Пасля працяглага зацішша аднавіўся пераслед журналістаў «Белсату» Фота
Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што 26 верасня ў судзе Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці адбудзецца разгяд адміністрацыйнай справы журналісткі-фрылансеркі Дар'і Чульцовай.
У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні значыцца, што 21 жніўня з 17 да 18 гадзін Дар'я “ажыццяўляла інтэрв'юіраванне грамадзян у Сярэдняй школе №1 г. Белынічы, незаконна вырабіла прадукцыю СМІ ў выглядзе рэпартажу пад назвай “Новы галоўны ідэолаг Андрэй Кунцэвіч. Гэта чалавек, за якім напэўна пойдзе моладзь”, размешчанага 22 жніўня ў раздзеле “Аб’ектыў” замежнага спадарожнікавага канала БелСат”.
У Белыніцкім РАУСе вырашылі, што журналістка парушыла заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, якое выказалася ў незаконным абмежаванні свабоды масавай інфармацыі, кваліфікаваўшы яе дзеянні па ч.2 арт. 22.9 КоАП.
Суд у адносінах да Чульцовай мусіць адбыцца ў 10:00 26 верасня.
Таксама вядома, што па гэтай жа справе ў якасці асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс, праходзіць журналіст-аператар Міхась Аршынскі. Але пакуль невядома, ці адбудзецца разгляд яго справы таксама 26 верасня, бо позву ён не атрымаў.
Як піша mspring.online, міліцыянты спрабавалі ўручыць позву Аршынскаму 18 верасня пасля суда па справе «Вечернего Могилёва», але не атрымалася. Калі супрацоўнік Ленінскага РАУС Яўген Пугін хацеў яму ўручыць позву ў Белынічскі РАУС, пераблытаў журналіста Аршынскага з праваабаронцам Алесем Бураковым. Не спытаўшы ў апошняга пашпарт або іншае пасведчанне асобы і ігнаруючы аргументы аб тым, што ён не Міхаіл, Пугін аддаў позву Буракову.
Як распавядае праваабаронца, ён некалькі разоў паспрабаваў пераканаць міліцыянта, што той памыліўся, але Пугін быў непахісны. Тады Буракоў пагадзіўся распісацца ў атрыманні позвы, але сваім імем і прозвішчам.