Блогера Сяргея Пятрухіна хочуць прыцягнуць да адказнасці па крымінальнай справе
Берасцейскі міжраённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь 1 лютага вынес пастанову аб прыцягненні берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна ў якасці абвінавачанага па крымінальнай справе, якая была распачата ў дачыненні да яго раней па артыкулах паклёп і абраза.
Пра гэта «Брэсцкай газеце» паведаміў Сяргей Пятрухін.
Падставай для прыцягнення блогера да крымінальнай адказнасці па артыкуле «Паклёп» стаў відэаролік, які быў зняты яшчэ ў сакавіку летась у будынку суда Ленінскага раёну Берасця і трансляваўся на відэахостынгу YouTube. У ім Пятрухін, як гаворыцца ў пастанове, выказваў інфармацыю ў дачыненні да ўчастковага інспектара Ленінскага РАУС Сяргея Ігнацюка.
А ў красавіка 2018 году на сваёй старонцы ў сацсетцы «Вконтакте» ён размясціў каментар, «які змяшчае пагардлівыя, прыніжальныя, негатыўна-ацэначныя, не адпаведныя нормам выразы да відэасюжэту «Цудоўная четверка_3. Насаты. Фінал». Тым самым ён «наўмысна зняважыў гонар і годнасць» чацвярых супрацоўнікаў Ленінскага РАУС, чым нанёс ім маральную шкоду ці здзейсніў злачынства, прадугледжанае ў артыкуле «Абраза».
Берасцейскі блогер Cяргей Пятрухін – сталы і нязменны ўдзельнік акцый пратэсту супраць шкоднага акумулятарнага заводу. Блогер праводзіць уласныя расследаванні, раскрываючы факты карупцыі і крадзяжу.
Паводле belsat.eu.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96