Суд вярнуў у міліцыю пратакол аб "масавым мерапрыемстве" актывісткі ЛГБТ
Суд Маскоўскага раёна адправіў назад у міліцыю пратакол, які супрацоўнікі праваахоўных органаў склалі на актывістку Вікторыю Біран, паведамляе TUT.BY.
Нагадаем, 24 траўня дзяўчына прыйшла да будынкаў КДБ, МУС і ўрада з плакатам «Самі вы падробка», яе фатаграфавала сяброўка. Такім чынам дзяўчына выяўляла пратэст з нядаўняй заявай ведамства аб ЛГБТ-супольнасці.
«МУС кажа: «ЛГБТ-супольнасць, і ўся гэтая барацьба за «свае правы», і сам дзень супольнасці - усяго толькі падробка!». А я кажу: «Самі вы падробка! Ваша публічная гамафобія, вашыя мэты ўстойлівага развіцця, ваша сяброўства ў ААН, ваша захаванне правоў чалавека - гэта падробка», - тлумачыла дзяўчына ў сацсетках свой учынак.
У міліцыі палічылі, што яна прыняла ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». На яе склалі пратакол па ч.1 арт. 23.34 КаАП і адправілі матэрыялы ў суд. Па дадзеным артыкуле пагражае пакаранне ад папярэджання і аж да штрафу або арышту.
Сама дзяўчына не змагла прысутнічаць на працэсе, таму што знаходзіцца за мяжой. Яна прасіла суд перанесці пасяджэнне на іншы дзень.
Аднак суддзя Тацяна Мотыль нечакана вынесла рашэньне: «Вярнуць матэрыялы справы ў Маскоўскі РУУС для ліквідацыі недахопаў».
Цікава, што сёння Вікторыю Біран выклікалі ў суд толькі па адным з трох здымкаў. Па астатніх двух асобна вядуць разборы Ленінскі і Цэнтральны РУУС - па лакацыі будынкаў. Магчыма, у выніку дзяўчыну будуць судзіць тройчы ў розных судах, а можа не будуць судзіць зусім.
Нагадаем, 20 траўня на сайце МУС быў размешчаны каментар з нагоды сцяга на амбасадзе Вялікабрытаніі. Ведамства назвала барацьбу ЛГБТ-супольнасці за свае правы падробкай, як і самі аднаполыя адносіны. Там заявілі, што «пераважная большасць беларусаў прытрымліваецца традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, у тым ліку хрысціянскіх», таму заявы падобнага роду - выклік гэтым каштоўнасцям.
Праз пару дзён кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей адзначыў, што «любая структура, робячы тыя ці іншыя заявы, павінна думаць аб усіх наступствах больш шырокага маштабу».