viasna on patreon

Ніна Багінская: “Што вы збіраецеся знайсці ў маіх калготках?”

2019 2019-04-11T11:19:21+0300 2019-04-11T12:03:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nina_baginskaya_sluck.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

72-гадовая актывістка Ніна Багінская распавяла сайту palitviazni.info пра тое, як яе затрымлівалі ў Курапатах, пра галадоўку ў ізалятары часовага ўтрымання і ўмовы знаходжання ў няволі.

Ніна Багінская на мітынгу ў Слуцку 24 лістапада 2018 г.

8 красавіка ў судзе Мінскага раёна судзілі 72-гадовую Ніну Багінскую, якая намагалася спыніць будаўнічую тэхніку ў Курапатах пры зносе крыжаў.

Яе затрымалі 5 красавіка, абвінавацілі ў тым, што яна нібыта перашкаджала будаўнічым працам у Курапатах, і склалі пратаколы па двух артыкулах КаАП: 17.1 – “дробнае хуліганства” і 23.34 – “непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы”. У выніку суд пакараў Ніну Багінскую штрафам у 50 базавых велічынь.Да суда пенсіянерку ўтрымлівалі ў ІЧУ Мінскага раёна.

– Мы спрабавалі пагаварыць з рабочымі, якія займаліся бурыльнымі работамі ў Курапатах, але тыя нічога і слухаць не хацелі, – кажа Ніна Багінская. – Падыйшла міліцыя, спрабавала адагнаць нас ад месца працаў.

Але для мяне было проста абуральна тое, што робіцца ў мемарыяле, таму падставіла нагу пад бур трактара. Пасля чаго мяне і затрымалі. А разам са мной яшчэ прыхапілі і Паўла Севярынца, які, да слова, нікому не перашкаджаў. Ён проста заступіўся за мяне і казаў, што зносіць крыжу – гэта грэх.

– Павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання?

– Спачатку адправілі ў пастарунак, і я думала нават, што ў гэты ж дзень мяне выпусцяць, як ужо здарылася днём раней. Трэба адзначыць, што жанчыны-міліцыянеры паведамілі, што я магу напісаць тэлефоны родных, і ім патэлефануюць. Але я адмовілася, бо была ўпэўнена, што мяне ў хуткім часе выпусцяць.

Але ў выніку, тыя самыя міліцыянткі пачалі мяне “пашырана даглядаць”. Правяралі пантофлі, нават да майнткоў праглядалі, каб не схавала “забароненыя” рэчы. Кажу ім: што вы збіраецеся знайсці ў маіх калготках? Адказваюць: такі парадак!

Мяне адразу ж змясцілі ў камеру на чатырох чалавек, там былі жанчыны, якія патрапілі ў ізалятар з-за злоўжывання алкаголю і скандалаў з-за гэтага.

І ўжо вечарам у пятніцу ў камеры я зразумела – дадому мяне не выпусцяць, а таму родных і на самай справе трэба паставіць у вядомасць, каб не хваляваліся.

– Вы з 5 красавіка галадоўку абвясцілі?

– Я сказала, што есці тое, што яны прыносяць, адназначна не буду. Калі прынеслі вячэру, адмовілася ад яе, а ўжо на наступны дзень стала вядома, што да панядзелка мяне будуць утрымліваць у ІЧУ.

Праўда, мне дазволілі патэлефанаваць дачцэ, і далі ёй дазвол прынесці мне з дому перадачу. Хаця перадачы дазваляюцца толькі два дні на тыдзень – у панядзелак і чацвер. Сказалі, што, маўляў, зрабілі выключэнне, бо ўлічылі мой узрост.

Таму галадала я ўсяго суткі. У суботу дачка мне прынесла мандарыны, бананы, яблыкі, курагу, тварог, хлеб. Давялося нечым і з сукамерніцамі падзяліцца, хаця, па вялікім рахунку, гэта не дазвалялася.

— А якія былі ўмовы ўтрымання ў ізалятары?

— Тры разы на дзень прыносілі ежу, якую я так і не паспрабавала. Два разы на дзень – кіпень. Але тут ёсць адзін невялікі нюанс, бо кіпень трэба наліваць у свой кубачак. Там забараняецца мець усё, што зроблена са шкла, дазваляюцца толькі пластмасавыя вырабы. У мяне нават акуляры забралі.

На прагулку альбо, як кажуць, “перакур” выводзілі, таму глыток свежага паветра можна было атрымаць. Давалі таксама бялізну: прасціну, рушнік, коўдра была. Праўда, я ёй не карысталася, а накрывалася сваім чорным паліто з нашыўкай “Свабоду народу!” Думала так: няхай мае сукамерніцы бачаць, што сюды можна трапляць не толькі з-за алкаголю. Спрабавала нават даводзіць ім, што піць шкодна, а калі не адмовяцца ад алкаголю, то да маіх гадоў не дажывуць. Праўду, у адказ чула наступнае: “А мы і не хочам дажываць да вашых гадоў”. Вось такі ў нас электарат!

– Раней вы траплялі ў ІЧУ альбо гэта быў ваш першы досвед?

– Была, але вельмі даўно. Два разы мяне адпраўлялі ў ІЧУ на Акрэсціна – здаецца, у 1999 годзе і 2002-м. Але, як бачым, успомнілі ізноў амаль праз 20 гадоў.

– Ранейшыя штрафы за абарону Курапатаў і ўдзел у іншых акцыях вы прынцыпова не аплочвалі. Зараз таксама не будзеце плаціць?

– А чаму я павінна фінансаваць беззаконне? У мяне дзяржава штомесяц забірае палову пенсіі на пагашэнне штрафаў, таму няхай і далей забіраюць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства