viasna on patreon

Мінчукам прапаноўваюць "фэйкавыя" групы з беларускай мовай навучання. Што кажа Алена Анісім?

2018 2018-07-20T11:15:34+0300 2018-07-20T12:46:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belaruskamounyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сустрэча бацькоў  з намесніцай міністра адукацыі Беларусі Раісай Сідарэнкай. Фота: Радыё Свабода

Сустрэча бацькоў з намесніцай міністра адукацыі Беларусі Раісай Сідарэнкай. Фота: Радыё Свабода

Пакуль сталічныя чыноўнікі ад адукацыі бадзёра рапартуюць аб тым, як расце колькасць школьных класаў і груп у дзіцячых садах з беларускай мовай навучання, рэальна бацькі сутыкаюцца са сцяной непаразумення і перашкодаў у рэалізацыі свайго канстытуцыйнага права.

 “Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы навучання і выхавання” (арт.50 Канстытуцыі РБ).

У лютым, у Міжнародны дзень роднай мовы, ініцыятыўная група бацькоў дзяцей, якія выхоўваюцца ў беларускамоўным асяродку, сустракаліся з намесніцай міністра адукацыі Беларусі Раісай Сідарэнкай. Ім паабяцалі стварыць па адной беларускамоўнай групе ў дзіцячых садках у кожным раёне Мінска.
А літаральна некалькі дзён таму галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Алена Макарэвіч, адрапартавала ў інтэрвію БЕЛТА, што ў новым навучальным годзе ў  Мінску адкрыецца яшчэ пяць груп з беларускай мовай навучання і выхавання ў дзіцячых садках.

У той жа час шэраг бацькоў з Мінску, якія жадаюць выхоўваць і навучаць сваіх дзяцей на роднай мове, гэтага аптымізму не падзяляюць.

Сёлета, яшчэ ў красавіку, некалькі беларускамоўных бацькоў звярнуліся з калектыўнымі і індывідуальнымі зваротамі ў адміністрацыю Першамайскага раёна г. Мінска з просьбамі аб пастаноўцы на ўлік і прадастаўленні месцаў у дзіцячых садах раёна з навучаннем і выхаваннем на роднай беларускай мове для сваіх дзяцей. Разумеючы, што цяжка адразу сабраць дзяцей на групу да 20 чалавек, яны прасілі разгледзець магчымасць стварэння рознаўзроставай групы. Прычым былі згодныя на фарміраванне групы нават не па тэрытарыяльнаму прынцыпу (па месцы пражывання бацькоў). Галоўнае – каб група была цалкам беларускамоўная, бо рэальна ў групы «з беларускай мовай навучання» трапляюць і расейскамоўныя дзеці, якіх звычайна пераважная большасць.

Адміністрацыя Першамайскага раёна г.Мінска адмовіла ў гэтым, спаслаўшыся на адсутнасць магчымасцяў і ў сувязі з тым, што навучальны працэс ва ўстановах дашкольнай адукацыі ў рознаўзроставых групах ажыццяўляецца на рускай мове. Пры гэтым бацькам паведамілі, што ў Першамайскім раёне ўжо створаныя 54 групы «з беларускай мовай навучання».

Аляксандра Баярына

Вядомая дызайнерка і актывістка стварэння цалкам беларускамоўнай групы Аляксандра Баярына распавяла, што ўсім жадаючым бацькам па ўсіх раёнах прапанавалі ісці ў іх фэйкавыя групы з беларускай мовай навучання, дзе ўжо набраныя рускамоўныя дзеці.

“Ніводнай групы яны не стварылі для дзяцей, бацькі якіх жадаюць вучыцца па-беларуску. Яны зноў стварылі групы для ўсіх, а беларускамоўных раскідалі адзінкамі па ўсіх групах. Адзінае выключэнне, садок №314, у які здаўна беларускамоўныя з усяго горада запісваюцца. Некаторым нашым удалося туды запісацца і там будзе больш беларускамоўных дзетак у групе. Але ж усё адно туды ўзялі і бяруць рускамоўных, хто жыве побач”.

Палічыўшы такія дзеянні дыскрымінацыйнымі у адносінах да беларускай мовы і незаконнымі, бацькі абскардзілі іх старшыні Мінгарвыканкама Андрэю Шорацу. Аднак Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, куды перанакіравалі зварот, спаслаўшыся на тое, што камплектаванне ўстаноў дашкольнай адукацыі г.Мінска, у тым ліку Першамайскага раёна, ажыццяўляецца з улікам колькасці дзяцей, якіх бацькі жадаюць уладкаваць у дзіцячы сад, абранай мовы навучання і колькасці месцаў у дашкольных установах, а таксама пераўкамплектаванасці (перазагружанасці) дзецьмі, прызнала, што сфарміраваць у 2018/2019 навучальным годзе рознаўзроставую групу з беларускай мовай навучання немагчыма. Такім чынам, скарга бацькоў была пакінутая без задавальнення.

Паспрабавалі яны абскардзіць гэты адказ у судзе Першамайскага раёна Мінска. Бацькі прасілі суд прызнаць дзеянні (бяздзейнасць) зацікаўленых асоб -  Адміністрацыі Першамайскага раёна г.Мінска і Мінскага гарвыканкама - незаконнымі, неабгрунтаванымі і парушаючымі правы заяўнікоў на залічэнне ва ўстанову адукацыі - дзіцячы сад з магчымасцю атрымання адукацыі і выхавання на беларускай мове. Яны прасілі абавязаць зацікаўленых асоб прыняць у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй вычарпальныя для гэтага меры, у тым ліку арганізаваць рознаўзроставую групу з ліку дзяцей, бацькі якіх жадаюць выхоўваць і навучаць іх на беларускай мове.

Суддзя Наталля Петух у судовым вызначэнні паведамляе бацькам, што іх скарга не падлягае разгляду ў судах па прычыне непадведамаснасці.

Пісьменніца і перакладчыца Дар’я Вашкевіч, якая таксама хацела ўладкаваць сваё дзіця ў цалкам беларускамоўную групу паведаміла, што бацькі не збіраюцца складаць рукі:

Дар'я Вашкевіч. Фота: © Maria Söderberg

“Так, нам усім прапаноўвалі “раз’ехацца” па розных намінальна белмоўных групках Першамайскага раёну. А мы пісалі заяву з просьбай адкрыцця рознаўзроставай групкі ў нашым раёне. У чым нам адмовілі, бо «дзэнех на гэта ў 2018 годзе нэт». Мы падалі ў суд, але нам адмовілі ў разглядзе справы. Цягам наступных тыдняў будзем абскарджваць рашэнне суду”.

Што ж атрымліваецца? З аднаго боку, дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і абавязаная ствараць ўмовы для рэалізацыі гэтага права.

А з другога боку  гэтае права суд чамусьці расцэньвае як прымус да стварэння беларускамоўнай групы дзяцей. Менавіта так суддзя Петух і паведамляе заяўнікам:

“Са скаргі вынікае, што падаўцы дакументаў фактычна просяць аб прымусе да стварэння рознаўзроставай групы, якая складаецца з дзяцей 20-ці грамадзян, якія звярнуліся ў адміністрацыю Першамайскага раёна Мінска у любым дзіцячым садзе на тэрыторыі раёна з мэтай залічэння іх дзяцей у створаную групу для далейшага сумеснага атрымання адукацыі і выхавання на беларускай мове”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня ТБМ Алена Анісім актыўна падтрымлівае гэтых бацькоў у іх настойлівым жаданні ажыццявіць сваё права і даць дзецям адукацыю ў беларускамоўнай групе дзіцячага садка.

Алена Анісім

“Тут такая сітуацыя, што ў чыноўнікаў, якія адмаўляюць ім у гэтым праве, няма для гэтага ніякіх законных падстаў. На месцы чыноўнікаў я падумала б толькі пра тое, каб забяспечыць якасць навучання і выхавання, а не займацца адпіскамі і ўвогуле супрацьстаяць заканадаўству. Акрамя ўсяго іншага я думаю і вельмі спадзяюся, што вышэйстаячыя чыноўнікі з Міністэрства адукацыі, якія больш павінны разумець сваю адказнасць, стануць на бок бацькоў і дапамогуць ім у гэтай справе, каб усё ж такі рознаўзроставая беларускамоўная група, хаця б адна ў Першамайскім раёне была адкрытая. Я пастаянна кантактую і з бацькамі і у сваю чаргу з Міністэрствам адукацыі дзеля таго, каб гэтае пытанне вырашыць станоўча. Таму што ад станоўчага рашэння шмат што залежыць, у тым ліку і імідж сістэмы адукацыі. Пакуль што ён толькі падае”, - адзначыла дэпутат.

Больш інфармацыі пра сітуацыю з беларускамоўнымі групамі і садкамі можна знайсці па спасылцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства