viasna on patreon

Amnesty International адзначае “чорную паласу” ў сітуацыі з свабодай слова ў Беларусі

2018 2018-09-04T12:20:51+0300 2018-09-04T13:38:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/amnesty_international-banner.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з заявай, у якой яна заклікае "адмяніць усе існуючыя неапраўданыя абмежаванні для СМІ ў Беларусі." Жорсткая рэакцыя міжнародных праваабаронцаў выкліканая рэпрэсіямі супраць журналістаў у межах так званай “справы БелТА”, а таксама паведамленнямі пра пагрозы на адрас галоўнай рэдактаркі сайта “Хартыя-97” Наталлі Радзінай, пра якія стала вядома напрыканцы ліпеня.

“У апошнія тыдні праву на свабоду выказвання меркаванняў у Беларусі быў нанесены шэраг сур’ёзных удараў, у той час як улады працягваюць свой “крыжовы паход” супраць журналістаў і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Апошнія крокі з боку беларускіх уладаў дэманструюць рашучасць ліквідаваць усе крытычныя галасы ў краіне і пазбавіць людзей у Беларусі магчымасці свабоднага доступу, абмену і распаўсюду інфармацыі і меркаванняў”, — гаворыцца ў заяве Amnesty International.

Кажучы пра затрыманне журналістаў і ператрусы ў офісах беларускіх СМІ, Amnesty International адзначае, што “выкарыстанне сістэмы крымінальнага правасуддзя ў дадзеным выпадку, як уяўляецца, варта разглядаць як спосаб іх запалохвання і пераследу”. Арганізацыя таксама апісвае шматлікія парушэнні з боку Следчага камітэта, у прыватнасці ігнараванне прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні да журналісткі партала TUT.by Ганны Калтыгінай, якую прэс-служба СК назвала “падазраванай” да таго, як ёй пра гэта паведамілі.

У выпадку з Наталляй Радзінай Amnesty International звяртае ўвагу на тое, што асабістым пагрозам папярэднічалі рэпрэсіі супраць усяго сайта. У студзені 2018 г. улады абмежавалі доступ да “Хартыі-97”, што, паводле словаў рэдактаркі сайта, прывяло да зніжэння колькасці наведванняў на 70%.

“Міжнародная амністыя” характарызуе агульную сітуацыю з свабодай слова ў краіне як “адну з самых рэпрэсіўных у свеце”, спасылаючыся, пры гэтым, на высновы даследавання Reporters Without Borders. У рэйтынгу “Рэпарцёраў без межаў” Беларусь займае 153-е месца з 180 краінаў.

Сярод апошніх рэпрэсіўных захадаў беларускіх уладаў Amnesty International згадвае новыя абмежаванні ў дзейнасці інтэрнэт медыя.

“Штодня дзяржава пераследуе незалежных журналістаў і блогераў, якія крытыкуюць улады, і ў поўнай меры выкарыстоўвае ўсё больш рэпрэсіўнае заканадаўства, каб празмерна абмяжоўваць дзейнасць незалежных СМІ”, — гаворыцца ў заяве.

У гэтай сувязі, Amnesty International заклікае Беларусь “адмяніць ўсе існуючыя неапраўданыя абмежаванні для анлайн і афлайн СМІ”, у прыватнасці, "аднавіць доступ да сайта “Хартыя-97”, а таксама “спыніць адвольны пераслед журналістаў з дапамогай палітычна матываваных абвінавачванняў”.

Акрамя таго, улады павінны “забяспечыць чытачоў і каментатараў анлайн СМІ магчымасцю атрымліваць і абменьвацца інфармацыяй свабодна, не асцерагаючыся наступстваў у сувязі з праглядам або абмеркаваннем размешчанай там інфармацыі і меркаванняў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства