Суды за пікет "Білет на той свет" Дапоўнена
Суд Цэнтральнага раёна Мінска 17 кастрычніка прыступіў да разгляду адміністрацыйных спраў актывістаў "Моладзі БНФ" Дзяніса Мандзіка і Ганны Смілевіч (Пахолка).
16 кастрычніка непадалёку ад будынку Генеральнага штаба Рэспублікі Беларусь актывісты праводзілі пікет супраць дзедаўшчыны ў арміі ў межах новай грамадскай кампаніі "Білет на той свет". Пікет доўжыўся літаральна некалькі секундаў і быў спынены супрацоўнікамі АМАПу.
Удзельнікаў пікету Дзяніса Мандзіка, Ганну Смілевіч і Арсенія Дзядка затрымалі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна, дзе склалі пратаколы правапарушэння. Арсенія Дзядка неўзабаве вызвалілі, а ататніх змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Затрыманых даставілі ў суд скаваных ў ланцуг з дапамогай кайданкоў. Справу Смілевіч разглядае суддзя Таццяна Акавітая. Дзяніса Мандзіка судзіць Наталля Вайцеховіч.
У якасці сведкі выступае супрацоўнік міліцыі, які запісваў на відэакамеру пачатак пікету.
Дзяжурны міліцыянер запатрабаваў, каб пры ўваходзе ў судовую залу адключалі смартфоны, а на заўвагу, што гук пад час працэсу пісаць не забараняецца, адказаў: "Дома будзеце мець правы».
– Ці звярталіся за дазволам на пікет у выканкам?” – пытае суддзя ў Смілевіч.
– Так
– Ці быў атрыманы дазвол
– Не!
Суддзя выносіць рашэнне аб пакаранні Смілевіч штрафам у памеры 25 базавых велічынь за парушэнне арт 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
У дачыненні Мандзіка судом вынесена пастанова аб пакаранні штрафам у памеры 30 базавых велічынь або 735 рублёў.