viasna on patreon

Працоўнай групе ААН: ЛПП - форма адвольнага пазбаўлення свабоды ў Беларусі

2019 2019-03-14T16:13:06+0300 2019-03-14T16:37:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ltp_0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Светлагорскі ЛПП. Фота: "Гомельская праўда".

Светлагорскі ЛПП. Фота: "Гомельская праўда".

Юрысты Праваабарончага цэнтру "Вясна" накіравалі Працоўнай групе па адвольных затрыманнях ААН* паведамленне аб адвольным пазбаўленні свабоды грамадзяніна Беларусі Яраслава Габрынца, які ізаляваны ў лячэбна-працоўным прафілакторыі і прыцягваецца да прымусовай працы.

6 ліпеня 2018 года суд Мінскага раёна палічыў, што «малады чалавек пакутуе на сіндром залежнасці ад алкаголю, неаднаразова на працягу года прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, учыненыя ў стане алкагольнага ап'янення, папярэджваўся аб магчымасці прымусовай ізаляцыі ва ўмовах ЛПП, але не прыняў ніякіх мераў да самастойнага лячэння і працаўладкавання», і вынес рашэнне аб накіраванні Яраслава Габрынца ў лячэбна-працоўны прафілакторый для медыка-сацыяльнай рэадаптацыі з абавязковым прыцягннем да працы тэрмінам на 12 месяцаў.

Хлопец абскардзіў рашэнне суда ў касацыйным парадку два разы. Аднак, Мінскі раённы суд двойчы пакінуў скаргу без руху па шэрагу прычынаў: з-за неаплаты дзяржпошліны, не ўказання шэрагу асобаў, зацікаўленых у зыходзе справы, і месца іх знаходжання, а таксама не прадастаўлення копій касацыйнай скаргі па ліку зацікаўленых асобаў.

8 лістапада 2018 года Яраслаў Габрынец звязаўся з праваабарончым цэнтрам "Вясна" і папрасіў дапамогі ў «абскарджанні рашэння» па сваёй справе ў органах Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, прадаставіў юрыстам ПЦ "Вясна" права прадстаўляць яго справу ў міжнародных інстытутах.

Прыкладна праз месяц пасля апошняй сустрэчы з праваабаронцамі, малады чалавек паведаміў пра тое, што міліцыя вязе яго з хаты ў ЛПП. Пасля гэтага Яраслаў Габрынец больш не звязваўся з юрыстамі "Вясны", што відавочна звязана з рэжымам яго ізаляцыі.

У сваім паведамленні да Працоўнай групы па адвольных затрыманнях ААН праваабаронца «Вясна» Павел Сапелка адзначае, што ў Беларусі дзейнічае лячэбна-працоўныя прафілакторыі, створаная для прымусовай ізаляцыі і нібыта медыка-сацыяльная рэадаптацыя з абавязковым прыцягненнем да працы грамадзянаў, хворых на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію, і грамадзянаў, абавязаных кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, якія былі папярэджаныя аб магчымасці накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі і на працягу года пасля гэтага прыцягваліся да адказнасці за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння ў стане алкагольнага ап'янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных або іншых адурманьваючых рэчываў.

Такім чынам, у ЛПП накіроўваюцца асобы, якія не здзейснілі злачынстваў і раней ужо пакараныя за здзяйсненне дробных адміністрацыйных правінаў.

Варта адзначыць, што суддзя аднаасобна разглядае заяву органаў унутраных спраў аб накіраванні грамадзянаў у ЛПП у адпаведнасці з Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, пры гэтым функцыю абвінавачвання фактычна выконвае прадстаўнік АУС, а грамадзянін, якога накіроўваюць у ЛПП, не забяспечваецца абаронай (ён мае права самастойна запрасіць адвоката-прадстаўніка, але, як правіла, гэта немагчыма з прычыны матэрыяльнага становішча).

«Так, Яраслаў Габрынец у судзе пярэчыў супраць накіраванная яго ў ЛПП і тлумачыў, што можа лячыцца ад алкагалізму самастойна і працаўладкавацца ў бліжэйшы час; паказаў, што плануе звярнуцца да псіхолага. Аднак суд не прыняў яго довады і прызначыў яму 12 месяцаў ізаляцыі ў ЛПП.

Атрымаць бясплатную дапамогу адваката ён не мог, бо Закон "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці" не прадугледжвае магчымасці вывучэння справы і складання скаргі бясплатна для тых, хто не з'яўляецца непрацаздольным, інвалідам, спецыяльнай (прама названай у законе) катэгорыяй грамадзянаў», - падкрэслівае праваабаронца ў паведамленні.

Павел Сапелка указвае, што Закон "Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзянаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх" устанаўлівае абавязкі ЛПП, сярод якіх:

  • забяспечваць нагляд і кантроль за грамадзянамі, якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях;
  • забяспечваць iх працаўладкаванне;
  • утрымліваць кошт харчавання, адзення і абутку, камунальных паслугаў і іншае з заработнай платы i прыраўнаваных да яе даходаў грамадзянаў, якія знаходзяцца ў ЛПП;
  • ажыццяўляць выхаваўчае ўздзеянне на іх;
  • узаемадзейнічаць з органамі ўнутраных спраў па пытаннях прадухілення, выяўлення і спынення злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў з боку грамадзянаў, якія знаходзяцца ў ЛПП, i iншых грамадзянаў на тэрыторыі лячэбна-працоўных прафілакторыяў.

Акрамя гэтага, умовы знаходжанне грамадзянаў у ЛПП, іх правы і абавязкі замацаваны ў Правілах унутранага распарадку.

07_ltp_svetlogorsk.jpg
Фота з сайта TUT.BY

Асобна варта адзначыць, што супрацоўнікі ЛПП (г.зн. супрацоўнікі МУС) маюць права:

  • праводзіць дагляд грамадзянаў, якія знаходзяцца ў ЛПП, дагляд іх асабістых рэчаў і жылых памяшканняў;
  • адбіраць у іх прадметы і рэчывы, забароненыя да захоўвання і выкарыстання;
  • прымяняць у дачыненні да іх фізічную сілу і спецыяльныя сродкі.

Выкладзены пералік правоў і абавязкаў ЛПП і адміністрацыі ўстановы, а таксама правоў і абавязкаў зняволеных у ЛПП асобаў прыводзіць да высновы, што ўтрыманне ў ЛПП з'яўляецца формай пазбаўлення волі.

Важным аспектам праблемы з'яўляецца той факт, што зняволеныя ў ЛПП пагалоўна прыцягваюцца да прымусовай працы:

«Грамадзяне, якія знаходзяцца ў ЛПП, з улікам іх узросту, працаздольнасці, стану здароўя, спецыяльнасці і кваліфікацыі працаўладкоўваюцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, на рэспубліканскіх унітарных вытворчых прадпрыемствах, падпарадкаваных Дэпартаменту выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, і ў іншых арганізацыях, размешчаных па месцы знаходжанне лячэбна-працоўных прафілакторыяў, у адпаведнасці з Правіламі ўнутранага распарадку лячэбна-працоўных прафілакторыяў і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь».

Адмова грамадзянаў, якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, ад працаўладкавання або самавольнае спыненне працы цягнуць прымяненне да іх мераў спагнання, такіх як вымова, дзяжурства па-за чаргой або змяшчэнне ў дысцыплінарны пакой на тэрмін да дзесяці сутак.

ltp.jpg
Фота з сайта dzr.by

Больш за тое, тэрмін знаходжання грамадзяніна ў ЛПП можа быць працягнуты яшчэ на 6 месяцаў у выпадку наяўнасці ў яго двух спагнанняў, адно з якіх - у выглядзе змяшчэння ў дысцыплінарны пакоі, ці чатыры іншыя спагнанні; адсутнасць яго без паважных прычынаў у лячэбна-працоўным прафілакторыі звыш адных сутак ці менш адных сутак паўторна на працягу трох месяцаў; несвоечасовае вяртанне яго з сацыяльнага адпачынку па непаважлівых прычынах.

Усяго ў Беларусі сем лячэбна-працоўных прафілакторыяў: пяць для мужчын і два для жанчын. У іх адначасова змяшчаецца парадку 6-7 тысяч чалавек.

Падставы для затрымання і памяшчэння ў ЛПП прадугледжаныя нормамі нацыянальнага права, аднак супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая прадугледжвае магчымасць пазбаўлення волі толькі за ўчыненне злачынстваў.

«У выпадку з Яраславам Габрынцом мела месца невыкананне міжнародных нормаў, якія тычацца права на справядлівае судовае разбіральніцтва: малады чалавек быў пакараны пазбаўленнем волі па-за крымінальнай працэдуры за тое, што ён з'яўляецца залежным ад алкаголю чалавекам і здзейсніў у стане ап'янення некалькі дробных правапарушэнняў, гэта значыць, пакараны паўторна за тыя дзеі, за якія ўжо адбыў пакаранне (выплаціў штраф). У цяперашні час ён утрымліваецца ва ўмовах пазбаўлення волі і прыцягваецца да прымусовай працы пад пагрозай прымянення спагнанняў, у тым ліку ў выглядзе дысцыплінарнага пакоя з больш строгім рэжымам ізаляцыі, і падаўжэння тэрміну пазбаўлення волі яшчэ на 6 месяцаў.

Гэтая справа, акрамя значэнне для лёсу Яраслава Габрынца, можа стаць стратэгічна важнай для вызначэння характару затрымання яшчэ шэсці-сямі тысяч жанчын і мужчын, якія адначасова змяшчаюцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях на тэрыторыі Беларусь», - лічаць праваабаронцы.


Даведка:

*Працоўная група па адвольных затрыманнях Арганізацыі Аб'яднаных Нацый была заснаваная ў 1991 годзе. Яна прымае меры ў дачыненні да інфармацыі, якая прадастаўляецца ёй і тычацца выпадкаў адвольнага затрымання і пазбаўленне волі, шляхам накіравання адпаведным урадам тэрміновых заклікаў або паведамленняў для высвятлення сітуацыі і/або давядзення да ведама аб сітуацыі. Працоўная група таксама разглядае індывідуальныя скаргі.

На дадзены момант Працоўная група ўключае ў сябе пяць незалежных членаў з розных краінаў: Мексікі, Аўстраліі, Латвіі, Рэспублікі Карэя, Беніна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства