viasna on patreon

“Чыноўнік у мантыі”. Чым актывістам запомнілася суддзя Фёдарава

2018 2018-08-14T15:59:00+0300 2018-08-14T16:19:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prafsajuz-sud-8-6-fedarava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як ужо ўдалося высветліць праваабаронцам, суддзя суда Савецкага раёна Мінска Марына Фёдарава, якая зараз вядзе “справу прафсаюзоў”, за апошнія дзесяць гадоў правяла больш за 40 працэсаў па палітычна матываваных артыкулах. ПЦ “Вясна” папрасіў грамадскіх актывістаў і палітыкаў узгадаць самыя гучныя суды па адміністрацыйных справах, дзе старшынствавала Марына Фёдарава. 

Суддзя Марына Фёдарава ў судзе па
Суддзя Марына Фёдарава ў судзе па "справе прафсаюзаў". Фота з сацыяльных сетак.

Удзел у (не)санкцыянаваным мерапрыемстве

Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў сутыкнуўся з Марынай Фёдаравай у 2016 годзе, падчас зацягнутага судовага разбіральніцтва наконт свайго ўдзелу ў “Дні волі”. У тым годзе святочнае шэсце было дазволена, а Кастусёў быў адным з заяўнікоў святкавання. Аднак дазвол Мінгарвыканкама не перашкодзіў міліцыянтам скласці на палітыка пратакол за парушэнне арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў.  

На першым судовым паседжанні, які вяла суддзя суда Савецкага раёна Мінска Наталля Драчова Кастусёў атрымаў 30 базавых велічынь.

Рыгор Кастусёў

"Я не згадзіўся з такім рашэннем і падаў касацыйную скаргу ў Мінскі гарадскі суд. Тады Мінгарсуд знайшоў шмат недарэчнасцяў у паказаннях сведак-міліцыянтаў і ў рашэнні гэтай суддзі і яно было адменена. Пасля гэтага справа была перададзена назад у раённы суд для паўторнага разбіральніцтва і трапіла менавіта суддзе Марыне Фёдаравай. У знак салідарнасці з першай суддзёй яна таксама дала мне штраф, але меншага памеру. Замест 30 базавых – 20”, - узгадвае падзеі 2016 года Кастусёў.

Тады старшыня БНФ ізноў накіраваў касацыю ў Мінгарсуд, але на гэты раз беспаспяхова: рашэнне Фёдаравай засталося без зменаў. Варта адзначыць, што тады Кастусёў асобна звяртаўся да гарадскога суда з просьбай вынесці на адрас суддзі Фёдаравай прыватнае вызначэнне (спецыяльная судовая пастанова, у якой звяртаецца ўвага на парушэнні заканадаўства. Рэд.) за прыняццё заведама неправасуднай пастановы.

15 сутак за перадвыбарчы пікет

Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кіраўнік арганізацыі "Еўрапейскі дыялог" Анатоль Лябедзька ў сакавіку 2014 года атрымаў ад Марыны Фёдаравай агулам 15 сутак арышту: 5 – за дробнае хуліганства і 10 – за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства. Такі быў вынік аднаго з перадвыбарчых пікетаў АГП, калі былі затрыманы яго ўдзельнікі, а на Лябедзьку складзеныя адміністрацыйныя пратаколы нібыта за спробу наладзіць бойку і за нецэнзурную лаянку ў дачыненні да другога сакратара БРСМ Аляксея Марозіка.

Узгадваючы тыя падзеі, палітык адзначыў, што зусім не здзіўлены таму факту, што менавіта гэтая суддзя зараз вядзе палітычна матываваны працэс над прафсаюзнымі лідэрамі.  

Анатоль Лябедзька

“Давайце пачнем з тэрмiналогіі. Спадарыня Фёдарава, дарэчы, не суддзя. Яна тыповы чыноўнiк на кантракце, якi прызначаецца выканаўчай уладай, атрымлівае заробак i паслухмяна выконвае распараджэннi, што паступаюць па тэлефоне. Гэта катэгорыя чыноўнiкаў мае сваю "спецвопратку" - мантыю, i гэта адзiнае, што засталося ад незалежнай судовай сiстэмы ў сенняшняй Беларусi.

З Марыны Фёдаравай, а лепш з Сукалы (старшыня Вярхоўнага суда. Рэд. ) можна пiсаць сучасную iнтэрпрэтацыю палатна  Давіда «Здзiранне скуры з прадажнага суддзi». Вядома, што ў кожным судзе ёсць некалькi асобаў, якiя спецыялiзуюцца на справах з палiтычнай падаплёкай. Фёдарава адна з iх”, - выказвае сваё меркаванне Анатоль Лябедзька.

“Нічога страшнага. Падумаеш, чалавек памыліўся”

У 2017 годзе, адразу пасля масавых затрыманняў на “Дзень волі”, актывіст Леанід Кулакоў быў асуджаны Марынай Фёдаравай да 25 сутак арышту. Нягледзячы на разыходжанні паказанняў сведкаў-міліцыянтаў і памылкі ў адміністрацыйных пратаколах, суддзя прызнала актывіста вінаватым у непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы (арт. 23.4 КаАП) і ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП).

Леанід Кулакоў

“На тым працэсе каля мяне сядзеў праваабаронца “Вясны” Андрэй Палуда. І калі суддзя Фёдарава папрасіла аднаго з міліцыянтаў-“лжэсведкаў” паказаць, каго ён затрымліваў 25 сакавіка, той адразу паказаў на Палуду. Тады я абурыўся і сказаў суддзе: “Няўжо пасля гэтага Вы будзеце далей мяне судзіць?”. На што яна адказала: “Нічога страшнага. Падумаеш, чалавек памыліўся”.

Пасля гэтага ў мяне знікла ўся павага да яе. Я адмовіўся адказваць на яе пытанні, бо я разумеў, што гэта ўжо не суд, а спектакль. Ёй сказалі асудзіць – яна асудзіла. Тады мне хацелася ёй сказаць: “Вы ведаеце, чаму Феміда стаіць з завязанымі вачыма? Ды таму, што ёй сорамна глядзець на беларускіх суддзяў. Яна ад сораму заплюшчыла вочы, бо не можа глядзець на гэты пазор!” – абураецца грамадскі актывіст.

Што датычыцца справы Фядыніча і Комліка, то тут Леаніда Кулакова не мае ніякіх ілюзій наконт верагоднасці апраўдальнага прысуду. Па яго меркаванні, суддзя можа апраўдаць іх толькі тады, калі ёй гэта загадаюць зверху.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства