Праваабаронцы прэзентавалі Альтэрнатыўны даклад па сітуацыі з правамі чалавека Фота Відэа Дакумент Дапоўнена
У панядзелак, 1 кастрычніка, у Мінску нацыянальная праваабарончая кааліцыя прэзентавала Альтэрнатыўны даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У падрыхтоўцы дакладу прымалі ўдзел 12 праваабарончых арганізацый, палова з якіх выступіла на прэзентацыі з абмеркаваннямі самых вострых праблемаў выканання Беларуссю Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Спікерамі выступілі Дзмітрый Чарных, ГА “Беларускі Хельсінскі Камітэт; Вольга Смалянка, “Цэнтр прававой трансфармацыі”; Сяргей Драздоўскі, “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”; Валянцін Стэфановіч, Праваабарончы цэнтр “Вясна”; Сяргей Усцінаў, “Прававая ініцыятыва”; Алег Агееў, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Беларусь, з’яўляючыся ўдзельніцай Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, абавязана перыядычна прадастаўляць у ААН справаздачы аб выкананні Рэспублікай Беларусь гэтага Пакта. Нягледзячы на гэта, апошні афіцыйны даклад урад прадстаўляў больш за 20 гадоў таму. У гэтым годзе, на 124-й сесіі Камітэта ААН па правах чалавека, якая пройдзе ў Жэневе з 8 па 9 кастрычніка, беларускі ўрад пасля доўгага маўчання нарэшце прадаставіць такую справаздачу.
Вольга Смалянка, дырэктарка “Цэнтр прававой трансфармацыі” падкрэслівае:
"Упершыню за 20 гадоў Беларусь будзе даваць справаздачу, і задача праваабарончых арганізацый — даць свой альтэрнатыўны пункт гледжання, сваё альтэрнатыўнае бачанне таго, што адбываецца ў сферы правоў чалавека ў Беларусі".
У 2015 годзе Беларусь звярнулася ў ААН па спрошчаныя працэдуры прадстаўлення дакладу. Камітэт ААН у такім выпадку фармулюе пытанні для ўрада, якія іх цікавяць. Такім чынам, у дзяржаўным дакладзе змяшчаецца толькі канцэнтраваная інфармацыя па праблемах, якія іх цікавіць. Беларусь падрыхтавала і накіравала Камітэту сваю справаздачу ў 2017 годзе. Праваабаронцы вырашылі таксама адказаць на пытанні Камітэта, і прадаставіць у ААН свой даклад па правам чалавека - Альтэрнатыўны.
Але дыскусіі ў Жэневе, у звычайным яе разуменні, паміж праваабаронцамі і прадстаўнікамі ўрада не адбудзецца.
"Працэдура разгляду дакладаў ў Камітэце ААН пабудаваная такім чынам, што прадстаўнікі грамадскай супольнасці не могуць задаваць пытанні па дакладу прадстаўнікам дзяржавы пры яго прэзентацыі, і наадварот. Усё праходзіць праз сябраў Камітэта ААН. Калі ім нешта незразумела, яны задаюць пытанне ўраду. А мы толькі можам падштурхнуць іх задаць тое ці іншае пытанне, якое мы лічым важным. Але думаем, што ўвогуле пытанняў будзе шмат, бо за 20 гадоў іх накапілася багата", — каментуе сітуацыю юрыст ГА "Беларускі Хельсінскі Камітэт" Дзмітрый Чарных.
На прэзентацыі праваабаронцы, як аўтары радзелаў Альтэрнатыўнага дакладу, распавялі аб праблемах па выкананню Беларуссю палажэнняў Пакта і рэкамендацыях ураду, якія адлюстравалі ў справаздачы.
Так, праваабарончы цэнтр “Вясна”, акрамя іншых тэмаў, падрыхтаваў раздзел пра забарону прымусовай працы. Валянцін Стэфановіч, распавядая пра сітуацыю з правамі чалавека ў гэтай сферы, падкрэсліў, што тэма прымусовай працы на сённяшні дзень з’яўляецца актуальнай у Беларусі, бо студэнтаў і навучэнцаў працягваюць масава адпраўляюць на сельскагаспадарчыя працы:
"У дакладзе мы ўзгадваем рэчы, якія Беларусі ўжо былі рэкамендаваныя, але мы ў чарговы раз вымушаныя пра гэта пісаць. Наконт лячэбна-працоўных прафілакторыяў ужо ёсць рэкамендацыі Камітэта па сацыяльных, эканамічных і культурных правах, Міжнароднай арганізацыі працы. Але, тым не менш, практыка гэтая працягваецца: восем тысяч чалавек штогод туды накіроўваецца і прыцягваецца да прымусовай працы.
Таксама гэта тычыцца Дэкрэта№18 у частцы абавязаных асоб, якіх прымусова працаўладкоўваюць пад пагрозай адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. У дакладзе таксама апісваем формы прымусовай працы, такія як накіраванне работнікаў прадпрыемстваў, навучэнцаў школ, студэнтаў на ўборку сезоннай сельскагаспадарчай прадукцыі. У Беларусі гэта ажыццяўляецца без іх згоды, у парушэнне працоўнага заканадаўства, у тым ліку нацыянальнага".
Праваабаронцы таксама звярнулі ўвагу і на праблему смяротнага пакарання ў Беларусі.
"Выпадкі вынясення смяротных прысудаў Вярхоўным судом у якасці першай інстанцыі пазбаўляе магчымасці абскарджвання прысуду," – канстатуе юрыст ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч.
Ён таксама адзначае непублічнасць працы камісіі па памілаванні пры кіраўніку дзяржавы. На яе пасяджэнні могуць запрашацца грамадскасць і СМІ, аднак усе спробы праваабаронцаў папрысутнічаць на іх былі беспаспяховымі.
Праваабаронцы адзначаюць, што Беларусь ігнаруе абавязальніцтвы так званых тэрміновых працэдур Камітэта па правах чалавека ААН. Калі ў КПЧ паступае скарга ад асобы, прысуджанай да смяротнага пакарання, урад краіны не можа прывесці прысуд у выкананне да вынясення рашэння, пра што Камітэт інфармуе ўрад. Аднак у Беларусі вядома прынамсі 10 выпадкаў, калі прысуды прыводзіліся ў выкананне падчас разгляду скаргі асуджанага ў КПЧ.
Цяпер у Беларусі ў камеры смяротнікаў знаходзяцца чатыры чалавекі, двое з іх зарэгістравалі звароты ў КПЧ ААН. Праваабаронцы заклікаюць беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго адмены.