўленыя жанчынамі:

  • Гомельская-Юбілейная №31;
  • Гомельская-Цэнтральная №33;
  • Гомельская сельская №37;
  • Буда-Кашалёўская №38.

Гомельскі рэгіён апынуўся самым палітычна актыўным сярод жанчын: тут толькі чатыры кандыдаткі з'яўляюцца беспартыйнымі. 14 зарэгістраваныя ад палітычных партый. Гэта рэкорд сярод абласцей і сталіцы. Тры кандыдаткі здолелі сабраць подпісы для рэгістрацыі. Адну кандыдатку вылучыў працоўны калектыў: галоўурача "Мазырскай цэнтральнай гарадской паліклінікі" Наталлю Цішкову.

Больш за ўсё тут прадстаўніц Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці — шэсць кандыдатак. Чатыры ЛДП, тры камуністкі, дзве АГП і адна "Справядлівы свет".

Тут адна дэпутатка дзеючага склікання ідзе на перавыбары. Гэта Ірына Кралевіч па Жыткавіцкай акрузе №39. Сёння ў беларускім Парламенце яна сябра Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофе. Дарэчы, гэта яна адна з трох кандыдатак, хто з'яўляецца сябрам Камуністычнай партыі.

Па гомельскім рэгіёне сярод кандыдатак і намесніца старшыні Хойніцкага райвыканкама, старшыня Мазырскага Савета дэпутатаў, галоўная ідэолаг Гомельскага аблвыканкама, дырэктаркі школ, галоўная ўрач мазырскага шпіталя. Пры гэтым шмат тут, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў, больш блізкага да народу: поварка, юрыстка, фельдшэрка, адміністратарка рэстарана, рамесніца, Сярэдні ўзрост — 47.

Віцебская вобласць

Па віцебскім рэгіёне прадстаўленыя 16 жанчын з 75 зарэгістраваных кандыдатаў. Гэта найменшы працэнт па прадстаўніцтве жанчын з усіх абласцей. З 14 акругаў па пяці не трэба чакаць жанчын у Парламенце:

  • Полацкай сельскай выбарчай акрузе №28;
  • Сенненскай №30;
  • Віцебскай-Горкаўскай №17;
  • Аршанскай-Дняпроўскай №26;
  • Лепельскай №23.

Ад гэтых акругоў у ніжняй палаце Парламента дакладна будуць мужчыны-дэпутаты.

Большасць кандыдатак у дэпутаты з'яўляюцца беспартыйнымі. Што тычыцца спосабу вылучэння, то тут, як і ў іншых вабласцях, пераважае вылучэнне ад палітычных партый. Толькі дзве кандыдаткі зарэгістраваныя ад апазіцыйных партый: адна ад БНФ, адна — АГП.

Пяць жанчын высунуліся ў кандыдаткі з дапамогай толькі працоўных калектываў. Сярод іх: першая сакратарка Віцебскага гаркама БРСМ, старшыня Докшыцкага раённага прафсаюза і дырэктарка Полацкага раённага Цэнтра культуры. Ніхто з кандыдатак не быў зарэгістраваны выключна зборам подпісаў.

У Віцебскім рэгіёне няма дэпутатак, якія жадалі бы пераабрацца на новы тэрмін. У асноўным, тут жанчыны займаюць кіруючыя пасады. Гэта дырэктаркі арганізацый, загадчыцы. Сярод іх, напрыклад, дыректарка Віцебскага ўнівермага, дырэктарка Полацкага раённага Цэнтра культуры, начальніца ўпраўлення па працы і сацабароне Шаркаўшчынскага райвыканкама, намесніца галоўнага ўрача Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы. Тут жа і першая сакратарка Віцебскага гаркамітэта БРСМ, якая зарэгістравалася ад працоўнага калектыву.

Сярэдні ўзрост кандыдатак па Віцебскай вобласці — 46 гадоў.

seilsmith_womenswork_150dpi.jpg
Ілюстрацыйная карцінка. Крыніца: latonyayvette.com

Брэсцкая вобласць

Да нядаўняга часу па Брэсцкай вобласці з 78 зарэгістраваных кандыдатаў было 26 кандыдатак. Але за 11 дзён карціна змянілася: цяпер тут балатуюцца ў дэпутаткі 22 жанчыны.

У канцы мінулага тыдня стала вядома, што акруговая камісія пазбавіла рэгістрацыі актывістку "Еўрапейскай Беларусі" Паліну Шарэнда-Панасюк. Прычына: правядзенне пікетаў не з мэтай агітацыі, а з іншымі мэтамі.

На момант рэгістрацыі з 16 выбарчых акругаў толькі на адной не было прадстаўлена жанчын — на Брэсцкай-Пагранічнай №4. Але з моманту пазбаўлення рэгістрацыі Шарэнда-Панасюк да яго яшчэ далучыўся і Брэсцкі-Заходні №1. Пазней, калі з выбараў знялася прафсаюзная лідарка Лунінца Вольга Ермалёнак і глаўрэдка столінскай раёнкі Алёна Клімушка, у гэты шэраг стала яшчэ Луненцкая акруга №13 і Столінская акруга №16. Такім чынам, чатыры акругі з Брэсцкай вобласці не прадстаўленыя жанчынамі.

Што яшчэ тычыцца актывістак, то ў якасці кандыдатак вылучалася праціўніца завода АКБ — Алена Макарэвіч. Але выбарчая камісія Брэсцкай-Усходняй акругі №3 адмовіла ёй у рэгістрацыі на падставе непраўдзівых подпісаў за яе вылучэнне. Брэсцкі абласны суд пакінуў скаргу актывісткі на такое рашэнне без задавальнення. Дарэчы, Алена Макарэвіч заявіла, што будзе звяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека, так як парушана яе права быць абранай на сапраўдных перыядычных выбарах.

Брэсцкія кандыдаткі максімальна «па-за палітыкай»: большая палова беспартыйныя. Але і тут абыйшлося без першай сакратаркі БРСМ — Маларыцкай раённай арганізацыі. Сярод кандыдатак таксама: настаўніца англійскай мовы, дырэктаркі школ, дырэктарка краязнаўчага музея, першая сакратарка раённага БРСМ і іншыя.

Адна дэпутатак з Брэсцкай вобласці вырашыла пераабрацца на новы тэрмін — гэта Жанна Стаціўка, сябра Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях.

Прэтэндуе на дэпутацкае месца ў беларускім Парламенце і начальніца аддзела аналізу практыкі і метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання Упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Людміла Жалнерчык, кандыдатка па Баранавіцкай сельскай акрузе №7. Сярэдні ўзрост кандыдатак у Брэсцкай вобласці — 44 гады.

Гродзенская вобласць

Па гэтай вобласці з 61 зарэгістраваных кандыдатаў — 12 жанчын. Пяць з 13 акругоў не ўбачаць у выбарчых бюлетэнях жанчын:

  • Ваўкавыскай № 48;
  • Гродзенскай сельскай № 53;
  • Лідскай № 55;
  • Замкавай № 57;
  • Слонімскай № 58.

Палова кандыдатак — беспартыйныя. Сем вылучаліся ад палітычных партый, з іх чатыры — ад апазіцыі (тры — ад "Грамады"). Тут, дарэчы, другая зарэгістраваная кандыдатка па Беларусі ад "Зялёных" — Жанна Гасцяева.

Адна кандыдатка высунулася толькі з дапамогай збору подпісаў. Гэта Алена Шаламіцкая па Гарадзенскай-Цэнтральнай акрузе №51. Дарэчы, яна адна з тых нешматлікіх, у каго адзначана ў занятках — сацыяльны водпуск па доглядзе дзіцяці па дасягнення ім узросту 3-х гадоў.

Што наогул тычыцца заняткаў і месцаў працы, то тут даволі разнастайна. Дзве кандыдаткі з'яўляюцца на дадзены момант дэпутаткі Парламента дзеючага склікання. Гэта Лілія Кір'як і Тамара Далгашэй. Першая састаіць у Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, другая — па міжнародных справах.

Па Гродзенскай-Занёманскай акрузе №49 балатуецца актывістка руху "Маці 328" Ларыса Жыгар. Па Гродзенскай вобласці на дэпутацкі мандат прэтэндуюць прадаўшчыца-кансультант, рамесніца, галоўная энергетык і іншыя. Па Смаргонскай акрузе №59 у якасці кандыдаткі зарэгістраваная і намесніца старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард.

З моманту рэгістрацыі па Гродзенскай вобласці адмовіліся ад удзелу ў выбарах тры кандыдаткі: актывістка ліберал-дэмакратаў Алена Антонава па Гродзенскай-Ленінскай акрузе №52, па Іўеўскай акрузе №54 беспартыйная дырэктарка школы Марына Гайдукевіч, па Нёманскай акрузе №56 — начальніца аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Сівец. Сярэдні ўзрост кандыдатак па гэтай вобласці — 48 гадоў.

woman_r43u.jpg
Ілюстрацыйная карцінка. Крыніца: dribbble.com

Магілёўская вобласць

З 64 зарэгістраваных кандыдатаў па гэтай вобласці — 21 жанчына. Гэта самы вялікі паказчык з усіх рэгіёнаў. Па Магілёўскай вобласці не дачакаемся жанчын у Палаце прадстаўнікоў сёмага склікання з чатырох акругоў:

  • Бабруйскай сельскай №80;
  • Быхаўскай №81;
  • Крычаўскай №83;
  • Магілёўскай-Ленінскай №84.

Восем кандыдатак тут з'яўляюцца беспартыйнымі. Па класіцы, самы распаўсюджаны спосаб вылучэння — палітычныя партыі. Адна кандыдатка з'яўляецца сябрам БНФ, ад яе ж яна і зарэгістравалася. З 10 зарэгістраваных ад АГП — палова жанчын. Чатыры кандыдаткі прытрымліваюцца камуністычных поглядаў.

Толькі адна кандыдатка зарэгістравалася выключна з дапамогай збору подпісаў. Гэта сацпрацаўніца "Бабруйскага гарадскога габрэйскага дабрачыннага аб'яднання "Рахамім"" Таццяна Гутарава.

Па Магілёўскім рэгіёне тры дэпутаткі захацелі застацца ў беларускім Парламенце яшчэ на тэрмін. Сярод іх — Ірына Рынейская (Бабруйская-Ленінская акруга №78) і Алена Колеснева (Горацкая акруга №82), якія ўваходзяць у Пастаянную камісію адукацыі, культуры і навукі.

У магілёўскім рэгіёне зарэгістраваныя адразу чатыры пенсіянеркі. Гэта самы вялікі паказчык з усіх рэгіёнаў. А наогул сярэдні ўзрост кандыдаткі ў дэпутаты тут 47 гадоў. Што тычыцца занятасці і месцаў працы, то сярод кандыдатак можна знайсці і дырэктарку палаца мастацтваў, і медсястру, і начальніцу аддзела па адукацыі райвыканкама, і, вядома, дырэктарак школ і каледжаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства