viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: Улада імкнецца надаць палітычны кантэкст справе Зміцера Паліенкі

2019 2019-04-16T08:02:25+0300 2019-04-23T16:24:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-by_svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

Следчы камітэт 5 красавіка паведаміў, што былому палітвязню Зміцеру Паліенку выстаўлена абвінавачванне адразу па трох артыкулах крымінальнага кодэксу: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні (арт. 130), а таксама апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341).

Па дадзеных следства, 13 сакавіка прыблізна 20 гадзін «на лесвічнай пляцоўцы аднаго з дамоў па вуліцы Гурскага ў Мінску неўстаноўленая асоба ў адказ на заўвагу мужчыны пра курэнне ў пад'ездзе пырснула яму ў твар газ з газавага балончыка». Супрацоўнікамі міліцыі ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства 20 сакавіка быў затрыманы Зміцер Паліенка, паведамляў TUT.BY. 

Каментуючы прад’яўленае Паліенку абвінавачванне ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (ч.3 арт. 339 КК),, юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначае, што праваабаронцы, на жаль, не ведаюць пакуль  усіх акалічнасцяў таго, што адбылося ў той дзень.

“Існуе дзве версіі падзеяў, –  адзначае праваабаронца. –  Паводле версіі Зміцера, ён быў вымушаны ўжыць газавы балончык у мэтах самаабароны супраць нецвярозага і агрэсіўнага грамадзяніна, які абражаў і ударыў яго. Паводле афіцыйна прад’яўленага абвінавачвання Зміцер нібыта ў адказ на заўвагу жыхара дома аб забароне палення ў пад’езде ўжыў у дачыненні да апошняга газавы балончык, здзейсніўшы такім чынам асабліва злоснае хуліганства.  Такім чынам маем два варыянты паводзінаў Змітра – дапушчальная самаабарона і злоснае хуліганства з ужываннем газавага балончыка. Але для таго каб мы паверылі ў версію, агучаную следcтвам, яно павінна прадаставіць нам досыць значныя доказы”.

Валянцін Стэфановіч нагадвае, што акрамя ч. 3 арт. 339 КК Паліенку  яшчэ раней было прад’яўлена абвінавачванне па арт. 341 КК (псаванне маёмасці) па факце нібыта нанясення ім графіці “Менты убивают”  на адным з будынкаў у Менску,  а таксама па арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні). Абвінавачванне Паліенкі ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці выклікае асаблівую цікавасць у праваабаронцаў.

Зміцер Паліенка. Фота: ПЦ
Зміцер Паліенка. Фота: ПЦ "Вясна"

Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", распальванне іншай сацыяльнай варожасці, паводле версіі следства, заключаецца ў распальванні варожасці ў дачыненні да такой сацыяльнай групы, як міліцыя. Следства па выніках экспертызы відэароліка, на якім невядомая асоба наносіць графіці "Менты убивают людей" на нейкім будынку, прызнала яго нічым іншым як распальваючым варожасць у дачыненні да сацыяльнай групы – міліцыі.

“Мы бачылі гэты ролік, ён і зараз даступны ў Інтэрнеце. Уся дзея  ў роліку адбываецца пад песню «Менты убивают молодых» вядомага аматарам яшчэ савецкага року, піцерскага гурта “Телевизор”. На прыканцы роліка з’яўляюцца некалькі забаўных плакацікаў, адзін з якіх з выявай міністра МУС Шуневіча з суправаджаючым яго нецэнзурным загалоўкам, – каментуе Стэфановіч. – У звязку з гэтым хацелася б адзначыць, што міліцыя не з’яўляецца сацыяльнай групай, як не з’яўляюцца сацыяльнай групай прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў і ўлада ў цэлым. Адпаведна, нельга казаць аб распальванні ў дачыненні да іх варажнечы. Такога кшталту кваліфікацыя з’яўляецца непісьменнай  і акрамя таго сведчыць аб жаданні ўладаў надаць палітычны кантэкст дадзенай крымінальнай справе. Пра што таксама сведчыць і артыкул нейкага А. Мукавозчыка ў найбуйнейшай дзяржаўнай газеце “Беларусь сегодня» (былая “Саўбелка”), у якім у парушэнне прынцыпа прэзумпцыі невінаватасці з Паліенкі лепяць вобраз злачынцы і распавядаюць аб  нібыта акалічнасцях справы,  якія яшчэ не былі даказаныя і ўстаноўленыя судом".

Валянцін Стэфановіч мае думку, што ўлады пераследуюць яшчэ і іншую мэту – правесці закрыты суд над Паліенкам, каб прадстаўнікі праваабрончай супольнасці і грамадства не змаглі ацаніць сутнасць гэтай справы.  А падазрэнні ў тым, што дадзеная крымінальная справа можа насіць неабгрунтаваны характар  у праваабаронцаў ёсць.

Нагадаем, зараз актывіст анархісцкага руху Паліенка застаецца пад вартай, у дачыненні да яго прызначаная стацыянарная судова-псіхолага-псіхіятрычная экспертыза.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства