Праваабаронцы прадставілі альтэрнатыўны законапраект аб свабодзе мірных сходаў Фота Відэа Дакумент
Альтэрнатыўны законапраект аб свабодзе мірных сходаў і фотавыстава пра месцы, дазволеня для іх правядзення ў розных гарадах Беларусі, былі прадстаўлены 29 чэрвеня ў мінскім Прэс-клубе. Аб спецыфіцы правядзення мірных сходаў у нашай краіне і аб неабходнасці новага закона гасцям распавялі юрыст ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч і эксперт АБСЕ, праваабаронца з Малдовы Сяргей Остаф.
Нагадаем, што на пачатку чэрвеня папраўкі ў закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" былі ў другім чытанні прыняты парламентам. Далей, пасля падпісання закона Саветам рэспублікі і Прэзідэнтам, змены ўступяць у законную сілу. Валянцін Стэфановіч распавёў, чаму гэтыя праўкі ніяк не вырашаюць існуючыя праблемы з правядзеннем у краіне мірных сходаў і не спрыяюць паўнавартаснай рэалізацыі грамадзянамі свайго права на ўдзел у іх.
«Адразу скажу, што ў той час як некаторыя дзяржаўныя органы падаюць гэтыя праўкі як нейкі прарыў і лібералізацыю, мы, праваабаронцы, лічым гэта абсалютна недастатковым крокам, бо асноўныя прэтэнзіі, якія ў нас былі і раней, застаюцца. На нашу думку, мы маем патрэбу ў прыняцці цалкам новага закона, які адпавядў бы міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і які гарантаваў бы грамадзянам рэалізацыю права на мірныя сходы».
Праваабаронца пералічыў асноўныя моманты з існуючага закона, якія супярэчаць міжнародным стандартам. Гэта вельмі малая колькасць месцаў, дзе можна праводзіць мірныя сходы, малая наведвальнасць і аддаленасць гэтых месцаў ад цэнтра, адміністрацыйных будынкаў. Бо адным са стандартаў правядзення сходу з'яўляецца яго правядзенне ў непасрэднай блізкасці ад той аўдыторыі, якой удзельнікі сходу хочуць данесці нейкую інфармацыю.
"Таксама засталася нявырашанай праблема ўскладання абавязкаў па аплаце расходаў на правядзенне сходаў на іх арганізатараў. Яны па-ранейшаму застаюцца, хоць і ўводзіцца паведамляльны парадак для правядзення мерапрыемстваў у адведзеных для гэтага месцах. Мы з гэтым катэгарычна не згодныя, лічым, што выдаткі на ўборку тэрыторыі, на ахову парадку і медыцынскае абслугоўванне мусяць ускладацца на дзяржаўны бюджэт, бо гэта пазітыўны абавязак дзяржавы - забяспечыць магчымасць рэалізацыі нашых канстытуцыйных правоў. Мы не мусим плаціць за свае канстытуцыйныя правы", - рэзюмаваў праваабаронца.
Яшчэ адным недахопам існуючага закона Валянцін Стэфановіч адзначыў шырокія, размытыя фармулёўкі. На дадзены момант фактычна любое масавае дзейства ў любым месцы можа быць расцэнена як сход, які, у адпаведнасці з заканадаўствам, падлягае рэгуляванню. Праваабаронца прывёў прыклад з чаяваннем ў віцебскай кватэры, якое суд расцаніў як масавае мерапрыемства. Закон павінен рэгуляваць менавіта мірныя сход, а не «масавыя мерапрыемствы», якія могуць быць ніяк не звязанымі з рэалізацыяй грамадзянамі сваіх правоў. Прыклад - культурна-відовішчныя, спартовыя мерапрыемствы.
Праваабаронца з Малдовы, эксперт АБСЕ Сяргей Остаф, які прымаў удзел у распрацоўцы альтэрнатыўнага беларускага законапраекта аб мірных сходах, падкрэсліў, што пры стварэнні дакумента ўлічваўся пазітыўны досвед многіх краін свету.
"Законапраект адлюстроўвае асноўныя прынцыпы па свабодзе мірных сходаў, якія ўтрымліваюцца ў кіруючых прынцыпах АБСЕ. Гэтыя прынцыпы па свабодзе мірных сходаў распрацоўваліся экспертамі з розных краін на аснове тых станоўчых практык, якія існуюць у свеце. Прычым гэта практыкі не толькі краін з даўняй дэмакратычнай традыцыяй, але і «маладых дэмакратый», у тым ліку і постсавецкіх краін".
Сяргей Остаф падрабязна распавёў пра асноўныя станоўчыя моманты законапраекта. У ім даюцца вызначэнні розных відах мірных сходаў, у тым ліку па колькасных паказчыках. Апісваюцца стыхійныя, адначасовыя і контр-сходы, і варыянты рэгулявання сходаў такога тыпу.
Плюсам закона малдаўскі праваабаронца лічыць тое, што ў ім прапісаны асноўныя прынцыпы правядзення мірнага сходу. Гэта прэзумпцыя на карысць яго правядзення (улады і паліцыя першапачаткова спрыяюць таму, каб сход адбыўся), прынцып абароны мірных сходаў (пры пагрозе яму з боку правакатараў), прынцып недыскрымінацыі (няма прыярытэтных тэматык і няма прыярытэтных месцаў для правядзення, уся грамадская прастора можа быць выкарыстана для сходаў), прынцып індывідуальнай адказнасці (пры парушэнні закона асобнымі ўдзельнікамі сходу пакаранне прымяняецца толькі ў дачыненні да іх).
У завяршэнні прэзентацыі Валянцін Стэфановіч адзначыў, што, нягледзячы на тое што ў дадзены момант рэкамендацыі праваабаронцаў не былі пачутыя, яны не страцяць сваёй актуальнасці, і ў доўгатэрміновай перспектыве альтэрнатыўны законапраект можа быць выкарыстаны як бэкграўнд новага закона.
Файлы
- Законапраект аб свабодзе мірных сходаў (0.03 Mb)