viasna on patreon

Светлагорск: Улады не жадаюць, каб гараджане ўздымалі пытанні экалагічнай бяспекі

2018 2018-09-27T10:23:41+0300 2018-09-27T12:12:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/svetlagorsk-fleshmob-2018.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Флэшмоб у Светлагорску 15 верасня. Фота: Радыё Свабода.

Флэшмоб у Светлагорску 15 верасня. Фота: Радыё Свабода.

Светлагорскі райвыканкам адмовіў у правядзенні ў горадзе мітынгу па праблемах, звязаных з працаю завода беленай цэлюлозы (ЗБЦ), пабудаванага кітайскімі спецыялістамі.

Заяўку на 29 верасня падаваў актывіст ініцыятыўнай групы па кантролю за працай завода беленай цэлюлозы (ЗБЦ) Анатоль Змітровіч.

 “Ва ўказаны час - з 16.00 да 18.00 29 верасня - на стадыёне будзе праходзіць запланаванае раней мерапрыемства – Рэспубліканскае лёгкаатлетычнае спартыўна-масавае мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы”… У сувязі з гэтым райвыканкам адмаўляе Вам у правядзенні масавага мерапрыемства", - паведамляе заяўніку намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкама Канстанцін Пятроўскі.

Карацей, “Выбачайце, вам адмоўлена!”.

А далей улады просяць Анатоля Змітровіча не хвалявацца з-за адмовы ў правядзенні мітынгу, паколькі чыноўнікі трымаюць усё пад сваім кантролем:

“Органамі ўлады ўдзяляецца пільная ўвага пытанням бяспекі пры ўводзе ў эксплуатацыю вышэйуказанага аб’екта… Звесткі аб экалагічнай сітуацыі рэгулярна абнаўляюцца на афіцыйных сайтах у раённай газеце і на іншых інфармацыйных рэсурсах.”

Праваабаронца Алена Маслюкова называе гэтае рашэнне аб адмове ў правядзенні мітынгу прававым гвалтам:

“Хіба толькі дурань пасля такога адказу не заўважыць сістэмы ў дзеяннях выканаўчай улады Светлагорску. Адмаўляюць людзям у рэалізацыі іх канстытуцыйных правоў, чым правакуюць самаарганізацыю на флэшмоб, а пасля сярод людзей шукаюць арганізатараў, замест таго, каб шукаць іх у будынку райвыканкама. Пратаколы на людзей складаюць, цягнуць у суд, запалохваць па месцы працы ці вучобы. Улады дзейнічаюць не па закону. Гэта відавочны прававы гвалт.”

Нагадаем, 15 верасня на Цэнтральнай плошчы Светлагорска адбыўся флэшмоб супраць запуску завода беленай цэлюлозы. У выніку затрымалі некалькі чалавек, а на Анатоля Змітровіча і Алену Маслюкову завялі адміністрацыйныя справы, пастановы па якіх будуць вынесеныя 3 кастрычніка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства