viasna on patreon

Дзяніс Мандзік: “На мае просьбы расслабіць кайданкі супрацоўнікі міліцыі ніяк не рэагавалі” Відэа

2018 2018-10-18T17:26:51+0300 2018-10-18T17:54:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mandzik.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня "Моладзі БНФ" Дзяніс Мандзік

Старшыня "Моладзі БНФ" Дзяніс Мандзік

Старшыня "Моладзі БНФ" Дзяніс Мандзік пры дапамозе праваабаронцаў “Вясны” накіраваў скаргу ў Пракуратуру Цэнтральнага раёна г. Мінска на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

Як распавёў актывіст, пасля затрымання каля будунку Генеральнага штаба 16 кастрычніка ён быў дастаўлены ў Цэнтральны РУУС г.Мінска, дзе на яго склалі пратакол, правялі асабісты дагляд, дактыласкапіравалі і сфатаграфавалі. Вечарам таго ж дня яго і іншых удзельнікаў пікета даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Адметна, што пры этапаванні на Дзяніса Мандзіка былі надзетыя кайданкі.

“На мае просьбы расслабіць кайданкі супрацоўнікі міліцыі ніяк не рэагавалі”, - адзначыў хлопец.

На наступную раніцу Дзяніса Мандзіка двойчы этапавалі ізноў у кайданках – спачатку з ЦІПа ў РУУС, а потым з РУУСа ў суд Цэнтральнага раёна.

“Пры дастаўленні ў суд ўсіх затрыманых змацавалі паміж сабой кайданкамі і ў такім выглядзе выводзілі з машыны ў будынак суда”, - указвае актывіст у сваёй заяве ў пракуратуру.

Дзяніс Мандзік упэўнены, што ніякіх дзеянняў, якія б маглі паслужыць падставай для прымянення да яго спецсродкаў супрацоўнікамі міліцыі, ні ён, ні іншыя затрыманыя не здзяйснялі.

“Лічу, што сваімі дзеяннямі супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага РУУС г. Мінска перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, дапусцілі ў дачыненне да мяне і іншых затрыманых жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне, якое прычыняла мне фізычныя пакуты, абражала маю чалавечую годнасць”, - канстатуе актывіст і просіць пракуратуру правесці праверку і прыцягнуць супрацоўнікаў міліцыі да адказнасці.

Праваабаронцы “Вясны” падкрэсліваюць, што згодна з Законам “Аб органах унутраных спраў” спецыяльныя сродкі (кайданкі, гумавыя палкі, сродкі звязвання, спецыяльныя хімічныя рэчывы ды інш.) прымяняюцца ў скрайніх выпадках: затрымання і дастаўлення ў органы ўнутраных спраў падазраваных (абвінавачаных) у здзяйсненні злачынстваў, асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністратыўны працэс, калі яны аказваюць непадпарадкаванне ці супраціў, а таксама канваіравання і ўтрымання асобаў, якія падвергнутыя адміністратыўнаму арышту, дэпартацыі ці высылцы, асобаў затрыманых па непасрэдна ўзнікшаму падозранню ў здзяйсненні злачынства, асобаў заключаных пад варту, калі яны аказваюць непадрадкаванне ці супраціў альбо маюцца падставы меркаваць, што яны могуць здейсніць уцёкі альбо прычыніць шкоду акружаючым ці сабе.

“У дадзенай сітуацыі ніякіх абазначаных у законе выпадкаў не было, і таму супрацоўнікі міліцыі не павінны былі прымяняць гэтыя спецсродкі.

Такое абыходжанне мы расцэньваем як жорсткае і бесчалавечнае, прыніжаючае чалавечую годнасць, якое у тым ліку забароненае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама Канвенцыяй ААН аб недапушчэнні катаванняў і іншага жорсткага і бесчалавечага абыходжання, ратыфікаваных Рэспубліка Беларусь”, - упэўнены юрыст Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, 16 кастрычніка непадалёку ад будынку Генеральнага штаба Рэспублікі Беларусь актывісты праводзілі пікет супраць дзедаўшчыны ў арміі ў межах новай грамадскай кампаніі "Білет на той свет".  Пікет доўжыўся літаральна некалькі секундаў і быў спынены супрацоўнікамі АМАПу.

Удзельнікаў пікету Дзяніса Мандзіка, Ганну Смілевіч і Арсенія Дзядка затрымалі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна, дзе склалі пратаколы правапарушэння. Арсенія Дзядка неўзабаве вызвалілі, а астатніх змясцілі ў ЦІП.

Суд Цэнтральнага раёна г. Мінска за парушэнне арт 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) пакараў Ганну Смілевіч штрафам у памеры 25 базавых велічынь, а Дзяніса Мандзіка - штрафам у памеры 30 базавых велічынь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства