viasna on patreon

Ці дадуць шанец на жыццё Мехрдаду Джамшыдзіяну?

2019 2019-04-15T14:37:21+0300 2019-04-15T17:09:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzhamshydijan-iranets-600.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мерхдад Джамшыдзіян. Фота Tut.by

Мерхдад Джамшыдзіян. Фота Tut.by

У судзе Маскоўскага раёну Мінску 15 красавіка разглядаюць скаргу на рашэнне аб высылцы з Беларусі ў Іран Мехрдада Джамшыдзіяна, якому на радзіме пагражае смяротная кара.

Мужчыну ў суд не даставілі, на сённяшні дзень ён знаходзіцца за кратамі 10 месяцаў. Суд адхіліў хадайніцтва абароны аб прысутнасці Мехрдада на працэсе, бо не бачыць перашкодаў разгляду скаргі без яго самаго. 

Адвакат абскарджвае законнасць затрымання, бо затрыманне чалавека, які нічога не здзяйсняў, і ўтрыманне яго ў ЦІП такі працяглы час - незакона і немэтазгодна. Пры вынясенні рашэння пра дэпартацыю Мехрдаду Джамшыдзіяну не далі скарыстацца правам на абарону, не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы і не выдалі копію рашэння аб высылцы, што ўжо з'яўляецца падставай для адмены рашэння.  

Мехрдад Джамшыдзіян шмат гадоў таму ўцёк з Ірану ад пераследу з палітычных прычынаў, жыве ў Беларусі з 1993 году. Мае ў Мінску сям’ю: жонку-беларуску і траіх дзяцей. Прасіў беларускага грамадзянства, але яму адмовілі.

Як піша TUT.BY, знаходзячыся ў ізалятары, Мехрдад аб'яўляў галадоўку, але сям'я праз адваката папрасіла яго спыніцца:

- Патрэбныя сілы, каб змагацца далей, - кажа малодшая дачка іранца Дыяна. - Хоць, шчыра кажучы, мы ўжо ўсё проста ў роспачы.

15 сакавіка аддзел па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага РУУС вынес рашэнне аб дэпартацыі Джамшыдзіяна ў Іран. Ні адваката, ні самога Мерхдада загадзя аб разглядзе яго справы не апавясцілі. Як заявіла ў судзе намесніца начальніка аддзела, адказны супрацоўнік «займаўся па службе справамі і не змог паведаміць». Прадстаўніца АГІМа ў судзе заявіла, што ў Джамшыдзіяна «няма падстаў хавацца ад сваёй дзяржавы». Пры гэтым намесніца начальніка падкрэсліла, што «нашымі кіраўнікамі робяцца спробы знайсці трэцюю краіну для высылкі, аднак за дзесяць месяцаў, цяжкіх і для нас, і для замежнага грамадзяніна, ні адна краіна пакуль не пагадзілася яго прыняць».

Рашэнне па скарзе Мерхдада аб яго дэпартацыі павінна было быць абвешчана 15 красавіка ў 14.30, але суд пастанавіў, што ў яго недастаткова для гэтага матэрыялаў, - і перанёс абвяшчэнне на 19 красавіка.

Нагадаем, у 2017 годзе Камітэт па правах чалавека ААН устанавіў, што ў выпадку выдачы Мехрдада ў Іране яму пагражаюць катаванні і смяротная кара. Аднак у траўні 2018 года Джамшыдзіяна затрымалі, нягледзячы на рашэнне КПЧ. У ізалятары на Акрэсціна ў яго здарыўся інфаркт. Праз некалькі дзён лекавання ў шпіталі хворага зноў вярнулі за краты. 

Міжнародная амністыя выступіла ў падтрымку Мехрдада Джамшыдзіяна і заклікала пісаць лісты на адрас міністра ўнутраных справаў Беларусі Ігара Шуневіча і начальніка дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксея Бегуна з просьбай вызваліць Мехрдада Джамшыдзіяна і спыніць ягоную дэпартацыю ў Іран. 

Была створаная петыцыя ў абарону Мехрдада, якую падпісала каля 1000 чалавек, але МУС пакінула яе без разгляду. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства