viasna on patreon

Андрэй Бастунец: Дзяржава павялічвае кантроль над інфармацыйнай сферай

2018 2018-07-19T12:45:38+0300 2018-07-19T12:45:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bastunec_svaboda_slova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец.

У Мінску прайшоў пяты раўнд Дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. Асобная сесія была прысвечана сітуацыі са свабодай слова ў краіне, паведамляе БАЖ.

Дыскусія была падзеленая на дзве часткі. У першай палове дня пытанні за закрытымі дзвярыма абмяркоўвалі, з аднаго боку, беларускія чыноўнікі на чале з намеснікам міністра замежных спраў Алегам Краўчанкам, а з другога боку — еўрапейская дэлегацыя, якую ўзначальвае Дзірк Шубель — кіраўнік аддзела двухбаковых адносінаў з краінамі Ўсходняга партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

Грамадзянскую супольнасць далучылі да другой часткі Дыялогу, і тут адной з галоўных тэм стала сітуацыя са свабодай слова, прыняццё зменаў у заканадаўства аб СМІ і пераслед журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі выданнямі без акрэдытацыі.

Да ўдзелу ў абмеркаванні быў запрошаны старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец.

Кіраўнік ГА “БАЖ” падрабязна распавёў, як адбывалася сустрэча і што абмяркоўвалі:

— Напачатку намесніца старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальных адносінах, правах чалавека і СМІ Валянціна Ржанец прадставіла вельмі аптымістычны аналіз зменаў, якія ўносяцца ў закон “Аб СМІ”. Таксама яна распавяла пра тое, што змены актыўна абмяркоўваліся з удзелам грамадскасці.

Пасля была магчымасць адрэагаваць на яе выступ.

Я адзначыў, што абмеркаванне зменаў у закон сапраўды адбывалася: БАЖ атрымаў праект паправак у заканадаўства і меў магчымасць выказаць сваё меркаванне, чым і скарыстаўся. Але ж, нажаль, усё гэта адбывалася на стадыі, калі законапраект ужо знаходзіўся ў Палаце прадстаўнікоў і паўплываць на яго канцэптуальна было немагчыма. Грамадскаць трэба было прыцягваць да абмеркавання, калі толька праект пачынаў распрацоўвацца, а не тады, калі магчымасці ўнесці нейкія змены ў яго былі мінімальныя.

І тыя прапановы журналісцкай супольнасці, якія былі ўлічаныя, аніяк не паўплывалі на сутнасць заканапраекта. А сутнасць зменаў у заканадаўства аб СМІ — павелічэнне дзяржаўнага кантролю над інфармацыйнай сферай, і без таго празмернага, прычым не толькі над медыя, але і над усёй інтэрнет-прасторай.

Я звярнуў увагу на асноўныя праблемныя моманты новай рэдакцыі закона, пра якія неаднаразова заяўляла Беларуская асацыяцыя журналістаў і падкрэслівала ў сваіх зваротах да ўладаў.

Акрамя зменаў у заканадаўства я засяродзіў увагу на пераследзе журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежнымі СМІ.

Журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі выданнямі ў гэтым годзе ўжо 60 раз прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, а сума штрафаў перасягнула 52.000 рублёў.

Гэтае пытанне доўгі час знаходзіцца сярод тых, якія абмяркоўваюцца падчас Дыялогу і, здавалася, былі пазітыўныя зрухі, калі амаль год — з траўня 2016-га па сакавік 2017-га — журналістаў не прыцягвалі да адказнасці па гэтым артыкуле КаАП. Але потым усё абрынулася, і летась было больш штрафаў, чым за тры папярэднія гады агулам, а за палову 2018-га года колькасць штрафаў ужо амаль дасягнула мінулагодняй.

Што тычыцца працы фрылансераў, то Валянціна Ржанец адзначыла: цяпер у Беларусі ўносяцца змены ў працоўнае заканадаўства і яны тычацца фрылансераў, дыстанцыйнай працы.

На гэта я адказаў, што агучаныя змены не маюць ніякага дачынення да працы ў рэжыме “фрыланс”, бо гаворка ідзе пра тую ж самую працоўную дамову з адным працадаўцам, толькі на дыстанцыйнай аснове.

У дыскусіі на сесіі, прысвечанай свабодзе выказвання меркавання, у прыватнасці, удзельнічалі старшыня профільнай камісіі ППНС Андрэй Навумовіч, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных наук БДУ Вадзім Гігін.

Папярэдні раунд Дыялогу па правах чалавека адбыўся 20 ліпеня мінулага года ў Бруселі. Чакаецца, што чарговая сустрэча ў рамках Дыялогу адбудзецца ўжо ў 2019 годзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства