viasna on patreon

Следчыя праводзяць ператрус у кампаніях Tut.by і БелаПАН. Шасцёра журналістаў затрыманыя на трое сутак Відэа Дапоўнена

2018 2018-08-07T13:32:00+0300 2018-08-07T16:58:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tyt.by-ofis-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Офіс партала TUT.BY. Фота: tut.by

Офіс партала TUT.BY. Фота: tut.by

Як паведаміў Свабодзе  заснавальнік інтэрнэт-парталу tut.by Юры Зісер, з 7 раніцы доступ у офіс кампаніі закрыты, следчыя праводзяць ператрус.

Следчымі дзеяннямі заблакаваныя рэдакцыйныя памяшканьні і бухгалтэрыя. Ператрус праводзіць Следчы камітэт. Падазраюць, што хтосьці з кампаніі tut.by узламаў сайт дзяржаўнага інфармацыйнага агентва БелТА. Сайт БелТА працуе ў звычайным рэжыме.

У Следчым камітэце заявілі, што распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса - "Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды".

«Да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасці датычныя службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "Тутбай Медыя". Сёння па падазрэнні ў здзяйсненні вышэйпаказанага злачынства затрыманы шэраг прадстаўнікоў названых арганізацый. Расследаванне працягваецца", - сказана ў паведамленні ведамства.

"Наша Ніва" паведамляе, што рэдактара партала Марыну Золатаву абвінавачваюць у тым, што яна заходзіла на сайт дзяржаўнага агенцтва БелТА па старым паролі платнага доступу.  Яна затрыманая. 
Затрыманыя таксама Ганна Калтыгіна і Таццяна Каравянкова. З затрыманымі няма сувязі. Дома ў іх праходзяць ператрусы. 

Як стала вядома Свабодзе, супрацоўнікі праваахоўных органаў забралі на допыт таксама рэдактарку парталу Tut.by Улляну Бабаед і Галіну Уласік. Дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай на тэлефанаванні не адказвае.

У СК патлумачылі, што падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства БелТА аб збоях пры ажыцьцяўленьні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму з ягоных заказчыкаў.

«На працягу двух гадоў (2017-2018 гг.) без ведама і згоды рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства здзейснена больш за 15 тысяч несанкцыянаваных падключэнняў да інфармацыі, якая захоўваецца ў кампутарнай сістэме прадпрыемства», — заявілі ў СК.

У выніку РУП «БелТА» нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад старонняга доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства.

Як паведамляе Еўрарадыё, супрацоўнікаў найбуйнейшага хостынг-правайдэру ў Беларусі Hoster.by не пускаюць на працоўныя месцы. Пад пагрозай праца сайтаў. Офіс кампаніі знаходзіцца ў мінскім офісным цэнтры Omega Tower - там жа, дзе размешчана рэдакцыя TUT.by, у якой зараз адбываецца ператрус.

Каля офісу кампаніі БелаПАН
Каля офісу кампаніі БелаПАН

Дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў піша, што Следчы камітэт перашкаджае працы кампаніі:

"Паважаная Юлія Ганчарова [афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта. - Еўрарадыё]! Вы ў курсе, што зараз СК перашкаджае працы кампаніі Hoster.by, не пускаючы супрацоўнікаў на свае працоўныя месцы? Хто будзе несці адказнасць, калі ўзнікне збой у працы большасці сайтаў у байнэце і/або даменнай зоны?"

Суседка Каравянковых у вёсцы Жодзішкі Смаргонскага раёну паведаміла Свабодзе, што а 10-ай раніцы да дому маці журналісткі БелаПАН прыехалі 4–5 супрацоўнікаў Следчага камітэту, праводзяць ператрус. 

Карэспандэнтку БелаПАН Тацяну Каравянкову з вёскі Жодзішкі Смаргонскага раёну вязуць у Цэнтральны апарат Следчага камітэту ў Мінск. Яна цяпер у статусе падазраванай, паведаміла суседка. Ператрус доўжыўся каля гадзіны.

Каля офісу кампаніі БелаПАН. Фото ПЦ "Вясна"
Каля офісу кампаніі БелаПАН. Фото ПЦ "Вясна"

На допыце ў Следчым камітэце знаходзяцца шэсць супрацоўнікаў парталу Tut.by — журналістаў і выпускаючых рэдактараў. Прынамсі некаторыя з іх знаходзяцца ў статусе падазраваных.

Як расказала ў жывым відэаэфіры Свабоды галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына, затрыманая журналістка незалежнага агенцтва Таццяна Каравянкова — міжнародны аглядальнік. Гэта галоўная сфера яе абавязкаў. Апроч таго яна час ад часу займаецца і іншымі тэмамі.

Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына. Фота Радыё Свабода
Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына. Фота Радыё Свабода

«Зусім незразумелыя прэтэнзіі да Таццяны і БелаПАН. Мы бралі абсалютна адкрытую інфармацыю БелТА і заўжды перадавалі яе з гіперспасылкай на дзяржаўнае агенцтва ў бясплатным доступе. Таму сцвярджаць, што мы мелі карыслівую выгаду, асабліва Таццяна Каравянкова, проста смешна», — сказала Леўшына.

Паводле рэдактаркі БелаПАН, яны вымушаныя выкарыстоўваць інфармацыю БелТА, бо ня маюць доступу да дзяржаўных структур, кіраўніцтва дзяржавы.

«Гэта сведчыць, у якіх няроўных умовах мы працуем з дзяржаўнымі СМІ», — сказала яна.

Паводле Леўшынай, у рэдакцыі БелаПАН знаходзіцца адзін журналіст — дзяжурны рэдактар Андрэй Серада.

«Што адбываецца ўсярэдзіне, мы не ведаем. Са мной ніхто не звязваўся, — адзначыла Леўшына. — Чаму выбар паў на Таццяну Каравянкову, для мяне вялікае пытанне».

Рэдактарка БелаПАН падкрэсліла, што кіраўніцтва БелТА не спрабавала звязацца з імі, высвятліць адносіны.

«Калег з БелТА проста выкарыстоўваюць, ім павінна быць сорамна», — заявіла Ірына Леўшына.

Пад будынкам Следчага камітэту стаіць муж арыштаванай рэдактаркі раздзелу «Грамадзтва» парталу Tut.by Улляны Бабаед. Ён распавёў Свабоде, што ў іх перавярнулі ўвесь дом, забралі ўсю тэхніку.

Ёсць інфармацыя, што рэдактаркі Tut.by затрыманыя на трое сутак, іх даставяць у ІЧУ.

“Сёння раніцай за маці прыехалі дадому. Яна мусіла выходзіць на працу да 15-й, калі пачыналася яе змена”, — распавяла Еўрарадыё Лера Уласік, дачка журналісткі.

Па словах дзяўчыны, Галіну Уласік апыталі ў будынку Следчага камітэта. Цяпер яна, як і іншыя затрыманыя - Марына Золатава і Ганна Калтыгіна, знаходзіцца ў мінскім ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна.

«Мне патэлефанавалі са Следчага камітэту, паведамілі, што маці затрыманая паводле артыкулу 349 Крымінальнага кодэксу на трое сутак. На пытанне, ці можна з ёй звязацца, адказалі, што не, у яе забралі мабільны тэлефон. Паведамілі таксама, што ўтрымлівацца яна будзе ў ЦІП на Акрэсціна, можна прывезці перадачу», — распавяла Валерыя Уласік Радыё Свабодзе.

У Следчым камітэце пакуль не ўдалося атрымаць пацвярджэння гэтай інфармацыі.

Журналістку БелаПАН Тацяну Каравянкову пакуль вязуць у Мінск. Ёй нанялі адваката, паведаміла рэдактарка БелаПАН.

Пазней сталі вядомыя прозвішчы яшчэ двух затрыманых у справе нелегальнага доступу да платнай стужкі навінаў БелТА — Дзьмітры Бобрык і Ганна Ермачонак з парталу Tut.by. Працэсуальны статус іх пакуль не вядомы.

БАЖ паведамляе, што ў рэдакцыі часопіса "Навука" Следчы камітэт таксама праводзіць вобшук. 

Супрацоўнікі рэдакцыі адмаўляюцца паведамляць падрабязнасці, спасылаючыся на падпісаны імі дакумент аб неразгалошванні. Аднак пацвярджаюць, што СК праводзіць ператрус. Галоўны рэдактар ​​газеты "Навука" Сяргей Дубовік зняў трубку тэлефона, але адказаў, што цяпер не можа гаварыць.

Супрацоўнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасцю Цэнтральнага апарату Следчага камітэту Ілля Басько не пацвердзіў інфармацыю пра арышт рэдактарак на тры дні.

«У мяне такой інфармацыі няма», — сказаў ён.

Аднак кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец паведаміў БелаПАН аб тым, што на 72 гадзіны затрыманыя шасцёра журналістаў: Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік, Улляна Бабаед, Дзмітрый Бобрык і Таццяна Каравянкова. Усе яны знаходзяцца ў ІЧУ.

Вобшук на Tut.by цягнецца ўжо восем гадзінаў. Следчыя пакуль не кажуць, калі яны скончаць працу. Каля рэдакцыі прыпаркаваны мікрааўтобус з АМАПам.

У офісе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН скончыўся ператрус, які працягваўся больш за сем гадзінаў. Выпускаючага рэдактара Андрэя Сераду, які знаходзіўся на працы з 8-й раніцы і прысутнічаў пры ператрусе, забралі на допыт у Следчы камітэт. З некаторых кампутараў забралі вінчэсцеры. Пра гэта "Свабодзе" паведаміў намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі, які знаходзіцца ў БелаПАНе.

Паводле непацверджанай інфармацыі, затрыманая былая супрацоўніца Tut.by Яўгенія Беразюк. Яна працавала рэдактарам аддзелу «Грамадзтва» да канца 2015 году. Сёння яна не прыйшла на сустрэчу са сваім кіраўніком. Яе тэлефон заблакаваны, сваякі не могуць яе знайсці.


Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, здзейснены з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці, або групай асобаў па папярэдняй змове, альбо асобай, якая мае доступ да кампутарнай сістэмы або сеткі - караецца штрафам, або пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Сайт TUT.by адкрыўся ў Беларусі 5 кастрычніка 2000 года. У месяц ён збірае больш за 100 млн праглядаў. Выданне з'яўляецца недзяржаўным.

Следчыя праводзяць ператрус у кампаніях Tut.by і БелаПАН. Шасцёра журналістаў затрыманыя на трое сутак

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства