Суд адправіў справу журналісткі-фрылансеркі на дапрацоўку
25 верасня суддзя суда Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці Аксана Загорская разгледзела адміністрацыйную справу ў дачыненні да журналісткі Дар'і Чульцовой, якую абвінавацілі ў незаконным вырабе інфармацыйных матэрыялаў для замежнага СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП).
Пры вывучэнні матэрыялаў справы суд устанавіў, што ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні Бялыніцкага РАУС паказана, што 21 жніўня 2019 года ў перыяд часу з 17.00 да 18.00 Дар'я Чульцова ажыццявіла інтэрв'юіраванне грамадзянаў у ДУА "Сярэдняя школа №1 ім. Н.І. Пашкаўскага г. Бялынічы ", незаконна вырабіла прадукцыю ў СМІ ў выглядзе рэпартажу пад назвай "Новы галоўны ідэолаг Андрэй Кунцэвіч. Гэта чалавек, за якім напэўна пойдзе моладзь", размешчанага 22 жніўня ў раздзеле "Аб'ектыў" замежнага спадарожнікавага канала "БелСат".
Аднак, у пратаколе сведкі Д. Клопавай супрацоўнікамі міліцыі было паказана, што яе інтэрв'юіраванне выраблялася каля 18.30 і па месцы яе жыхарства.
Акрамя таго, у пратаколах апытанняў сведкаў Ляшук Д. і Клопавай Д. няправільна пазначана прозвішча асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс: не Чульцова, а Цульцова.
Таксама ў пратаколе аб адміністрацыйным парушэнні не пазначаныя прозвішчы, імёны, імёны па бацьку і адрасы месца жыхарства сведак па справе, а ў матэрыялах справы адсутнічае пацверджанне таго, што абвінавачаная з'яўляецца журналістам замежнага СМІ, функцыі якога яна, як журналіст, ажыццяўляла.
"Пры такіх абставінах справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Дар'і Чульцовой неабходна вярнуць начальніку Бялыніцкага РАУС для ліквідацыі названых недахопаў", - прыйшла да высновы суддзя Аксана Загорская.
Нагадаем, па гэтай жа справе ў якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, праходзіць журналіст-аператар Міхаіл Аршынскі. Але пакуль невядома, ці адбыўся разгляд яго справы.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96