Па справе аб псаванні і знішчэнні маёмасці затрыманы двое актывістаў анархісцкага руху Дапоўнена
Увечары 24 кастрычніка стала вядома пра новыя затрыманні актывістаў анархісцкага руху. 20 кастрычніка былі арыштаваныя Мікіта Емельянаў і Іван Камар. У іх дамах былі праведзеныя ператрусы, паведамляе суполка dissident.by ў фэйсбуку.
"Новы Час" піша, што на дадзены момант маладыя людзі знаходзяцца ў СІЗА-1 г. Мінска. Інфармацыя пра прычыны затрымання высвятляецца.
Па словах актывіста Вячкі Касінерава, гэтае затрыманне — працяг рэпрэсій у дачыненні да анархічнага руху.
"У дадзеным выпадку карныя органы выкарыстоўваюць заляпаны фарбай суд і атаку на СІЗА №1 "Валадарку" (тыдні 2-3 таму ў яе нешта кінулі) як нагоду для ператрусаў і арыштаў нашых таварышаў. За апошнія 2 месяцы — гэта ўжо чацвертая крымінальная справа ў дачыненні да анархістаў (уключаючы Паліенку)", — кажа Касінераў.
На пытанне, чаму пра затрыманне стала вядома толькі сёння, актывіст адказвае, што ўсё адбылося вельмі хутка, пасля затрымання хлопцы знаходзіліся ў ізаляцыі.
"Акрамя таго, празмерна варожае стаўленне розных сілавікоў да анархістаў вымушае шматлікіх сяброў руху быць зачыненымі ў сваёй дзейнасці і камунікацыях. Заўтра пачнуць працаваць адвакаты і мы будзем ведаць, у чым дакладна іх вінавацяць".
Нагадаем, Іванам Камаром раней ужо цікавілася міліцыя. У прыватнасці, увесну 2018 года ў яго кватэры быў праведзены ператрус, падставай якога стаў нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце.
Як пазней стала вядома праваабаронцам, абодва хлопца затрыманы ў межах крымінальнай справы па артыкуле 218 КК РБ - псаванне і знішчэнне маёмасці.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96