"Павестка 50" - вынікі падведзеныя Відэа
На працягу трох гадоў Офіс па правах людзей з інваліднасцю ажыццяўляў кампанію “Павестка 50” у рэгіёнах Беларусі.
Рэспубліканскі план па імплементацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў не улічваў спецыфіку беларускіх рэгіёнаў. Напрыклад, калегі з Даніі не разумелі, што такое ТЦСАН (Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва), які з’яўляецца менавіта лакальнай асаблівасцю. Да таго ж звычайна праходзіць доўгі час, пакуль падрыхтаваныя дзяржавай планы спусцяцца да выканання на мясцовы ўзровень. Праблема таксама паўстае ў тым, што меркаванне саміх людзей з інваліднасцю ўлічваецца слаба.
Таму і ўзнікла кампанія “Павестка 50”, каб змяніць падыход да ўвасаблення прынцыпаў Канвенцыі ААН.
Спачатку Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі правёў даследаванне 20 гарадоў Беларусі, якое датычылася гатоўнасці рэгіёнаў ажыццяўляць “Павестку”. У выніку па двух параметрамхх - развітасць інфраструктуры і суб’ектаў (то бок жаданне апошніх працаваць над зменамі ў будучыні) - было абрана 5 гарадоў, найбольш гатовых да працы з “Павесткай 50”. Там былі створаныя працоўныя групы з прадстаўнікоў улады, спецыялістаў, якія працуюць з людзьмі з інваліднасцю, лідэраў грамадскіх арганізацый і жыхароў з інваліднасцю. Прадстаўнікі гэтых гарадоў прынялі ўдзел у фінальным форуме кампаніі “Павестка 50”, які адбыўся 12 чэрвеня.
Падрабязней пра ажыццяўленне “Павесткі 50” можна паглядзець у гэтым роліку:
У форуме прыняла ўдзел Андрэа Віктарын, глава Дэлегацыі ЕС у Беларусі. Яна адзначыла, што агульны бюджэт праекта склаў 2 мільёны 140 тысяч еўра.
“Але гэта негалоўнае. Галоўнае — каб людзі, якія працуюць у праектах, зразумелі, што яны могуць дасягаць сваіх мэтаў. Таму імплементацыя Канвенцыі з дапамогай “Павесткі 50” - вельмі важны крок”,- падкрэсліла Андрэа Віктарын.
Сяргей Драздоўскі, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю, адзначыў, што Андрэа Віктарын асабіста ўдзельнічала ў абмеркаваннях праблем людзей з інваліднасцю. І гэта вялікі ўклад: інваліднасць у дыялоге пра правы чалавека гучала з самага пачатку.
"Форум невыпадкова называецца "рэгіянальным развіццём", - адзначыў Сяргей Драздоўскі. - Мы звычайна гаворым пра беларускія рэгіёны. Але Беларусь з'яўляецца рэгіёнам Еўропы і мы адчуваем сябе часткай еўрапейскай культуры. Падчас кампаніі не проста перадаваўся еўрапейскі вопыт, але адбывалася напружаная праца. Мы некалькі разоў змянялі дзеянні і планы. Гэта было няпроста".
Міхаіл Мацкевіч, каардынатар “Павесткі 50”, адзначыў, што кампанія скончылася і першыя крокі ў мясцовых павестках зробленыя. Далей яны будуць рэалізоўвацца самастойна і вялікая доля адказнасці ляжыць на мясцовых людзях.
“Наша кампанія - не пра грошы [якія былі укладзеныя ў развіцце. - "Вясна"], а пра кампетэнцыі і змены. Мы павінны перастаць успрымаць гранты як дабрачыннасць, а пачаць успрымаць іх, як інвестыцыі”, - падкрэсліў Міхаіл Мацкевіч.
У другой палове форума адбыліся варкшопы па тэмах працаўладкавання людзей з інваліднасцю, даступнасці асяроддзя, этыкета, інклюзіі ў нефармальнай адукацыі. Напрыклад, Алег Граблеўскі, юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю, распавёў, што ёсць праблемы з працаўладкаваннем на падставе асаблівасцяў заканадаўства. Медыкі часта ўсталёўваюць абмежаванні, напрыклад: чалавек не можа працаваць на той ці іншай працы, альбо працаваць не больш за 35 гадзін у тыдзень. Гэта можа быць не выгадна для працадаўцы, што прыводзіць да сітуацыі, калі людзям з інваліднасцю цяжэй працаўладкавацца. Да таго ж існуюць розныя міфы, напрыклад, што ёсць “непрацоўная” група інваліднасці.
Сацыёлаг Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Аксана Шэлест адзначыла некаторыя рэзультаты кампаніі. З аднаго боку, застаецца агульнае патэрналісцкае стаўленне да людзей з інваліднасцю, ёсць праблемы з безбар'ерным асяроддзем. З другога боку, змяняецца глыбіня разумення праблемы. Напрыклад, цяпер гаворыцца пра стыгмы людзей з псіхасацыяльнай інваліднасцю, а 10 гадоў таму такая рыторыка была ў дачыненні да людзей, якія выкарыстоўваюць вазок.
Але ўсё ж такі, на думку Аксаны Шэлест, галоўным вынікам кампаніі з'яўляецца не сам дакумент, а каманда і ўзаемаадносіны паміж людзьмі, якія склаліся ў час “Павесткі”.
Падчас форума быў прадстаўлены фінальны дакумент кампаніі, дзе распавядаецца пра спецыфіку і вынікі рэгіянальных “Павестак”.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96