Актывістак аштрафавалі за «віцебскую вахту» ў Курапатах
За ўдзел у пікетаванні рэстарацыі «Поедем поедим» ля Курапатаў аштрафаваў актывістак БХД Алену Янушкоўскую, Ірыну Захараву і Таццяну Севярынец, піша "Радыё Свабода".
Суддзя Міхаіл Зубеня суда Віцебскага раёнупрызнаў актывістку Алену Янушкоўскую вінаватай толькі на падставе відэазапісу міліцэйскага апэратара і пакараў яе штрафам памерам 13 базавых велічыняў (318,5 руб.).
Справу Ірыны Захаравай разбіраў у Першамайскім райсудзе суддзя Міхаіл Юрчанка. Суд праходзіў таксама без сведак, і выключна на падставе відэазапісу актывістку аштрафавалі на 12 базавых велічыняў (294 руб.).
У адсутнасць Тацяны Севярынец суддзя Першамайскага райсуду Натальля Карабліна прысудзіла актывістцы штраф памерам 13 базавых велічыняў (294 руб.).
Працэсы былі завочныя: ніводная з актывістак не змагла трапіць на суд, бо паведамілі пра яго занадта позна.
Суды разбіралі справы, распачатыя за ўдзел у «Курапацкай варце» 8-га жніўня, паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».
У той дзень машыну з чатырма віцебскімі актывістамі тройчы затрымлівалі па дарозе ў Курапаты, а таксама на зваротным шляху. Актывісткі мелі намер распачаць «віцебскую вахту» каля рэстарацыі «Поедем поедим». У пастарунку ў Бараўлянах на Алену Янушкоўскую і Ірыну Захараву склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 КаАП. Тацяна Севярынец даведалася, што на яе таксама складзены пратакол, толькі 27-га жніўня.
Супрацоўнікі міліцыі Міхалевіч і Новік, якія складалі рапарты і пратаколы, у Віцебск не прыехалі — спаслаліся на службовую занятасць, а таксама на тое, што ехаць занадта далёка. Але прысутнічалі тутэйшыя супрацоўнікі сілавых структур у цывільным — у якасці гледачоў на працэсах, якія атрымаліся завочнымі.
Актывісткі збіраюцца аспрэчыць судовыя рашэнні, бо лічаць, што іх свядома пазбавілі права на абарону, запозна паведаміўшы пра дату і час пасяджэнняў.