Праваабаронцы прадставілі сваю пазіцыю ў ААН Дапоўнена

2018 2018-10-08T11:30:09+0300 2018-10-08T15:20:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrdelegation.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дэлегацыя праваабаронцаў у ААН: Дзмітрый Чарных, Валянцін Стэфановіч, Вольга Смалянка, Алег Агееў

Дэлегацыя праваабаронцаў у ААН: Дзмітрый Чарных, Валянцін Стэфановіч, Вольга Смалянка, Алег Агееў

8-9 кастрычніка ў Жэневе адбываецца 124-й сесія Камітэта ААН па правах чалавека, на якой афіцыйны ўрад і кааліцыя праваабарончых арганізацый прадставяць свае справаздачы. 

Упершыню за 20 гадоў афіцыйныя ўлады накіравалі справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў Камітэт правоў чалавека ААН. Задача ж, якую перад сабой паставіла кааліцыя праваабарончых арганізацый — даць сваё альтэрнатыўнае бачанне таго, што адбываецца ў сферы правоў чалавека ў Беларусі.

У першай палове дня 8 кастрычніка праваабаронцы прадставяць свае тэзісы для сябраў Камітэта, а ўжо з 15 гадзінаў справаздачыцца будзе афіцыйная дэлегацыя. На наступны дзень - 9 кастрычніка - адбудзецца абмеркаванне прадстаўленных дакладаў. 

Падчас свайго выступу Валянцін Стэфановіч з ПЦ "Вясна", Вольга Смалянка з Цэнтра прававой трансфармацыі і Юрый Йоркскі ад ініцыятыўнай групы "Ідэнтычнасць і права" і "Еўразійская кааліцыя па мужчынскім здароўі" узнялі шэраг праблемаў і пытанняў у сферы парушэння правоў чалавека ў Беларусі. У дэлегацыю праваабаронцаў таксама ўваходзяць Дзмітрый Чарных з Беларускага Хельсінкскага камітэта і Алег Агееў з Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Так, праваабаронцы акцэнтавалі увагу на наступных момантах: 

