Мікола Дзядок: “Справа БелТА” – пэўны экзамен для незалежнай журналістыкі
27 жніўня ўсіх падазраваных па “справе БелТА” выклікаюць у Следчы камітэт для правядзення працэсуальных дзеянняў з удзелам адвакатаў.
“Мэта ўладаў – не зрабіць з журналістаў зэкаў, а зрабіць так, каб яны перасталі займацца журналістыкай, а астатнія прадстаўнікі незалежных СМІ баяліся і былі падкантрольнымі”, – распавёў сайту palitviazni.info былы палітвязень Мікола Дзядок.
Як паведамлялася, раніцай 7 жніўня Следчы камітэт распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што “па матэрыялах праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)“, - інфармуе БелаПАН.
Падставай да ўзбужэння крымінальнай справы паслужыла “паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства” БелТА “аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпісцы паслуг, якія падаваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў”. Паводле паведамлення СК, у ходзе праверкі супрацоўнікамі МУС “выяўлены шматлікія факты неправамернага доступу да кампутарнай інфармацыі, уласнікам якой з’яўляецца” БелТА “.
У рэдакцыях незалежных СМІ, а таксама ў некаторых журналістаў і рэдактараў 7-9 жніўня прайшлі ператрусы. Былі таксама затрыманыя галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, рэдактары ТАА “Тутбай Медыя” Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, уласкар “Нямецкай хвалі” Паўлюк Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты “Беларусы і рынак” Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Перад вызваленнем з іх узялі падпіску пра неразгалошванне.
– Чаму пачалася сама справа? Я ўпэўнены што гэта абсалютна не выпадковасць, – мяркуе былы палітвязень Мікола Дзядок. – Пра нейкі “крадзеж” інфармацыі, безумоўна, казаць не выпадае, бо зразумела, што гэта толькі нагода. У мяне пакуль дзве версіі: улады рыхтуюцца да магчымага сацыяльнага выбуху (накшталт Вясны-2017), які можа здарыцца ў звязку са змяншэннем расійскіх датацый. І дзеля гэтага напярэдадні магчымых сацыяльных пратэстаў “прыбіць” незалежныя СМІ абавязкова трэба, бо яны пашыраюць і рэтранслююць незадаволенасць.
Другая версія – падрыхтоўка да датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў, бо Лукашэнка баіцца, што падчас іх Расія можа нешта “падмуціць”. У звязку з гэтым жа зараз узмацняецца ціск на нефармальныя моладзевыя групы, “экстрэмістаў” і г.д.
– Чым можа скончыцца гэтая справа?
– Не думаю, што хтосьці з журналістаў атрымае рэальныя тэрміны. Хутчэй за ўсё, альбо дадуць умоўныя тэрміны, альбо “хімію”, бо мэта ўладаў – не зрабіць з журналістаў зэкаў, а зрабіць так, каб яны перасталі займацца журналістыкай, а астатнія журналісты – баяліся і былі падкантрольнымі.
Думаю, гэта пэўны экзамен для незалежнай журналістыкі Беларусі. Калі супрацоўнікі буйных незалежных СМІ “прагнуцца”, перастануць даваць слова крытыкам улады, стануць больш абачлівымі ў сваіх выказваннях і ацэнках, то гэта значыць, што рэпрэсіі дасягнулі мэты.