Артыкул 19: Новая пастанова моцна абмяжоўвае права на ананімнасць анлайн
Брытанская праваабарончая арганізацыя ARTICLE 19 (Артыкул 19) занепакоеная нядаўна прынятай пастановай беларускага ўрада, якая сур'ёзна абмяжоўвае правы Інтэрнэт-карыстальнікаў на ананімнасць: з 1 снежня 2018 года наведвальнікі сайтаў павінны пацвярджаць асобу перад публікацыяй паведамленняў.
У прыватнасці, уладальнікі сайтаў абавязаныя ствараць сістэмы ідэнтыфікацыі карыстальнікаў. Пастанова рэкамендуе выкарыстоўваць актывацыю праз СМС паведамленні. Пры гэтым, SIM-карту ў Беларусі можна набыць толькі пацвердзіўшы сваю асобу, напрыклад, пры дапамозе пашпарта.
Новая пастанова таксама ўтрымлівае палажэнне, якое датычыцца збору і захоўвання персанальных дадзеных карыстальнікаў. Уладальнікі сайтаў або даменаў абавязаны захоўваць дадзеныя на серверах, размешчаных у Беларусі.
Паводле ARTICLE 19, папраўкі, якія абавязваюць карыстальнікаў ідэнтыфікаваць сябе ў Інтэрнэце, а таксама новыя правілы захоўвання дадзеных, з'яўляюцца парушэннем міжнароднага права і ўяўляюць значную небяспеку для недатыкальнасці і свабоды выказвання меркаванняў карыстальнікаў.
“Абарона ананімнасці з’яўляецца жыццёва важнай для абароны як права на свабоду слова, так і права на прыватнае жыццё”, — сказаў праграмны дырэктар арганізацыі Дэвід Дыяс-Жогейз. “Ананімнасць дазваляе людзям выказвацца, не асцерагаючыся рэпрэсій, і з’яўляецца асабліва важнай у краінах, дзе свабода слова знаходзіцца пад жорсткай цэнзурай. Гэта можа прывесці да самацэнзуравання маргінальных групаў, у тым ліку ЛГБТ, і цікавання іншадумства ў грамадстве.”
Пастанова была прынятая ў рамках больш шырокіх зменаў у закон «Аб сродках масавай інфармацыі» 14 чэрвеня 2018 года Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі. Папраўкі да закона аб СМІ падвергнуліся крытыцы з боку міжнародных арганізацый і грамадзянскай супольнасці краіны. 19 красавіка 2018 года Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, якая заклікала беларускія ўлады “неадкладна і безумоўна” адмовіцца ад прапанаванага законапраекта, які “пагражае свабодзе слова”.
Спецыяльны дакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці таксама раскрытыкаваў законапраект, заявіўшы, што “папраўкі да закона аб СМІ пазбаўляюць інтэрнэт ананімнасці”, а таксама “закрываюць апошнюю публічную прастору для свабоднага выказвання меркаванняў”.
Любыя абмежаванні на ананімнасць павінны адпавядаць адначасова тром патрабаванням у адпаведнасці з артыкулам 19(3) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), а менавіта, мусяць:
- Быць прадпісанымі законам: абмежаванні павінны быць дакладнымі і дакладна агаворанымі ў адпаведнасці з прынцыпам вяршэнства права;
- Мець законную мэту, а менавіта павагу да правоў і рэпутацыі іншых асобаў, а таксама абарону нацыянальнай бяспекі або грамадскага парадку, здароўя ці маралі насельніцтва;
- Быць неабходнымі і суразмернымі мэце, якую яны пераследуюць. “Неабходнасць” азначае, што мусіць існаваць “пільная грамадская неабходнасць” для ўмяшання; што прычыны, прыведзеныя дзяржавай для апраўдання ўмяшання, павінны быць “адпаведнымі і дастатковымі", і што дзяржава павінна прадэманстраваць, што ўмяшанне суразмернае мэце.
Артыкул 19 — гэта брытанская праваабарончая арганізацыя, якая займаецца абаронай і заахвочваннем свабоды выказвання меркаванняў і свабоды інфармацыі ва ўсім свеце. Назва арганізацыі паходзіць ад артыкула 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, які абвяшчае, што “Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і іх выказвання; гэта права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў”.