  • Расследаванне выпадкаў гвалтоўных знікненняў у 1999-2000 гадах палітычных апанентаў рэжыму практычна не вядзецца, нягледзячы на важкія доказы датычнасці да знікненняў вышэйшых службовых асобаў краіны. З боку дзяржавы не было зроблена эфектыўных спробаў для раскрыцця злачынстваў.
  • Нягледзячы на ​​тэндэнцыю да істотнага зніжэння колькасці смяротных прысудаў, якія выносяцца і прыводзяцца ў выкананне, у Беларусі працягвае ўжывацца смяротнае
    пакаранне. Усяго за перыяд з 1997 па люты 2018 года вядома аб вынясенні смяротных прысудаў у дачыненні да 166 чалавек. Смяротнае пакаранне ў Беларусі выконваецца непублічна шляхам расстрэлу, пра дату і месца пакарання не паведамляецца, целы пакараных сваякам не выдаюцца, а пра месца пахавання не паведамляецца. КПЧ ААН неаднаразова прызнаваў дадзеныя працэдуры жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем у дачыненні да сваякоў пакараных смерцю.
  • Ёсць пераканаўчыя сведчанні, што катаванні і жорсткае абыходжанне працягваюць практыкавацца ва ўстановах МУС і КДБ. Падрабязная інфармацыя аб праблемах, звязаных з існаваннем катаванняў і жорсткага абыходжання ў Беларусі, была прадстаўлена кааліцыяй праваабарончых арганізацый Беларусі падчас 63-й сесіі Камітэта супраць катаванняў у Альтэрнатыўнай справаздачы.
  • Хаця Канстытуцыя Беларусі прадугледжвае забарону прымусовай працы, маецца шэраг прыкладаў яе выкарыстання, у прыватнасці ў рамках сістэмы лячэбна-працоўных прафілакторыяў, прымусовае працаўладкаванне бацькоў, абавязаных кампенсаваць расходы на ўтрыманне дзяцей, адабраных у іх у пазасудовым парадку (абавязаныя асобы), прымусовая праца падчас суботнікаў, а таксама прыцягненне навучэнцаў, работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў на сельскагаспадарчыя работы.
  • Нягледзячы на пэўныя пазытыўныя крокі па рэфармаванні судовай сістэмы, у сферы незалежнасці судовай улады працягваюць заставацца актуальнымі шэраг праблемаў, якія падрываюць незалежнасць суддзяў і ўплываюць на рэалізацыю права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Судовая ўлада знаходзіцца пад сур'ёзным уплывам Прэзідэнта і яго Адміністрацыі, уключаючы пытанні прызначэння, звальнення і прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці.
  • У Беларусі адсутнічае рэальная незалежнасць і самакіраванне калегій адвакатаў і свабода ажыццяўлення прафесіі адваката. Міністэрства юстыцыі мае найшырэйшыя
    паўнамоцтвы ў сферы адміністравання адвакацкай дзейнасці, у прыватнасці, ажыццяўляе допуск да яе шляхам ліцэнзавання, кантроль як за дзейнасцю асобных адвакатаў, так і інстытута адвакатуры.
  • У 2018 годзе былі ўнесеныя змены ў заканадаўства, якія істотна пашыраюць дзяржаўны кантроль Інтэрнэту ў Беларусі. У прыватнасці, уведзены дазвольны парадак рэгістрацыі ў якасці інтэрнэт-СМІ, без якога супрацоўнікі навінавых сайтаў пазбаўляюцца статусу журналістаў, а таксама абавязковая ідэнтыфікацыя наведвальнікаў сайтаў. Станоўчым змяненнем ў закон "Аб СМІ" з'яўляецца магчымасць абскарджання ў судовым парадку рашэння аб блакаванні сайтаў.
    Працягваецца практыка прыцягненьня да адказнасці журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі ў якасці журналіста замежных СМІ (у 2018 годзе на 20 верасня вядома пра не менш чым 77 выпадках прыцягнення да адказнасці, агульная сума штрафаў склала каля 32 000 USD).
  • Заканадаўства ўтрымлівае празмерныя абмежаванні права на правядзенне мірных сходаў. Прынятыя у 2018 году змены складана назваць прагрэсам у рэалізацыі дадзенага права. Закон прадугледзеў магчымасць правядзення некаторых відаў сходаў у паведамляльным парадку. Аднак такія сходы праводзяцца толькі ў спецыяльна вызначаных месцах, якія, як правіла, знаходзяцца далёка ад цэнтра горада і патэнцыйных адрасатаў сходаў. 
  • У цяперашні час Следчым камітэтам расследуецца крымінальная справа ў дачыненні да журналістаў недзяржаўных СМІ аб «несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі» дзяржаўнага тэлеграфнага агенцтва БелТА. Ператрусы прайшлі ў офісах СМІ, у журналістаў дома. Падазраванымі прыцягнуты не менш за 10 журналістаў, што з'яўляецца грубым парушэннем свабоды слова і перашкаджэннем дзейнасці СМІ, а дзеянні праваахоўных органаў - празмернымі. 
  • У Беларусі маюцца сур'ёзныя абмежаванні свабоды асацыяцыяў. Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў, партый, іх арганізацыйных структур, а таксама фондаў з'яўляецца складаным і цяжкім, пакідае магчымасць для дзяржаўных рэгіструючых органаў адвольна адмаўляць у рэгістрацыі любой стваранай арганізацыі. Устаноўлена забарона на дзейнасць розных формаў некамерцыйных арганізацый без дзяржаўнай рэгістрацыі, уключаючы грамадскія аб'яднанні і рэлігійныя арганізацыі.  Істотна абмежаваная магчымасць для атрымання некамерцыйнымі арганізацыямі фінансавання як з унутраных, так і з замежных крыніцаў.
  • Дзеянні ўладаў па адмене артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса - важны і неабходны крок у накірунку паляпшэння стану са свабодай асацыяцыяў у Беларусі. Разам з тым праваабаронцы канстатуюць, што намер замяніць крымінальную адказнасць за дзейнасьць у складзе незарэгістраваных арганізацый на адміністрацыйную сведчыць аб адсутнасці палітычнай волі да забеспячэння рэальнай свабоды асацыяцыяў ў краіне.
  • 24 жніўня 2018 года лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка за ўхіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры прысудзілі да абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу тэрмінам на 4 гады. Таксама ім забаронена займаць кіруючыя пасады на працягу 5 гадоў. Праваабарончая супольнасць Беларусі разглядае дадзеную справу як атаку на незалежны прафсаюзны рух у сувязі з іх актыўнасцю і імкненнем уладаў запалохаць арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Акрамя таго, праваабаронцы падкрэслілі, што ўлады да гэтага часу не прадэманстравалі якога-небудзь сур'ёзнага прагрэсу ў стварэнні нацыянальнай праваабарончай ўстановы, а таксама не прынята ўсёабдымнага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, не створаныя эфектыўныя механізмы забеспячэння роўнасці і абароны ад дыскрымінацыі.

Са шкадаваннем адзначаецца і практыка ігнаравання ўладамі меркаванняў Камітэта па правах чалавека, прынятых па індывідуальных паведамленнях. Асаблівую заклапочанасць праваабаронцаў выклікае пакіданне без увагі запытаў КПЧ аб ужыванні папярэдніх мераў, каб пазбегнуць прычынення непапраўнай шкоды ахвяры мяркуемага парушэння. У дачыненні да Беларусі Камітэт запытаў прымяненне папярэдніх мераў для як мінімум 11 чалавек, якія падалі індывідуальныя звароты ў Камітэт у чаканні выканання смяротнага прысуду; ні па адным з гэтых запытаў не было прынята станоўчага рашэння.

Нагадаем, напярэдадні ў Мінску нацыянальная праваабарончая кааліцыя прэзентавала Альтэрнатыўны даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У падрыхтоўцы дакладу прымалі ўдзел 12 праваабарончых арганізацый, палова з якіх выступіла на прэзентацыі з абмеркаваннямі самых вострых праблемаў выканання Беларуссю Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. 

Поўны тэкст Альтэрнатыўнай справаздачы праваабарончай кааліцыі пра выкананне Рэспублікай Беларусь Міжнароднага пакта аб палітычных і грамадзянскіх правах

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства