viasna on patreon

Апошняе слова Ігара Комліка на судзе па «справе прафсаюзаў» 17 жніўня 2018 года

2018 2018-08-22T10:31:24+0300 2018-08-22T12:18:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fedunich-komlik-38.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Комлік у судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

Ігар Комлік у судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

Тэкст выступу галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка на судзе па "справе прафсаюзаў", прамоўлены на судовым паседжанні 17 жніўня 2018 года (з невялікімі выняткамі).

Перад тым, як Высокі Суд вынесе сваё рашэнне па разглядаемай справе, я хацеў бы яшчэ раз нагадаць суду пра канстытуцыйную прыярытэтнасць у беларускім заканадаўстве палажэнняў ратыфікаваных міжнародных дамоваў у адносінах да Законаў Рэспублікі Беларусь, Дэкрэтаў і Указаў Прэзідэнта. Гэтая норма верхавенства міжнародных дамоў замацаваная ў арт. 8 і арт. 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У арт. 8 гаворыцца: “Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

Я хачу нагадаць Высокаму суду, што згодна з арт. 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 года “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”:  “Канстытуцыя – Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, які мае вышэйшую юрыдычную сілу і замацоўвае асноватворныя прынцыпы і нормы прававога рэгулявання важнейшых грамадскіх адносін”.

Аб прыярытэтнасці норм міжнародных прававых актаў указваецца і ў артыкуле 33 Закона “Аб міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь”: “Міжнародныя дамовы Рэспублікі Беларусь падлягаюць добрасумленнаму выкананню Рэспублікай Беларусь у адпаведнасці з міжнародным правам.”

(Ігар Комлік падрабязна распавядае пра нормы права, якія ўтрымліваюцца у міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь)

Я хацеў бы ізноў звярнуцца да зместу Канвенцый Міжнароднай арганізацыі працы (Далей па тэксце – МАП. Рэд.) №87 і 98, паколькі яны з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства. Канвенцыі ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь і зарэгістраваныя ў Нацыянальным рээстры прававых актаў. На сайце mintrud.gov.by гэтыя канвенцыі адзначаны як асноватворныя канвенцыі МАП, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь.

(Ігар Комлік прыводзіць некаторыя артыкулы Канвенцыі МАП №87 і №98, дзе вядзецца размова пра права працоўных арганізоўвацца, абіраць апарат, аб праве ўступаць у міжнародныя арганізацыі працоўных і г.д.).

Прафсаюз РЭП з’яўляецца структурнай адзінкай адной з глабальных міжнародных арганізацый працоўных IndustriALL, якая ў сваю чаргу дзейнічае ў адпаведнасці са сваім статутам, мэтамі і задачамі і абаронена ад умяшальніцтва нацыянальных урадаў у яе дзейнасць.

Паколькі ў Рэспубліцы Беларусь чыноўнікамі пастаянна парушаліся і працягваюць парушацца узятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы, абумоўленыя вышэйпрыведзенымі Канвенцыямі МАП №№87 і 98, гэтыя парушэнні на працягу некалькіх гадоў станавіліся прадметам абмеркавання кіруючых органаў МАП. Грубыя парушэнні фундаментальных правоў прафсаюзаў, якія не спыняюцца, сталі прычынай таго, што ў чэрвені 2003 года дэлегаты працоўных на Міжнароднай канферэнцыі працы прадставілі скаргу аб невыкананні Урадам Беларусі вышэйадзначаных Канвенцый.

Гэтая скарга, а таксама падрыхтаваная Камітэтам па свабодзе аб’яднанняў рэкамендацыя перадаць абвінавачванні, якія находзяцца на разглядзе ў справе №2090 Камісіі па расследваннях МАП, былі ўхваленыя Адміністратыўным саветам МАП.

На першай сесіі, якая праходзіла 28-30 студзеня 2004 года ў Жэневе, Камісія прыняла рашэнне, што працэдура яе працы будзе насіць характар судовага разбіральніцтва….

У рамках працы Камісіі былі дапытаныя 70 сведкаў з боку прафсаюзаў, а таксама прадстаўнікі ураду Беларусі, сярод якіх міністр працы і сацыяльнай абароны, міністр замежных спраў, намеснік генеральнага пракурора, міністр юстыцыі і іншыя.

Выніковы даклад Камісіі па расследванню парушэнняў правоў прафсаюзаў, якія складаецца з 200 старонак, быў прыняты на 3-й сесіі ў чэрвені 2004 года. У дакладзе ўтрымліваліся апісанні фактаў парушэнняў правоў прафсаюзаў, а таксама 12 Рэкамендацый Ураду Беларусі.

(Ігар Комлік падрабязна тлумачыць сутнасць рэкамендацый і іх прававы статус).

Ігар Комлік пад час суду па

Магчыма ўсё тое, што было сказана вышэй Вас стаміла, але сказанае сведчыць аб тым, што крымінальнай справы увогуле не павінна было быць у прыродзе, нават калі б прафсаюз РЭП атрымліваў нейкія грашовыя сродкі, як салідарную дапамогу ад прафсаюзаў, што ўваходзяць у міжнароднае прафсаюзнае аб’яднанне. Пра што, дарэчы, у судзе казалі сведкі Аляксандр Ярашук, Падалінскі, Шчукін.

Гэтая крымінальная справа злепленая людзьмі, якія не маюць аніякага разумення ў прафсаюзным руху і якія ігнаруюць міжнародна-прававыя акты і Канстытуцыю Рэспублікім Беларусь, а таму, як мінімум, яны з’яўляюцца правапарушальнікамі. Я пра гэта неаднойчы казаў і на папярэднім следстве, і ў судзе.

Але, зыходзячы з таго, што крымінальная справа існуе і я прыцягнуты па ёй у якасці абвінавачванага, хачу даць ацэнку гэтаму крымінальнаму працэсу і той доказнай базе, якая была прадстаўленая Высокаму Суду, а таксама нагадаць патрабаванні артыкула 351 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:

- Прысуд суда павінен быць законным, пастаноўленым на падставе закона;

- Прысуд суда павінен быць абгрунтаваным, г.зн. на падставе толькі тых прадстаўленых доказаў, якія ўсебакова, поўна і аб’ектыўна даследаваны у судовым паседжанні;

- Прысуд павінен быць матываваным, утрымліваць матывы прынятых высноў і рашэнняў на падставе доказаў узятых пад увагу суда;

- Прысуд павінен быць справядлівым. Кожны невінаваты падлягае апраўданню;

- Пры  пастанаўленні прысуду суд павінен адказаць на наступныя пытанні: ці даказана, што мела месца дзеянне, у якім нас абвінавачваюць, ці даказана, што мы здзяйснялі інкрымінуемае дзеянне, ці даказана, што гэта дзеянне з’яўляецца злачынствам.

У сваім апошнім слове я хацеў бы адлюстраваць сваю кропку бачання на пытанні, пастаўленыя перад судом. Найперш пра доказы, якія суду прадставіла абвінавачванне.

Згодна з арт. 105 КПК Рэспублікі Беларусь кожны доказ падлягае ацэнцы з пункту гледжання аднесенасці, дапушчальнасці, дакладнасці, а ўсе сабраныя доказа у іх сукупнасці – з пункту гледжання дастатковасці для вырашэння крымінальнай справы ў судовым разбіральніцтве.

Тыя доказы, якія былі прадстаўленыя суду абвінавачваннем, не вытрымліваюць аніякай крытыкі. Частка іх не мае адносінаў да інкрымінуемага перыяду, яшчэ частка доказаў з’яўляецца  недапушчальнай, паколькі атрыманыя з парушэннем канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. У прыватнасці, паказанні сведкаў былі атрыманыя ў ходзе папярэдняга следства шляхам наводзячых пытанняў і пад уздзеяннем незаконнага псіхалагічнага ціску.

Астатняя частка доказаў не можа быць названая дакладнай, паколькі, альбо былі сфальсіфікаваныя, альбо грунтаваліся на меркаваннях і здагадках.

Ігар Комлік раіцца з абаронцам. Фота ПЦ

Мне ў СІЗА казалі: "Не будзеш гаварыць, пойдзеш першым нумарам!" Так, я лічу гэта ціскам. Я адмовіўся, але гэта нават ніяк не аформілі. Ці баку абвінавачванню невядома, што гэта павінна афармляцца адпаведным дакументам? Вось кошт паказанняў вашых сведкаў, таго ж самага ДФР.

Доказы, атрыманыя з парушэннем закона не маюць юрыдычнай сілы і не могуць быць пакладзеныя ў аснову абвінавачвання, а таксама выкарыстоўвацца для доказу любых абставінаў, указаных у арт. 89 КПК.

Абвінавачваннем за час судовага паседжання не было прадстаўлена ніводнага доказу, які мог бы паслужыць стоадсоткавай падставай для вынясення абвінаваўчага вердыкту судом.

Хоць адзін сведка, а вы апыталі па справе больш 800 чалавек, сказаў, што Комлік нешта краў?

Злепленая крымінальная справа з’яўляецца палітычна матываванай, накіраванай на знішчэнне адной з нешматлікіх, адзінай эфектыўнай, незалежнай арганізацыі, якая займаецца абаронай сацыяльных і эканамічных інтарэсаў працоўных Рэспублікі Беларусь. Для дасягнення гэтай мэты былі выкарыстаныя розныя метады: палітычны вышук (агент КДБ), аказваўся ціск на сябраў прафсаюза на стадыі іх затрымання і папярэдняга следства і ўсё гэта суправаджалася кампаніяй паклёпу ў сродках масавай інфармацыі. З гэткіх “журналісцкіх расследванняў” напрошвалася выснова, што сябрамі прафсаюза РЭП з’яўляюцца безпрынцыповыя “лахі”, паколькі Комлік і Фядыніч кралі прафсаюзныя грошы, набывалі за іх нерухомасць, і ніводзін сябра прафсаюза гэтага не заўважыў. І толькі дзякуючы доблесным працаўнікам ДФР і Следчага камітэта гэта ўдалося выкрыць.

Пагадзіцеся, што такая сітуацыя дыскрэдытуе не толькі мяне і Фядыніча, як раскрадальнікаў прафсаюзнай маёмасці, але і сам прафсаюз, як арганізацыю няздольную пракантраляваць, куды ж выдаткоўваюцца яе фінансавыя сродкі.

Ігар Комлік пад час суду па

Калісьці ў дзяцінстве я марыў быць міліцыянтам, а цяпер я сцерагуся сваёй мары.

Вам незразумела, што ў людзей могуць быць прынцыпы, і ў людзей можа быць мараль… Але гэта калі разглядаць прафсаюз як грамадскую праваабарончую арганізацыю, маю на ўвазе прафсаюз РЭП. Але тут справа ў тым, што спалохаўшыся выступленняў грамадзян Беларусі, якія пракаціліся па ўсёй краіне ў 2017 годзе і накіраваных супраць палажэнняў Дэкрэта №3, у якіх прымалі актыўны ўдзел і сябры прафсаюза РЭП, чыйсці разгарачаны мозг парадзіў ідэю звязаць прафсаюз РЭП з фінансаваннем экстрэмісцкіх узброеных фарміраванняў. І тады ўсе дзеянні так называемых “праваахоўных органаў”, пачынаючы з сакавіка 2017 года і па сённяшні дзень, становяцца лагічнымі і зразумелымі.

Гэта і ўкараненне агента КДБ у прафсаюзную арганізацыю, і адначасовыя ператрусы ў двух кватэрах, якія адбываліся ў сакавіку мінулага года па справе “Белага легіёну” і ў жніўні 2017 года ўжо па “справе прафсаюза”. У адной кватэры пражываў я з жонкай, у другой мой сын са сваёй сям’ёй, гэта і сюжэт пра “Белы легіён”, паказаны па БТ, які звязваў  яго з фашызмам і міжнародным тэрарызмам, дзе адной з дзеючых асоб быў і мой сын, а таксама артыкул на сайце vesty24.by у дзень пачатку судовага паседжання, па поваду магчымага фінансавання прафсаюзам незаконных узброеных фарміраванняў, а таксама выказванне пракурора ў судзе па поваду суправаджэння да граніцы мяне сынам ці сына мной.

У святле гэтага становіцца зразумелым і наяўнасць фэйкавай электроннай паштовай скрыні, якая нібыта, па версіі следства прыналежыць мне і ў якой знаходзілася так званая выпіска з літоўскага банка, якая ў сваю чаргу павінна была падцвердзіць факт атрымання мною грашовых сродкаў з-за мяжы.

Зразумелым і лагічным становіцца той ціск, які аказваўся на грамадзян, якія праходзілі па справе ў якасці сведкаў пры іх затрыманні ў жніўні 2017 года з боку супрацоўнікаў ДФР, прадыктаваны неабходнасцю атрымаць ад іх “правільныя” паказанні, якія затым прад’яўляліся мне, з мэтай атрымаць ад мяне такія ж “правільныя” адказы. Мне так і казалі пры затрыманні 2 жніўня, калі мяне пасадзілі ў аўтамабіль з работнікамі ДФР: “Так, даеце 3 правільныя адказы на нашыя пытанні і вы будзеце дома”. Але я не даў ніякіх адказаў і таму апынуўся ў ізалятары, дзе “барабашка” мне тры дні капаў на мазгі аб складанасцях знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання, і ў СІЗА. Маўляў, вось ты давай прызнавайся, палёгка будзе”.

І гэта што, не псіхалагічны ціск? Альбо той факт, калі жонка прыйшла, прынесла мне лекі, ёй сказалі так: Угавары яго казаць што патрэбна і няхай ён капае гэтыя лекі сабе колькі пажадае. Яна цягам двух дзён не магла мне перадаць гэтыя лекі, якія мне трэба прымаць двойчы на дзень.

І як гэта называецца з пункту гледжання пракуратуры?

Я ўжо не кажу пра тыя дзеянні, пра якія неаднаразова ўзгадваў, пра падзеі 2014 года. Зараз чалавек, які быў у гэтым замяшаны працуе ў Генеральнай пракуратуры намеснікам генпракурора.

Дарэчы, калі мой сын знаходзіўся ў незаконным зняволенні больш за 100 дзён, спачатку ва ўнутранай турме КДБ, затым у следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага, супрацоўнікі следчых органаў цікавіліся ягонымі сувязямі з прафсаюзам РЭП, а да таго, як фігурантам “справы патрыётаў” змянілі кваліфікацыю з артыкула пра масавыя беспарадкі на артыкул пра незаконныя ўзброеныя фарміраванні, у прад’яўляемых абвінавачваннях, скажам так, фігураваў удзел у масавых беспарадках пачынаючы з 2011 года. Гэта вас не наводзіць на пэўныя думкі?

Тым больш, што ў Дэкрэце №24 указана, што калі бязвыплатная замежная дапамога аказваецца для экстрэмісцкіх мэтаў, для палітычных мэтаў, то тады арганізацыя падлягае закрыццю. Гэтая ўлада ўжо даўно думае пра тое, як прыхлопнуць прафсаюз РЭП. Таму я кажу новым сябрам прафсаюза, што самае галоўнае нашае дасягненне за гэты час у тым, што нас ужо 15 гадоў хочуць знішчыць, а мы ёсць. Да нас прыходзяць людзі і мы расцем колькасна. Вас усё гэта непакоіць. Вам свярбіць ва ўсіх месцах, каб нас знішчыць.

(Смех у зале, апладысменты. Суддзя просіць Комліка падбіраць словы).

Каб зразумець, чым жа не дагадзіў прафсаюз спадарам, якія знаходзяцца ва ўладзе, я хацеў бы звярнуцца да статыстыкі, якая нядаўна была апублікаваная ў “Свободных новостях” у артыкуле “Убогія ці вельмі бедныя”. Тут вось абвінаваўца казала пра нашыя мізэрныя заробкі.

Дык вось, мы яшчэ заможныя ў адрозненне ад тых умоў, якія стварыла дзяржава іншым людзям. Вось дадзеныя Белстата, аб тым, хто атрымліваў у 2017 годзе афіцыйны даход ніжэй за бюджэт пражытачанага мінімуму. Для даведкі: на сённяшні дзень БПМ складае 236 рублёў. Такіх грамадзян, якіх можна аднесці да ліку малазабяспечаных у Рэспубліцы Беларусь - 5,9%, ці 559 214 чалавек. У параўнанні з 2016 годам, ва ўсіх абласцях, акрамя Магілёўскай, адбылося павелічэнне колькасці малазабяспечаных грамадзян. Акрамя таго, за апошні год павялічылася колькасць тых, хто жыве на палову бюджэта пражытачанага мінімуму і нават яшчэ меней. Па Беларусі гэтая лічба складае 28 тысяч грамадзян.

Так што я ўвахожу ў лік амаль мільёна грамадзян, якія жывуць на такія грошы. Я ўжо не кажу пра дапамогу па беспрацоўі, якую наша дзяржава лічыць дастатковай, і пры гэтым чалавек яшчэ мусіць папрацаваць.

Сярод гэтых грамадзян ёсць і такія, якія патрапілі пад дзеянне Дэкрэта №3 і прадстаўнікі дзяржавы хацелі залезці ў іх худыя гаманцы, абклаўшы іх, па мерках цывілізаванага свету практычна жабракоў, яшчэ і падаткам на дармаедства.

Грамадзянам Беларусі разаслалі 470 тысяч “лістоў шчасця”. Прафсаюз РЭП падняўся на іх абарону. І сёння мы можам запісаць у свой актыў грашовыя сродкі, якія прафсаюз РЭП вярнуў людзям, а гэта 7.2 мільёны беларускіх рублёў, што прыкладана 3.5 мільёны долараў. Гэта тыя грошы, якія былі вернутыя Інспекцыяй па падатках і зборах больш чым 54 тысячам грамадзян, якія паспяшаліся заплаціць “падатак на дармаедства” да прыпынення дзеяння Дэкрэта №3. Яшчэ большая сума, каля 25 мільёнаў долараў засталася у гаманцах зусім небагатых людзей. Гэтымі грашамі чыноўнікі спрабавалі залатаць дзіркі ў бюджэце краіны, якія ўтварыліся аб бяздарнага кіравання эканомікай.

А высновы аб тым, што эканоміка знаходзіцца ў плачэўным стане і ўпраўляецца бяздарнымі людзьмі, зробленыя нават не мной, а самім прэзідэнтам. Узяць хоць бы падзеі апошніх дзён – 14 жніўня 2018 года – міністра прамысловасці Віталя Ваўка кіраўнік дзяржавы запатрабаваў адправіць у адстаўку, гэтак жа як і міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага. Аляксандр Пазняк ужо былы кіраўнік Аршанскага райвыканкама, кіраўніку Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарснёву абвешчаная строгая вымова, кіраўніку Дзяржкамваенпрама Алегу Дзвігалёву і дзяржсакратару Савбеза Станіславу Засю абвешчаны “поўная службовая неадпаведнасць”. Але ж праблемы існуюць не толькі ў Оршы. Праблема па ўсёй краіне, у дрэваапрацоўцы, у аграпрамысловым комплексе, будаўніцтве, нафтаперапрацоўцы, якая зараз стратная, і яшчэ шмат дзе. Гэтыя праблемы ўзнікаюць і будуць узнікаць, таму што кіруючыя кадры ўсіх узроўняў падбіраюцца не па дзелавых якасцях, а па адданасці рэжыму і гатоўнасцю змагацца з іншадумствам.

А ў гэты час у раённых і абласных цэнтрах людзі не могуць знайсці працу, а працоўныя месцы, якія існуюць, як правіла нізкааплатныя. Дапамога па беспрацоўю мізэрная.

Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў Оршы жорстка адчытаў віцэ-прэм’ера ўраду Васіля Жарко: “У вас карупцыянер на карупцыянеры сядзіць”.

Перад пачаткам суду  па “справе прафсаюзаў”: Ігар Комлік і Ілля Нузаў (FIDH)

Я хачу прывесці яшчэ адныя дадзеныя апытання, якое праводзілася па замове даследчага цэнтра Інстытута прадпрымальніцтва і менеджменту сярод беларускіх бізнэсменаў на тэму ”Якія якасці патрэбныя, каб стаць багатым у Беларусі. Былі названыя такія лічбы:

18,3 % рэспандэнтаў сказалі “прыстойнасць”, 19,6% сказалі “талент”, 26,6% назвалі “добрую адукацыю”, 45, 2% сказалі “розум”. Сюды, дарэчы, можна аднесці хітрасць і выкрутлівасць. І 52,3% рэспандэнтаў адказалі: “неабходна мець патрэбныя сувязі”. Во як! Гэта значыць, што для паспяховага бізнесу ў Беларусі прыстойнасць запатрабавана амаль у тры разы меней, чым гэтак званы “блат”.

Вось у такім грамадстве мы жывем. І як тут не квітнець карупцыя.

Але калі мы, сябры прафсаюза РЭП, крытыкуем тыя асновы, якія склаліся, а таксама стан спраў, мы становімся злачынцамі.

Таму ў абвінавачванні, якое прад’яўлена мне і Фядынічу, на першым месцы стаіць абвінавачванне ў карыслівых мэтах. Але ж спакон веку вядома, хто мацней за ўсіх крычаў “трымайце злодзея” на кірмашовай плошчы. Таму вось у агуле мы маем кошт усяму гэтаму абвінавачванню.

Ну і напаследак самае цікавае.

Дэкрэт №24 ад 28 лістапада 2003 года “Аб атрыманні і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі” (Ігар Комлік пералічвае ўсе пазнейшыя рэдакцыі і ўнесеныя змены у святле Указаў і дэкрэтаў Прэзідэнта) ў пункце 1.1 напісана:

“Замежнай бязвыплатнай дапамогай з’яўляюцца грашовыя сродкі, у тым ліку і ў замежнай валюце, тавары, якія бязвыплатна прадастаўляюцца ў карыстанне, валоданне, распараджэнне арганізацыям і фізічным асобам Рэспублікі Беларусь) замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі, замежнымі арганізацыямі і грамадзянамі, а таксама асобамі без грамадзянства і ананімнымі ахвярадаўцамі”.

І далей:

Дзеянне сапраўднага Дэкрэта не распаўсюджваецца на міжнародную тэхнічную дапамогу і іншыя віды замежнай бязвыплатнай дапамогі, якая прадстаўляецца па праектах і праграмах, ухваленых Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а таксама ў адпаведнасці з дзеючымі для Рэспублікі Беларусь міждзяржаўнымі дамовамі.

(Комлік паўтарае гэтую фармулёўку яшчэ раз).

Што такое Канвенцыя МАП? Канвенцыя МАП з’яўляецца юрыдычным дакументам, які мае сілу міжнароднага дагавора. Канвенцыя ўступае ў сілу пры ўмове яе ратыфікацыі не менш чым двумя дзяржавамі–сябрамі МАП, гэта ёсць ні што іншае, як міждзяржаўная дамова. Затым, існуе закон аб міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь.. дарэчы да міжнародных дамоў адносяцца і міждзяржаўныя дамовы.

Ратыфікацыі падлягаюць міждзяржаўныя і міжурадавыя дамовы, а Канвенцыя МАП ратыфікуецца як міждзяржаўная дамова, а затым іншыя краіны могуць да яе далучацца.

І таму нават згодна свайго  ўнутранага заканадаўства Дэкрэт №24 не распаўсюджваецца на нас і не можам мы падлягаць крымінальнаму пераследу.

Таму той, хто зляпіў гэтую справу, вельмі мала разбіраецца ўвогуле ў прафсаюзным руху і міжнародных дачыненнях таксама.

Менавіта таму сёння крымінальная справа разглядаецца Высокім Судом і аднімае, даруйце мне, час у суда і ў нас, не даючы працаваць на карысць нашых грамадзян.

(Апладысменты).

Па тэме:

Апошняе слова Генадзя Фядыніча на судзе па "справе прафсаюзаў" 17 жніўня 2018 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства